У мінскай катэдры прайшло парафіяльнае свята ў гонар Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
- 14 верасня, 2026
- Catholicminsk.by
12 верасня вернікі і госці мінскай архікатэдральнай парафіі адзначылі тытулярнае свята галоўнага касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гэты дзень у парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску цэлебраваліся чатыры святыя Імшы. Святую Імшу апоўдні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Месяц верасень у Каталіцкім Касцёле багаты на марыйныя святы: свята Нараджэння Багародзіцы (8 верасня), свята Яе Імя (12 верасня), а таксама ўспамін Маці Божай Балеснай (15 верасня). Гэтыя святы не з’яўляюцца абавязковымі, аднак адпустовыя ўрачыстасці заўсёды прыцягваюць вялікую колькасць вернікаў, і сёлетнія святкаванні ў галоўным архідыяцэзіяльным касцёле не сталі выключэннем.
Літургічная цэлебрацыя распачалася прыгожым спевам у гонар Багародзіцы ў выкананні парафіяльнага хору ― «Табе навек хвала, о велічная Дзева, Тваё Імя для нас ― выток жывой надзеі». Пасля пробашч парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі прывітаў усіх прысутных, перадусім галоўнага цэлебранта арцыбіскупа Тадэвуша, біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, а таксама сабратоў у святарстве: дырэктара інтэрнэт-партала Catholic.by ксяндза Паўла Эйсманта, пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Мінску Вадзіма Мізера MIC і вікарыя гэтай жа парафіі Канстанціна Анашку MIC, пробашча парафіі Маці Божай Успамогі хрысціянаў у Бараўлянах ксяндза Казіміра Шыдэлку SDB, ксяндза Яўгена Баланёва, грэка-каталіцкага святара Яўгена Усошына, а таксама парафіянаў і гасцей катэдры.

Гамілію да сабраных прамовіў галоўны цэлебрант. Напачатку сваёй прамовы іерарх коратка расказаў гісторыю свята. Арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў, што яно было ўстаноўленае напрыканцы ХVII стагоддзя папам Інакенціем ХІ у гонар перамогі аб’яднаных хрысціянскіх войскаў над турэцкай арміяй пад Венай. Прамоўца падкрэсліў, што сучасныя вернікі таксама маюць вялікую патрэбу ў абароне сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці ад секулярнага і рэлятывісцкага ўплыву.

Заслужаны іерарх выказаў заклапочанасць якасцю духоўнага жыцця сучасных католікаў, якому часта не хапае глыбіні і сапраўднасці. «Карыкатурай хрысціянства» арцыпастыр назваў такія праявы нядбайнасці, як, напрыклад, удзел у Імшы онлайн з кубкам кавы ў руцэ ці ігнараванне рэгулярнай споведзі. Прамоўца перасцярог ад павярхоўнасці ў веры, а таксама ад празмернага захаплення тэхналогіямі, асабліва штучным інтэлектам, у тым ліку ў духоўных пытаннях.
Арцыбіскуп Тадэвуш услед за Папам Львом ХІV акцэнтаваў нязменнасць Божага закону і недапушчальнасць размывання праўдаў веры.
― навучаў арцыпастыр, заклікаючы вернікаў цвёрда трымацца Евангелля, быць яго сведкамі і не выбіраць у навучанні Касцёла толькі тое, што падабаецца.

Сёлета падчас адпустовай урачыстасці катэдральны касцёл узбагаціўся каштоўным артэфактам. Падчас працэсіі з дарамі да алтара Пана быў прынесены старажытны абраз святога Антонія, які паходзіць з канца ХVII стагоддзя. Па ініцыятыве пробашча парафіі Дзмітрыя Пухальскага ён прайшоў доўгі і карпатлівы працэс рэстаўрацыі і ў хуткім часе зойме пачэснае месца ў святыні. Абраз святога, які з’яўляецца перадусім апекуном бедных, вандроўнікаў, незамужніх дзяўчат і ўсіх, хто шукае згубленыя рэчы, для публічнага ўшанавання благаславіў арцыбіскуп Тадэвуш.

Напрыканцы святой Імшы пробашч падзякаваў Усемагутнаму Богу і Марыі за вялікі дар супольнай малітвы, арцыбіскупу Тадэвушу ― за ўзначаленне цэлебрацыі, а таксама літургічнай службе алтара, арганістам, хору і ўсім, хто клапоціцца пра ўтрыманне святыні, за адданае служэнне і запрасіў усіх прысутных да працягу святкавання ва ўнутраным дворыку катэдры.
Там парафіяльны Caritas і моладзь парафіі зладзілі пачастунак і цікавую інтэрактыўную праграму: у віктарыне на тэму гісторыі і сучаснасці мінскага катэдральнага касцёла, якую правёў ксёндз Андрэй Бурак, кожны актыўны ўдзельнік мог атрымаць смачны прыз.

У адмысловых зонах можна было даведацца пра малітоўныя рухі і групы ўзрастання ў веры, якія дзейнічаюць пры парафіі: Апостальства дапамогі душам чыстцовым, «Маці ў малітве», курс катэхізацыі для дарослых «Сымоне, ці любіш ты мяне?», «Біблійнае кола», «Зярнятка» і г.д. Кранальнай мелодыяй на скрыпцы прысутных парадавала арганістка катэдральнай парафіі і кіраўнік дзіцячага хору Сафія Голуб.


























