Skip to main content

У Радашковічах з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылася Першая Камунія 

17 мая
  • 18 мая, 2026
  • Фота: Ганна Нямковіч // Catholicminsk.by

17 мая арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах (Маладзечанскі дэканат), падчас якой 8 дзяцей прынялі Першую Камунію.

Заслужаны іерарх прывітаў дзяцей і іх бацькоў, сабраных каля ўваходу ў святыню. Затым, прамовіўшы адмысловую малітву, ён заахвоціў дзяцей, каб яны папрасілі аб благаслаўленні сваіх бацькоў. Урэшце, узначаліўшы працэсію, «прывёў» малых вернікаў да алтара.

Ад свайго імя, а таксама ад імя сабраных першакамунійных дзяцей, іх бацькоў і ўсіх парафіян дастойнага госця прывітаў ксёндз канонік Юрый Быкаў, пробашч парафіі ў Радашковічах.

Ва ўступным слове напачатку Імшы арцыпастыр узгадаў, як у 1990 годзе, калі ён быў апостальскім адміністратарам у Беларусі, яму ўдалося не без цяжкасцяў вярнуць касцёл парафіі. Ён таксама распавёў пра вялікую радасць у вачах вернікаў, якія пасля доўгага перыяду маглі прыняць удзел у святой Імшы ў яшчэ падзеленай на штучныя паверхі, але ўжо сваёй святыні. Сёння гэтую радасць падзяляюць іх унукі, якія прыступаюць да Першай Камуніі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што першакамунійная ўрачыстасць прыпадае паміж урачыстасцямі Унебаўшэсця Пана і Спаслання Духа Святога. Сутнасць яе ў тым, што Езус узнёсся на нябёсы, каб падрыхтаваць сваім вучням месца ў доме нябеснага Айца і спаслаць на іх Духа Святога, які кіруе Касцёлам і жыццём кожнага чалавека. Дзякуючы Духу Святому святар ад імя Хрыста здзяйсняе сакрамэнты, у тым ліку Эўхарыстыю.

«Першая Камунія — гэта дзень, якога дзеці чакалі з вялікай нецярплівасцю. Два гады катэхезы, экзамен, першая споведзь — і Езус прыходзіць да дзяцей не як незнаёмы, а як найлепшы сябар. Ён жадае ўвайсці ў іх сэрцы, каб застацца там назаўсёды»,

— падкрэсліў іерарх.

Чалавеку патрэбна ежа, каб жыць, расці, развівацца і працаваць. Душа патрабуе духоўнай ежы. Гэтай ежай з’яўляецца Эўхарыстыя, як «хлеб жывы, які сышоў з неба» (пар. Ян 6, 51), каб тыя, хто верыць у Хрыста, маглі жыць вечна. І менавіта гэтая ежа, па словах прамоўцы, становіцца даступнай дзецям. Нездарма Езус сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне!» (Мк 10, 14).

Арцыпастыр заахвоціў дзяцей падзякаваць Езусу за тое, што Ён прыходзіць у іх сэрцы, каб радасць, якую яны адчуваюць у дзень Першай Камуніі, засталася з імі назаўжды.

Ён таксама прыгадаў дзяцям і іх бацькам, што Першая Камунія — гэта не канец катэхізацыі і не развітанне з Езусам, а толькі пачатак эўхарыстынага жыцця з Ім: «Ён будзе чакаць падчас кожнай святой Імшы, асабліва па нядзелях і святах. Таму нельга засмучаць Яго. Абавязкова трэба прымаць удзел у святкаванні Эўхарыстыі».

Веды, якія дзеці здабылі на ўроках катэхэзы, неабходна пашыраць і ўдасканальваць. Таму арцыбіскуп заахвоціў бацькоў суправаджаць сваіх дзяцей у далейшай катэхізацыі і Эўхарыстычным падарожжы, каб яны былі радасцю і надзеяй для іх, Касцёла і грамадства.

Далей іерарх звярнуў увагу на прыродныя з’явы, якія адбываюцца вясной:

«На палях з’яўлецца ўсё больш прыгожых кветак. Адна з іх носіць назву “незабудка”. Калі выйсці на паляну, абсыпаную квітнеючымі незабудкамі, чалавеку можа здавацца, быццам бы само неба апусцілася на зямлю. Легенда кажа, што падчас стварэння свету, калі Бог раздаваў імёны ўсёй флоры, маленькая кветка шаптала: “Не забудзь пра мяне”. Адсюль яе назва і сімвалічнае значэнне – успамін пра любімых людзей».

Арцыбіскуп заклікаў першакамунійных дзяцей быць «эўхарыстычнымі незабудкамі» і карміцца Эўхарыстыяй — хлебам вечнага жыцця, каб ім хапіла сіл у жыццёвай пілігрымцы.

Яшчэ адной нагодай для запрашэння арцыпастыра было пасвячэнне бочнага алтара, прысвечанага Маці Божай Міласэрнасці, якую ў Беларусі вернікі шырока ведаюць і ўшаноўваюць. Пасля адпаведнай малітвы пасвячэння і акраплення асвячанай вадой іерарх разам са святарамі затрымаліся на хвіліну перад абразом Маці Божай у ціхай малітве.

Затым дзеці падышлі да пробашча, які кожнаму з іх запаліў іх свечку ад пасхала, што сімвалізавала святло Хрыста, якое яны атрымалі падчас хросту і аднавілі пасля першай святой споведзі. З запаленымі свечкамі юныя вернікі адказалі на пытанні галоўнага цэлебранта, вызнаючы веру ў Бога і выражаючы жаданне захаваць атрыманую Божую ласку да канца жыцця. Затым наступілі далейшыя абрады святой Імшы.

Пасля Камуніі прысутныя вернікі ўкленчылі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, каб словамі Ларэтанскай літаніі даверыць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі сваіх дзяцей, саміх сябе і свае сем’і.

Напрыканцы ўрачыстасці дзеці ў вершаванай форме падзякавалі Езусу за тое, што Ён прыйшоў у іх сэрцы, а затым у шчырых словах выразілі сваю ўдзячнасць арцыбіскупу Тадэвушу, прысутнасць якога зрабіла для іх гэты дзень незабыўным, пробашчу і катэхетам за падрыхтоўку, бацькам за выхаванне і хрысціянскі прыклад жыцця.

У сваю чаргу, дастойны іерарх асвяціў, а потым асабіста ўручыў кожнаму з дзяцей ружанцы. Ён падкрэсліў, што калі яны будуць маліцца гэтай вядомай малітвай да Маці Божай, Яна дапаможа ім супрацьстаяць граху і спакусам, каб захаваць іх сэрцы чыстымі як мага даўжэй.

Прыемным бонусам для дзяцей, іх сем’яў і кожнага жадаючага была магчымасць зрабіць фотаздымак з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.