Skip to main content

Пастырскае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2026 года

5 красавіка
  • 5 красавіка, 2026
  • Catholicminsk.by

Ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч кіруе да духавенства і вернікаў сваё пастырскае слова і сардэчныя пажаданні.

Пастырскае слова
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
на Вялікдзень 2026 года

Вось дзень, які даў нам Пан.
Узрадуемся ў ім і ўзвесялімся.
(Пс 118, 24).

Дарагія браты і сёстры!

1. Гэтыя словы псальмапеўца плывуць з нашых сэрцаў, бо мы святкуем Пасху — найважнейшае свята літургічнага года. Праўда Уваскрасення з’яўляецца падмуркам нашай веры, бо калі б Хрыстус не уваскрос, то пустой была б наша вера i пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля (пар.1 Кар 15, 14), як кажа апостал Павел.

Святкаванне Пасхі не абапіраецца на чалавечыя меркаванні, а на Евангелле і Традыцыю. Хоць секулярны свет не ўспрымае праўду Уваскрасення, мы вызнаём веру ў тое, што магіла пустая, смерць пераможана і ноч чакання збаўлення скончылася.

З пустой магілы ззяе святло, якое дае нам новую надзею ў грахоўнай цемры сучаснасці.

У нашу эпоху, калі амаральнае жыццё ўзаконьваецца, Уваскрасенне Хрыста — гэта не толькі памяць і праўда нашай веры, але таксама і выклік жыць ёй. Пасха абвяшчае, што Бог не памёр і праўда не можа быць укрыжавана назаўжды, бо яна ўваскрэсне.

Калі Езуса пахавалі і ўсё здавалася страчаным, камень ад Яго грабніцы цудоўным чынам быў адвалены. Хрыстус уваскрос, а з ім і надзея, якая не разбаўлена сентыментальнасцю, а выкавана ў крыві Галготы.

2. Сёння, пагружаныя ў голасе схаваных пад маскай прагрэсу антыхрысціянскіх вучэнняў, нашыя сэрцы і думкі схіляюцца перад усемагутнасцю праўды Уваскрасення Хрыста.

Гэта не байка, не міф і не сімвал. Хрыстус сапраўды уваскрос. Ён з’явіўся Марыі Магдалене (пар. Ян 20, 11-18), сабраным у Вячэрніку апосталам (пар. Ян 20, 19-31), вучням з Эмаўса (пар. Лк 24, 13–35) і больш чым пяцістам асобам (пар. 1 Кар 15, 6).

Уваскрасенне — гэта гістарычная і слаўная падзея, першы і канчатковы знак перамогі над грахом і смерцю.

Святы Аўгустын кажа, што паколькі Хрыстус уваскрос, то наша надзея стала ўпэўненасцю (2).

Гэта азначае, што ва Уваскрослым Хрысце высечаны канчатковы лёс кожнага верніка, якім ёсць удзел у вечнай славе. Таму Уваскрасенне з’яўляецца найвышэйшым актам праўды, якая знаходзіцца ў Хрысце. Гэта праўда ў Яго асобе, і тыя, хто ідзе за Ім, ходзяць у яе святле (пар. Ян 8, 12).

3. На жаль, мы жывём у эпоху ўзаконьвання непавагі да Божага права і адкідвання праўды Евангелля. У гэтым сцэнарыі Вялікдзень з’яўляецца выклікам выбару паміж праўдай, якая ратуе, і хлуснёй, якая вядзе да маральнай смерці.

Хрыстус уваскрос не для таго, каб узаконіць двухсэнсоўнасць або кампраміс, а для таго, каб усталяваць Валадарства, якое паходзіць не з гэтага свету і патрабуе абсалютнай вернасці Яму. Таму хрысціянін не можа згаджацца з фактам адкідвання Божага закону. Ён павінен заставацца верным Божай праўдзе і не паддавацца ўплывам розных амаральных тэндэнцый, якія як «флэш» — успышка — нас асляпляюць.

Хрыстус кажа, што праўда вызваляе нас (пар. Ян 8, 32), але толькі тады, калі мы яе пазнаём, абвяшчаем, баронім і жывём згодна з ёй. Таму праўда Уваскрасення — гэта не дэкларацыя, а заклік да навяртання.

Нельга святкаваць Вялікдзень і заставацца нявольнікамі граху. Хрыстус выйшаў з магілы не для таго, каб чалавек працягваў знаходзіцца ў грахоўным балоце, а каб уваскрос у Божай ласцы і жыў у ёй.

