Skip to main content

Пастырскае слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята Перамянення Пана

6 жніўня
  • 3 жніўня, 2026
  • Фота: soundcloud.com //Catholicminsk.by

Напярэдадні свята Перамянення Пана Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам сваё слова.

Пастырскае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята Перамянення Пана 

«Пане, як добра нам тут быць»

                                                                      (Мк 9, 5)

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Сёння, 6 жніўня, Каталіцкі Касцёл адзначае Перамяненне Пана, якое не толькі з’яўляецца напамінам пра вечнае жыццё і ўваскрасенне, але і заахвочвае задумацца над мэтай і сэнсам нашага жыцця. Візантыйская літургія тлумачыць значэнне Перамянення Пана вельмі сцісла ў словах малітвы: «Хрыстэ, Божа, Ты перамяніўся на гары, і вучні ўбачылі Тваю славу, каб, калі Ты будзеш укрыжаваны, яны паверылі, што Ты добраахвотна аддаў Сябе; каб яны абвясцілі свету, што Ты сапраўды ёсць адлюстраваннем славы Айца».

Мае дарагія, Евангелле апавядае, што Езус, узяўшы з сабою апосталаў Пятра, Якуба і Яна, павёў іх на гару. Ён ведаў, наколькі яны стаміліся, наколькі іх сэрцы напоўненыя трывогай і сумненнямі. Езус ведаў, што самае складанае выпрабаванне чакае апосталаў наперадзе, калі яны ўбачаць муку, укрыжаванне і смерць свайго Настаўніка. Потым будзе трыумф уваскрасення Езуса, але апосталы яшчэ не разумелі гэтай праўды. Чаму ж Пан Езус пайшоў на гару Табор? Фрагмент з Евангелля паводле Мацвея, які чытаецца сёння, не дае нам выразнага адказу на гэтае пытанне. Аднак нам можа дапамагчы святы Лука, які ўзгадвае, як Езус, узяўшы з сабою толькі трох апосталаў, пайшоў на гару маліцца (пар. Лк 9, 28).

Такім чынам, Перамяненне Езуса адбываецца падчас Яго малітвы, падчас Ягонай сустрэчы з Айцом. Але падчас гэтага перамянення Езус не стаў «кімсьці іншым». Езус застаецца ўсё тым жа Месіяй, але Ён яшчэ больш стаў прасякнуты святлом, напоўніўся асаблівым ззяннем. Таму тэолагі называюць Перамяненне Пана Таямніцай святла, калі апосталам адкрываецца боскасць Езуса.

Апостал Пётр у сваім Другім пасланні нагадвае вернікам пра гэтую падзею і выразна заяўляе:

Перамяненне Езуса — гэта не фантазія ці нерэальны досвед, але гэта факт, які адносіцца да будучай славы яго Настаўніка.

Пётр кажа: я прысутнічаў асабіста пры гэтым, я гэта перажыў, я бачыў, як Бог дзейнічае. Такім чынам, Пётр абвяшчае не пра нейкі цуд, але абвяшчае Езуса Хрыста як відавочца Яго велічы (2 П 1, 16).

На гары Перамянення Сын Божы з’яўляецца цэнтральнай фігурай, Ён атрымаў гонар і славу ад Бога Айца (2 П 1, 17). Сведчанне апостала Пятра вельмі важнае сёння, калі прайшло ўжо два тысячагоддзі пасля ўваскрасення Хрыста, і ў некаторых людзей можа ўзнікнуць сумненне: «Можа, сапраўды, гэта выдумка, можа, гэта няпраўда, можа, нічога гэтага не было?»

Але хрысціянская вера грунтуецца не на міфалогіі ці на выдумках розных фальсіфікатараў, а на праўдзівых фактах, якія сапраўды адбыліся ў гісторыі чалавецтва, і Касцёл перадае гэтую праўду з пакалення ў пакаленне.

Сапраўды былі людзі, якія бачылі прыстунасць Бога і Яго Галготу, якія пралілі сваю кроў за Хрыста, якія пацвердзілі, што Езус сапраўды існаваў, Езус ёсць Сынам Бога, Езус прынёс у гэты свет Добрую Навіну, Езус збавіў грэшнае чалавецтва цаною Сваёй Найдаражэйшай Крыві.

Браты і сёстры! Евангелле гаворыць нам пра перамяненне Езуса. І тут трэба звярнуць увагу, што гэта менавіта Езус перамяніўся, а не вучні. Ягонае адзенне стала бліскуча-белым. Ён перамяніўся і тым самым паказаў вучням, што належыць да Боскай сферы. Апосталы ўбачылі, як Езус Хрыстус размаўляў з дзвюма вялікімі постацямі старазапаветных часоў — прарокамі Майсеем і Іллёй, і гэта сімвалізавала пераход ужо да Новага Запавету. Напоўнены радасцю гэтай падзеі, Пётр хоча паставіць тры шатры — адзін для Майсея, адзін для Іллі, адзін для Езуса — так, быццам Езус быў «адным з прарокаў», а не Адзіным, Сапраўдным Богам. У той момант Пётр, верагодна, яшчэ не разумее, хто такі Езус. І сам Айцец Нябесны як бы нагадвае Пятру, Якубу і Яну, пераканаўча паказваючы, што Езус — гэта Яго ўмілаваны Сын, роўны Айцу ў Боскасці (пар. Мц 17, 1-8; Лк 9, 28-36). Бог паказвае, што мы павінны слухаць Езуса, увайсці ў Яго таямніцу — таямніцу Яго мукі, смерці і Уваскрасення, і пайсці гэтым шляхам. Пайсці, каб несці святло.

