Aрцыбіскуп Станеўскі на дыяцэзіяльных урачыстасцях у Тракелях ўзначаліў Імшу ўночы
- 12 ліпеня, 2025
- Паводле Grodnensis.by
У межах дыяцэзіяльных адпустовых урачыстасцяў, якія пачаліся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радуньскі дэканат) 11 ліпеня, адбылася начная Імша пастэрка. Яе ўзначаліў старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Набажэнства традыцыйна пачалося працэсіяй. Удзельнікі неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы i молячыся ружанец.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў: «Сёння свету асабліва патрэбна надзея». «І гэта наша місія, місія вызнаўцаў Хрыста — запальваць надзею ў свеце. Менавіта мы пакліканыя абвяшчаць уваскрослага Хрыста, які адзіны перамог смерць і даў нам магчымасць дасягнуць вечнага жыцця», — заўважыў іерарх.
Ён адзначыў, што «надзея жывіцца любоўю, а крыніцай яе з’яўляецца міласэрнасць, таму невыпадкова ў гэты Юбілейны год мы звяртаем свае сэрцы да Марыі — Маці надзеі, Маці міласэрнасці».
— звярнуў увагу арцыбіскуп.

«Сучасны чалавек павінен быць міласэрным. Безумоўна, міласэрнасць не выключае справядлівасці, але яна моцна звязана з прабачэннем. Праявіць міласэрнасць да іншага чалавека – значыць прабачыць яму, асабліва калі ён пакрыўдзіў нас, зрабіў нешта дрэннае. Прабачэнне, хоць і каштуе дорага, вартае любой цаны. Яно адкрывае новыя магчымасці. Мы павінны прабачаць бясконца, бо нам самім вельмі патрэбна прабачэнне. Вось чаму пасля свайго ўваскрасення Езус устанавіў сакрамэнт паяднання як першы дар для вернікаў», — сказаў іерарх.
Таксама ён звярнуўся да тых, хто прыбыў у Тракелі ў пілігрымках:
«Дарагая моладзь! Як жа мы, дарослыя, радуемся, што вы рушылі ў пілігрымку, не пабаяліся паспрабаваць стаць пілігрымамі надзеі, нягледзячы на цяжкасці гэтага шляху.
Хачу асабліва прывітаць старэйшых вернікаў, ветэранаў пілігрымак, якія ўсе гэтыя гады былі нястомнымі пілігрымамі веры і прыкладам для нашай моладзі. Дзякуй вам, што і сёння знаходзіце сілы, каб вырушыць у пілігрымку, прайсці хоць кароткую адлегласць, памаліцца за Касцёл, за святароў, за сем’і, за нашу краіну.
Хочацца падзякаваць нашым дзеткам, якія ажыўляюць нашу надзею на будучыню Касцёла. Мы вельмі спадзяемся, што гэтыя маленькія пілігрымы будуць вернымі Хрысту і Касцёлу, кожны год будуць ахвотна прыязджаць і прыходзіць да нашай Нябеснай Матулі».
Арцыбіскуп заахвоціў «даручыць Богу праз заступніцтва Маці надзеі наш Касцёл, нашыя сем’і, наш народ, каб мы жылі ў згодзе, радасці і дастатку тут і заслужылі вечнае шчасце ў небе».

На Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсе беларускія сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарылі Езус Хрыстус і Яго Маці і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням. Таксама маліліся аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і аб міры ва ўсім свеце.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі