Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
- 13 жніўня, 2026
- Catholicminsk.by
Напярэдадні урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам сваё слова.
Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
«Марыя ўзята на неба, радуюцца хоры анёлаў»
(спеў перад Евангеллем)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння, калі мы адзначаем урачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі да нябеснай хвалы, хацелася б прыгадаць словы з Lumen Gentium — дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора, ў якіх Касцёл вызначае змест гэтай ўрачыстасці: «Маці Езуса, якая ўжо праслаўлена целам і душой у небе, будучы вобразам і пачаткам Касцёла, які павінен дасягнуць сваёй паўнаты ў будучым веку, тут, на зямлі, пакуль не настане дзень Пана (пар. 2 П 3, 10), Яна свеціць пілігрымуючаму Божаму народу як знак нязменнай надзеі і суцяшэння» (LG, 68).
Такім чынам, Унебаўзяцце нагадвае нам, што ў нас ёсць вялікая Заступніца на нябёсах, якой мы можам даверыць сваё паўсядзённае жыццё і будучыню. Папа Леў XIV у адной са сваіх катэхезаў адзначыў, што «Марыя, якую ўваскрослы Хрыстус узяў з сабою да хвалы з целам і душой, яснее як ікона надзеі для сваіх дзяцей, пілігрымуючых праз усю гісторыю», а жыццё Марыі, узятай на неба, для вернікаў з’яўляецца «пілігрымкай надзеі» і светлым адлюстраваннем чалавечага лёсу.
Унебаўзяцце Марыі — гэта дагмат Каталіцкага Касцёла, які пацвярджае, што цела Марыі пасля Яе смерці было праслаўлена. Уваскрашэнне целаў усіх людзей адбудзецца ў канцы свету, а праслаўленне цела Марыі ў выніку выключнай прывілеі ўжо адбылося. Святы Ян Павел ІІ неаднаразова зазначаў:
Марыя заўсёды служыла таямніцы Адкуплення і ніколі не засланяла Хрыста. Нават стоячы пад крыжам, Марыя не прыцягвала да сябе ўвагі, але зносіла меч болю і ядналася са сваім Сынам. Пасля Унебаўшэсця Пана, калі пачынае стварацца Касцёл, Марыя служыць Яму, Яна заўсёды разам з Касцёлам. Але Марыя, якая заўсёды вызначалася пакораю і сціпласцю, жыве ў цені апосталаў, і ўвесь час Яна паказвае на Хрыста, адзінага Збаўцу і Адкупіцеля.
Беручы прыклад з Марыі, якая не пабаялася сказаць Пану Богу «так» і прыняла Божае Слова, чалавек можа стаць прыладаю, каб упрыгожыць свет, бо ад кожнага жыхара Зямлі залежыць будучыня нашай цывілізацыі, а ад вернасці Хрысту кожнага з нас залежыць будучыня Касцёла. Асабліва гэта датычыць моладзі, якую мы нездарма называем нашай будучыняй. Моладзь зведвае ў наш час вялікія выпрабаванні і атакі злога пад рознымі яго відамі і метадамі ўздзеяння. Найсвяцейшай Панне Марыі Бог «учыніў вялікія рэчы», бо для Яго няма нічога немагчымага. Міласэрны Бог можа аздаравіць — і духоўна, і фізічна. Аздаравіць, каб распачалося аднаўленне нашай тоеснасці, каб мы набылі сапраўдную свабоду Божых дзяцей. Але мы павінны даверыцца Хрысту ў нашых расчараваннях і няўдачах. Важна пры гэтым, каб чалавек не баяўся адкрыць сваё сэрца найлепшаму Сябру і Збаўцу, бо, якія б выпрабаванні мы не зведвалі, якія б ні былі слабыя ў сваіх залежнасцях, наш Бог усемагутны.
Браты і сёстры! Чым хутчэй мы даручым Езусу нашае сэрца і прымем Божую волю, тым хутчэй наш Збаўца распачне ў нас новае жыццё. Урачыстасць Унебаўзяцця Марыі можна таксама разумець як момант выбару для кожнага чалавека — рашэнне аб тым, каму даверыць сваё жыццё і якіх каштоўнасцей прытрымлівацца кожны дзень. Гэты прывілей, які атрымала Маці Божая ў дар, мае вялікае значэнне для жыцця і прызначэння чалавецтва. Узятая ў нябесную хвалу, Марыя надалей цалкам прысвячае сябе справе збаўлення, каб адарыць кожнага з нас шчасцем, якое атрымала сама. Яна — міласэрная Маці, якая раздае сваім дзецям усё, што мае, дзелячыся перадусім жыццём і любоўю Хрыста.
