VIII Сужэнскі баль адбыўся у Бараўлянах
- 20 мая, 2026
- Catholicminsk.by
16 мая ў Душпастырскім цэнтры імя святога Дамініка Савіо парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбыўся VIII Сужэнскі баль.
Арганізатары гэтага прыгожага мерапрыемства — сужэнствы руху Equipes Notre–Dame — суполкі Маці Божай з парафіі святога Яна Евангеліста. Ініцыятыву заўсёды падтрымліваюць душпастыры – айцы хрыстусоўцы. Гэта ўжо прыгожая традыцыя руху і парафіі.
У гэтым годзе да балю далучыліся таксама госці з Магілёва.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства Вольга і Андрэй Луцэнка, для якіх гэта ўжо шосты баль: «Баль — гэта сапраўды прыгожае, цікавае, вясёлае і нават пазнавальнае мерапрыемства. Кожны раз мы не перастаем захапляцца музыкай, танцамі, сяброўскімі ўсмешкамі, прыгажосцю дам і галантнасцю кавалераў. Баль для нас — гэта магчымасць радавацца жыццю і дзякаваць Богу за магчымасць быць разам мужам і жонкай, знаёміцца з цудоўнымі людзьмі, а яшчэ добрая фізічная актыўнасць, якая паляпшае здароўе: рух – гэта жыццё, а жыццё – гэта рух!»

Ірына і Арцём Плаксіны прымалі ўдзел упершыню, але для іх мерапрыемства таксама стала незабыўнай падзеяй: «Нават рэпетыцыі праходзілі вельмі камфортна і лёгка (калі не фізічна, то эмацыйна дакладна). Што ўжо казаць пра сам баль! Гэта быў надзвычайны досвед для нас. Мы не ведалі, як звычайна праходзіць баль, таму не мелі якіх-небудзь канкрэтных чаканняў, але прыемна здзіўленыя, на якім узроўні ўсё прайшло. Радасна, што ёсць такая ініцыятыва, гэтую справу сапраўды варта працягваць. Вялікі дзякуй за гэты цудоўны час».
На заканчэнне балю кожнае сужэнства атрымала невялікі падарунак, а пасля ўсе разам, сабраныя ў адзінае кола сяброў, падзякавалі Пану Богу за цудоўны вечар.

