Божая ласка не можа быць там, дзе пануе кампраміс з грахом.

4. Адраджэнне ў Духу Святым не прыходзіць аўтаматычна. Гэта плод барацьбы, у якой мы не павінны прыпадабняцца свету, а ісці за заклікам апостала Пятра: «Пакайцеся, і атрымаеце дар Духа Святога» (пар. Дз 2, 38).

Хрысціянін пакліканы да сапраўднай Пасхі ўваскрасення з грахоў і амаральных тэндэнцый, а таксама вернасці крыжу, бо толькі той, хто памірае з Хрыстом, уваскрэсне з Ім.

Уваскрасенне Хрыста — гэта пячатка дамовы паміж Богам і чалавекам. Яна не падлягае перагляду, не змяняецца з часам і не падпарадкоўваецца жаданням людзей, бо заснавана на праўдзе Евангелля.

Пасха — гэта праяўленне бязмежнай любові Бога да чалавека. Але любоў без праўды — гэта замаскіраваная пад міласэрнасць ядавітая пастка. Таму Вялікдзень заклікае не толькі абвяшчаць праўду ўваскрасення Хрыста, але таксама без двухсэнсоўнасці і занядбанняў абвяшчаць Яго вучэнне.

Мы не маем права бянтэжыць іншых нязгоднымі з маральнымі нормамі перакананнямі і паводзінамі. Наадварот, сваім хрысціянскім сведчаннем павінны ўмацоўваць іх веру, бо сумневы адносна веры адчыняюць дзверы граху.

Таму неабходна бараніць праўду Евангелля, а не прыстасоўвацца да сучасных амаральных ідэалогій.

Хрысціянства будзе секулярызавацца, калі дзеля апладысментаў свету адмовіцца ад сваёй прароцкай місіі. Мы павінны будаваць нашу будучыню не на пяску, а на скале, якой ёсць Хрыстус (пар. Мц 7, 24-27). Пасха з’яўляецца заклікам да згоднага з Божым словам жыцця, каб яно было трывалым і ўстойлівым.

Уваскрасенне Хрыста — гэта аб’ектыўная рэальнасць, а не суб’ектыўны сімвал, які кожны чалавек можа інтэрпрэтаваць па-свойму.

Мы не можам змяніць Божую праўду, бо не з’яўляемся яе ўладальнікамі, але павінны быць яе вызнаўцамі, захавальнікамі і прапагандыстамі, каб яна валадарыла ў нашым жыцці.

Яна дадзена нам не для таго, каб мы яе змянялі, але каб яна змяняла нас.

Паводле святога Аўгустына, праўда падобная да льва. Леў — кароль звяроў і яго не трэба бараніць, бо ён сам сябе абароніць. Таксама і праўду не трэба бараніць. Дастаткова яе абвясціць — і яна абароніць сама сябе (4).

Таму Вялікдзень ставіць нас перад выбарам. Мы ўсім сэрцам трымаемся атрыманай ад апосталаў праўды веры ці губляемся ў хаосе стэрыльных навінак рэлігійнай абыякавасці і мадэрнізму. Мы з уваскрослым Хрыстом ці будуем ідала на гліняных нагах?

5. Сучасную секулярную культуру можна назваць культурай упакоўкі, якая пагарджае зместам на карысць знешняй формы. На жаль, яна таксама ўсё часцей пранікае ў нашае хрысціянскае жыццё.

Аб гэтым сведчаць некаторыя сучасныя рэлігійныя практыкі. Благаслаўленне вербаў важнейшае за разважанне над маральнай нясталасцю чалавека, які сёння праслаўляе Езуса, а заўтра Яго здраджвае. Асвячэнне пасхальнай ежы важнейшае за свята Пасхі. Шлюбная фотасесія і вяселле — за сужэнскую любоў. Традыцыя хросту дзіцяці — за сутнасць гэтага сакрамэнту і абавязак бацькоў і хросных клапаціцца пра яго хрысціянскае выхаванне. Моднае першакамунійнае адзенне і падарункі — за духоўнае значэнне першай сустрэчы з Эўхарыстычным Езусам. Пампезнае пахаванне — за малітву ў інтэнцыі памерлага і г. д. І Езуса ва ўсім гэтым становіцца ўсё менш і менш.