Паважаныя, часта, гаворачы пра сэнс сённяшняга свята, мы чуем, што гэта мы павінны перамяняцца, гэта мы павінны ззяць, што гэта мы павінны перажыць сапраўднае навяртанне. Але Евангелле выразна падае, што гэта Езус перамяніўся, а не вучні.

Таму свята Перамянення Пана — гэта такое свята, калі чалавек павінен убачыць, што Бог часам змяняецца і аб’яўляецца, каб мы адкрылі вочы і спрабавалі прачытаць ці паслухаць пра тыя неверагодныя цуды, якія адбываюцца ў нашым жыцці.

Бог перамяняецца для нас, каб мы змаглі лягчэй паверыць у Яго блізкую прысутнасць, і менавіта гэтая блізкая прысутнасць будзе натхняць нас станавіцца іншымі, годнымі дзецьмі Божымі.

Мае дарагія, кожная гара — гэта своеасаблівы сімвал. Каб узысці на гару, трэба пераадолець пэўную адлегласць, прыкласці немалыя намаганні. Узыходзячы на гару, тыя, хто хоча дасягнуць яе вяршыні, добра ведаюць, што нельга браць з сабою шмат рэчаў, а толькі самыя неабходныя. Бо ўсё тое, што непатрэбнае ў гэтым узыходжанні на вяршыню, з часам аказваецца вялікім цяжарам. І таму шмат падарожнікаў, узыходзячы на вяршыню, час ад часу пакідаюць на гэтым складаным шляху рэчы, якія сталі ім непатрэбныя.

Нашае жыццё можна параўнаць з своеасаблівым шляхам на вяршыню. Ідучы па жыцці, мы часта заўважаем, што многія рэчы, пра якія мы так клапоцімся, з’яўляюцца прычынамі, па якіх мы часта адмаўляемся ад нашага ўзыходжання на вяршыню. Мы больш прывязаны да таго, што прыемна, а не глядзім угору, каб дасягнуць таго, што з’яўляецца каштоўным для нашай душы, каб перажыць досвед своеасаблівага Перамянення. Вяршыня гары, калі мы яе дасягнем, дазваляе глянуць на тое, што засталося ў нізіне, зусім з іншай перспектывы — усё, да чаго мы прывязваемся ў сваім жыцці, з вяршыні выглядае маленькім і мізэрным, ці ўвогуле яго не відаць. Таму кожнаму з нас варта было б паразважаць пра тое, якія баласты, цяжары і прывязанасці стрымліваюць нас ад узыходжання на вяршыню, каб быць бліжэй да нашай мэты. Але калі мы не хочам узысці на гару нават у нашым уяўленні, то, на жаль, шанца на перамену няма.

Важна таксама тое, што мы можам узяць з сабою на гэтую вяршыню, і гэта дакладна не матэрыяльныя рэчы, якія заўсёды цягнуць нас кудысьці ўніз. Мы часам забываем, што існуюць такія рэчы, якіх ніхто не можа ў нас забраць — наша дабрыня, любоў, велікадушнасць, веды, мудрасць, спачуванне, цярплівасць і вернасць Хрысту.

Няхай словы святога Евангелля, якія ў гэтае свята сёння прагучалі, дазволяць нам пайсці на нашу гару перамянення, каб па-іншаму зірнуць на сваё жыццё і навакольны свет, адчуць блізкасць прысутнасці Бога і Яго любоў і ў сваім штодзённым жыцці сведчыць пра Езуса Хрыста, нашага Збаўцу.

Браты і сёстры! Наша вера патрабуе імкнення да дасканаласці, сістэматычнасці і пакоры, але Евангелле ставіць яшчэ больш глыбокае пытанне — пра якасць нашага сэрца. Яно пытаецца не пра гармонію галасоў, а пра гармонію адносін між намі, на працы, вучобе ці адпачынку. Святы Аўгустын казаў:

«Людзі падарожнічаюць, каб дабрацца да вяршынь гор, злавіць самыя вялікія хвалі, знайсці самыя доўгія рэкі, убачыць бясконцую шырыню акіяна, заўважыць найменшы рух зорак, але яны праходзяць адзін каля аднаго без кроплі здзіўлення».

Няхай Пан падбадзёрыць усіх нас, каб мы не баяліся перамяніцца ў годных дзяцей Божых і пры гэтым дапамаглі нашым братам і сёстрам распазнаць надыходзячага Пана.

Няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога сыдзе на вас і застанецца з вамі назаўсёды: у імя Айца і Сына, і Духа святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

29 ліпеня 2026 г.
ва ўспамін святых Марты, Марыі і Лазара