Некаторыя сучасныя тэолагі гавораць, што Марыя, а менавіта Яе Беззаганнае Сэрца, з’яўляецца Божым планам нашага збаўлення. Бог ведае, як некаторыя людзі супраціўляюцца ўсяму, што сказана ў Евангеллі. Аднак Бог цярпліва стаіць перад чалавекам, якому Ён падараваў свабоду. Чалавек па сваёй волі можа паверыць і дазволіць Богу дзейнічаць у ягоным сэрцы або можа адвярнуцца ад Бога.
Мае дарагія! З Евангелля мы ведаем, што за Езусам хадзілі натоўпы людзей і многія з іх вельмі прасілі, каб Езус аздаравіў іх або іх дзяцей ад той ці іншай хваробы, ці ад апантання дэманам. І часта Езус пытаўся: «Ці ты верыш, што я магу гэта зрабіць?» (пар. Мц 9, 27-28). І калі чуў у адказ, што чалавек, які просіць аб аздараўленні, верыць, то гаварыў яму: «Няхай станецца паводле тваёй веры». І калі ў той момант чалавек меў адкрытае сэрца, поўнае веры, то тады ён спазнаваў моц Бога. Але калі меў слабую веру ці недавер, то тады нічога не адбывалася. У Евангеллі зазначаецца, што ў Назарэце Езус нікога не аздаравіў з прычыны іх нявер’я. І Езус нават здзіўляўся, што чалавек можа быць такім зацвярдзелым недаверкам, можа быць так сканцэнтраваны на сабе, што яго сэрца закрытае на Бога.
Паважаныя! Мы часта называем нашае жыццё зямной пілігрымкай, а ўсіх нас — пілігрымамі. Таму Папа Леў XIV зазначае, што «пілігрыму патрэбна мэта, якая будзе кіраваць яго падарожжам — прыгожая, прывабная мэта, што будзе накіроўваць яго крокі і даваць яму сілы, калі ён адчувае стомленасць; мэту, якая будзе пастаянна аднаўляць жаданне і надзею яго сэрца. На жыццёвым шляху гэтай мэтай з’яўляецца Бог, бясконцая і вечная Любоў, паўната жыцця, супакой, радасць і ўсялякая дабрыня. Чалавечае сэрца цягнецца да такой прыгажосці і не адчувае шчасця, пакуль яго не знойдзе; і сапраўды, існуе рызыка не знайсці яго, калі яно згубіцца ў «цёмным лесе» зла і граху. Але вось ласка: Бог выйшаў нам насустрач, прыняў нашае цела, злепленае з зямлі, і ўзяў яго з сабою — мы сімвалічна кажам: «на неба», гэта значыць да Бога. Гэта таямніца Езуса Хрыста, які стаў чалавекам, памёр і ўваскрос дзеля нашага збаўлення; з Ім непарыўна звязана таксама таямніца Марыі — Жанчыны, ад якой Сын Божы прыняў цела. З Ім непарыўна звязана і таямніца Касцёла, містычнага Цела Хрыста. Гэта адзіная таямніца любові, а значыць, і свабоды. Як Езус сказаў «так», так і Марыя сказала «так», паверыўшы слову Пана. І ўсё жыццё Марыі было пілігрымкай надзеі разам з Сынам Божым і Яе Сынам, пілігрымкай, якая праз крыж і ўваскрасенне прывяла Яе на радзіму, у абдымкі Бога. Таму, калі мы ў дарозе — паасобку, або як сям’я, або ў супольнасці, — асабліва калі збіраюцца хмары і шлях становіцца няпэўным і цяжкім, давайце падымем нашыя вочы, — заклікае папа, — паглядзім на Яе, нашу Маці, і мы знойдзем надзею, якая не расчаруе (пар. Рым 5, 5)» (Рым, паводле катэхезы 15 жніўня 2025 года).
Браты і сёстры! Няхай наша нябесная Маці, Унебаўзятая Марыя, сваім заступніцтвам дапаможа нам быць вернымі Хрысту, каб для ўсіх, каго сустракаем на сваім жыццёвым шляху, мы былі сведкамі Божага супакою, любові і надзеі.
А перажываючы ў нашай краіне Год беларускай жанчыны, час падзякі за дар жыцця і веры, якія мы атрымалі праз любоў і ахвярнае жыццё нашых матуль, просім асаблівым чынам праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай, каб і надалей Яна апекавалася і выпрошвала патрэбныя ласкі і сілы для кожнай беларускай жанчыны і нашай Радзімы.
Праз Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Паннны Марыі няхай Бог благаславіць усіх вас: у Імя Айца і Сына, і Духа святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
1 жніўня 2026 года
Ва ўспамін святога Альфонса Марыі Лігуоры