У выніку гэтага хрысціянства замест хрыстацэнтрычнага становіцца антрапацэнтрычным. Цунамі секулярызму імкнецца скінуць Бога з п’едэсталу гісторыі свету і замяніць Яго чалавекам і бездухоўным гуманізмам. Нездарма святы Ян Павел ІІ кажа, што хрысціянін не можа задавальняцца мінімалістычнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю (пар. NMI 31).

Мы заключаем пустэчу нашых сэрцаў у прыгожую ўпакоўку. А ў той самы час адзіная сэнсоўная пустэча — гэта пустая магіла Хрыста.

Трэба памятаць аб тым, што маніпуляванне вучэннем Хрыста гасіць святло Уваскрослага, а  вернасць Яго вучэнню вядзе да такой жа славы, з якой Ён выйшаў з магілы.

6. Вялікдзень — гэта пераход ад граху да жыцця ў Божай ласцы. Але ці мы імкнёмся сведчыць праўду Увасрасення і ёю жыць? На жаль, далёка не заўсёды.

Таму вельмі актуальнымі з’яўяюцца словы Папы Льва ХIV, што Змёртвыхпаўсталы Езус праз Духа Святога заклікае нас быць Яго сведкамі нават там, дзе чалавецтва не заўважае святло на гарызонце. Верыць у Пасху азначае зрэвалюцыянізаваць нашае жыццё, каб змяняць свет хрысціянскай надзеяй (3).

Мы павінны верыць у Змёртвыхпаўстанне Хрыста так жа, як верым, што пасля захаду сонца наступнай раніцай наступіць яго ўсход.

7. Кожную нядзелю падчас Эўхарыстыі ў сімвале веры мы вымаўляем словы: «Чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце». Пасха заахвочвае нас паразважаць пра жыццё ў будучым свеце. Ці мы верым у яго? Ці верым не толькі словамі, але і сваім хрысціянскім сведчаннем? Ці гэтая праўда ўплывае на нашае жыццё?

Тэндэнцыі сучаснай культуры прапагандуюць перакананне, што няма ні вечнага жыцця, ні Бога, а нават калі Ён ёсць, то гэта не мае ніякага значэння. Няма праўды, акрамя адзінай праўды, што «праўды няма».

Самае галоўнае ў жыцці — гэта пошук прыемнасцяў, новых ўражанняў, задавальненне нашых патрэбаў і капрызаў. Мы маем права рабіць усё, чаго пажадае нашае сэрца, не задумваючыся пра наступствы, а таксама браць ад жыцця усё цяпер і тут, бо чалавек — гаспадар свайго жыцця.

Бог і Евангелле занадта патрабавальныя. Дзесяць запаведзяў — вельмі катэгарычныя. Касцёл старамодны. Замест гэтага ці не лепей папесціць сябе прыемнай і расслабляльнай атэістычнай, абыякавай да рэлігіі дрэмкай? Галоўнае — гэта добра паесці, паспаць і мець доступ да інтэрнэту.

Але Бог існуе і абяцае нам вечнае жыццё, гарантыяй якога з’яўляецца праўда ўваскрасення. Калі б хрысціянства не грунтавалася на ёй, нашыя хрысціянскія супольнасці былі б падобныя да клубаў па інтарэсах. Наша вера і пакланенне нічога б не значылі. У нас не было б надзеі і мы не змаглі б перамагчы жыццёвыя праблемы.

Але Хрыстус уваскрос. І гэта цудоўная частка гісторыі чалавецтва. Сваім уваскрасеннем Ён адкрыў нам шлях у шчаслівую вечнасць.

Няхай тады Вялікдзень будзе для нас часам праўды, якая чыніць нас свабоднымі (пар. Ян 8, 32), і часам адраджэння ў Духу Святым.

Віншую вас са святам Пасхі Хрыстовай, жадаю жыць у праўдзе Уваскрослага Езуса і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Тадэвуш Кандрусевіч
арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

29 сакавіка 2026 года
Пальмовая нядзеля

Выкарыстаная літаратура:
1.       John Paul II. Apostolic letter Novo millennio ineunte (NMI).
2.       https://www.newadvent.org/fathers/1102055.htm Letters of St. Augustine. Letter 55 (A.D. 400).
3.       https://www.vatican.va/content/leo-xiv/pl/audiences/2025/documents/20251105-udienza-generale.html.
 4.       https://catholicstand.com/truth-and-beauty/.