Арцыбіскуп Кандрусевіч святкаваў у Гродне ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа
- 15 верасня, 2026
- Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
13 і 14 верасня арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні пробашча гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (дэканат Гродна-Захад) ксяндза каноніка Яна Пузыны прыбыў у парафіяльную супольнасць, каб разам з ёй святкаваць адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла — напярэдадні і ў сам дзень свята. Ён узначаліў дзве галоўныя святыя Імшы ў гэтыя дні.
У нядзелю, 13 верасня, ва ўрачыстай Імшы падчас гаміліі іерарх падкрэсліў, што Божае слова, якое Касцёл прапануе на 24-ю Звычайную нядзелю, засяроджваецца на цноце прабачэння і прымірэння з крыўдзіцелямі. Евангелле канцэтруе ўвагу на дзвюх ідэях: першая знаходзіцца ў адказе Езуса на пытанне Пятра: «Колькі разоў трэба прабачыць, ці ажно семдзесят сем?» (пар. Мц 18, 21-22), а другая датычыць калектыўнага вымярэння прабачэння.
Паводле Старога Запавету, крыўдзіцелю трэба было прабачыць тры разы. Пётр прапануе сем, гэта значыць, шмат разоў. Аднак Хрыстус кажа, што ён павінен прабачыць не сем разоў, а семдзесят сем, што азначае не проста шмат разоў, а столькі, колькі зграшыць вінаваты. Езус вучыць, што прабачэнне не павінна быць нічым абмежавана.

Пераходзячы да прыпавесці пра двух даўжнікоў, прамоўца узгадаў, што гаспадар праявіў міласэрнасць да свайго слугі, які не мог сплаціць вялікі доўг, але затым пакараў яго за тое, што той не дараваў свайму даўжніку значна меншы доўг. Пры гэтым Хрыстус адзначыў, што Нябесны Айцец зробіць для нас тое ж самае, калі мы не даруем бліжнім.
— нагадаў тэалагічную праўду арцыпастыр.
Касцёл скіроўвае наш позірк на Крыж, на якім Езус збавіў людзей, кажучы: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). «Гэта ўрок Хрыстовага Крыжа», — заўважыў іерарх, узгадаўшы лацінскую прыказку, якая кажа: Orbs volvitur, sed crux stat — «Зямля круціцца, але крыж стаіць». «Гэта азначае, што, хоць жыццёвыя абставіны змяняюцца, крыж застаецца. І ён з’яўляецца нашым правадніком у жыцці, якое падвяргаецца многім выпрабаванням», — растлумачыў ён.

Пасля святой Імшы ксёндз пробашч Ян Пузына перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам правёў малітву ў апошні дзень навэнны да Крыжа Езуса Хрыста. Затым прысутныя атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое ім удзяліў арцыбіскуп.
Падчас Імшы ў гаміліі, прамоўленай у панядзелак, 14 верасня, у дзень парафіяльнай ўрачыстасці Узвышэння Святога Крыжа, арцыпастыр нагадаў прысутным аб часах пераследу веры ў Рымскай імперыі ў першыя тры стагоддзі хрысціянства. Калі ў 312 годзе імператар Канстанцін змагаўся са сваімі ворагамі, на небе з’явіўся крыж з надпісам: «У гэтым знаку пераможаш». Тады ён загадаў замяніць язычніцкі сімвал рымскага бога на штандарах свайго войска на крыж, і перамог. Пасля гэтага ён абвясціў знакаміты Міланскі эдыкт, згодна з якім хрысціянству была даравана свабода.
Маці імператара Канстанціна, святая Алена, пачала шукаць Крыж Хрыста і знайшла яго 14 верасня 326 года, роўна 1700 гадоў таму, падчас пілігрымкі ў Ерузалем. З таго часу крыж стаў галоўным хрысціянскім знакам.
«У часы Рымскай імперыі крыж быў прыладай пакут і жудасных цярпенняў, а пасля смерці Хрыста на Галгоце ён стаў знакам выратавання, надзеі і будучай славы», — падкрэсліў арцыпастыр.
На гары Галгота, паводле яго, адбылося значна больш, чым проста дэманстрацыя салідарнасці Бога з чалавецтвам. «Там адбыўся святы абмен — адзін памёр замест іншых. — растлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Езус палюбіў нас і аддаў сябе за нас».
— разважаў іерарх.

Евангелле, якое чытаецца падчас Імшы, прадстаўляе размову паміж Езусам і Нікадэмам. Езус распавядае пра сваё будучае ўкрыжаванне і ўспамінае гісторыю вызвалення габрэяў ад пакарання за іх нявернасць Богу праз укусы ядавітых змеяў падчас іх падарожжа з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю. Тады Бог загадаў Майсею ўзняць на жэрдзі меднага змея. Той, хто глядзеў на яго, заставаўся жывы.
«Медны змей быў прататыпам укрыжаванага Хрыста. Езус узышоў на крыж, каб выратаваць нас. Таму крыж знаходзіцца ў цэнтры нашай хрысціянскай веры, хоць язычнікі і лічылі крыж глупствам», — сказаў прамоўца.
З чыста чалавечага пункту гледжання, разважаў далей арцыпастыр, смерць Езуса на крыжы — гэта Яго паражэнне, бо Ён абяцаў вечнае жыццё, а сам ганебна загінуў. Але крыж паказвае бязмежную любоў Бога да чалавека. Таму ён з’яўляецца сімвалам хрысціянства і знакам перамогі Езуса над злом.
«Свет без крыжа быў бы светам без надзеі; светам эксплуатацыі слабых і безабаронных; светам, у якім пакуты мелі б апошняе слова. Калі нашы чалавечыя намаганні не могуць выратаваць нас ад наступстваў граху і пераадолець несправядлівасць, то крыж ператварае рэальнасць граху і смерці ў славу вечнага жыцця.
— усклікнуў іерарх.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч прыпомніў сабраным вернікам, што пабэрнардынскі касцёл, дзе адбываецца святкаванне, быў раней самым высокім будынкам у Гродне, бо ён размяшчаецца на найвышэйшай кропцы горада. Над ім узвышаецца крыж, які заўсёды быў і надалей з’яўляецца знакам надзеі і перамогі дабра над злом. У цемры атэізму ён узносіў позірк чалавека да Бога і ззяў святлом новай надзеі.
«Так павінна застацца і сёння, у часы новых выпрабаванняў», — сцвердзіў галоўны цэлебрант, узгадваючы лацінскую прыказку Per aspera ad astra — «Праз церні да зорак». «Таму мы павінны праз крыж ісці да Бога і адзінства з Ім, ісці да перамогі над грахом і злом, ісці да так неабходнага прымірэння і нацыянальнага адзінства!» — такімі словамі завяршылася яго гамілія.
У канцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў пастырскае благаслаўленне рэліквіямі Святога Крыжа, змешчанымі на галоўным алтары.


























