Skip to main content

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу ў Маладзечне ва ўрачыстасць святога Казіміра

4 сакавіка
  • 9 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Алена Каралькова, Кацярына Савянок // Фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by

У сераду 4 сакавіка, калі Касцёл успамінае святога Казіміра, вернікі аднайменнай парафіі ў Маладзечне, дзе нясуць служэнне браты капуцыны, віталі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які наведаў касцёл, каб павіншаваць парафію з імянінамі і цэлебраваць урачыстую святую Імшу.

У святочнай цэлебрацыі прымалі ўдзел святары суседніх парафій: маладзечанскі дэкан ксёндз канонін прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Ясевіч, пробашч з Жупранаў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч з Радашковічаў ксёндз канонік Юрый Быкаў, пробашч з Волмы ксёндз Юрый Бараўнёў, ксёндз Андрэй Фёдараў з парафіі святога Юзафа ў Маладзечне.

Напачатку гаміліі іерарх павіншаваў братоў капуцынаў з дзяржаўнай рэгістрацыяй свайго ордэна, падкрэсліўшы іх здольнасць і ўмеласць у будаванні касцёлаў.

Узгадаўшы аб нядаўнім перажыванні Папяльцовай серады, арцыбіскуп выказаў шкадаванне, што, «на жаль, і далей адбываецца пасыпанне попелам зямлі і народаў». Просячы Бога аб перамяненні сэрцаў варожых у сэрцы міласэрныя і спачувальныя, ён маліўся, каб па прыкладзе заступніка, святога Казіміра, людзі маглі кожны дзень славіць Пана праз Марыю пад мірным небам.

Арцыпастыр разважаў над тым, што сучасны свет перажывае нялёгкі час:

«Калі мы чуем пра цярпенні, катастрофы, войны, то міжволі хтосьці можа ўсклікнуць: “Навошта Бог дапускае такія мукі?”. А Пан у кнізе прарока Ісаі кажа: “Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі” (Іс 58, 1).

Бог звяртаецца да чалавечага сумлення і заклікае да пакаяння, выпраўлення нашага жыцця, бо жадае сустрэчы з намі.

Таму святы Папа Клімэнт у свой час заахвочваў вернікаў Касцёла ў перыяд Вялікага посту словамі: «Давайце пройдзем па ўсіх этапах гісторыі і зразумеем, што ў кожным пакаленні Пан даваў магчымасць раскаяцца тым, хто хацеў да Яго вярнуцца». Таму, як кажуць словы Святога Пісання: ”Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёю, ды асілак — сілаю сваёю, багаты — сваім багаццем; але калі хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разважлівы і пазнае Пана, бо Пан чыніць міласць, суд і справядлівасць на зямлі” (пар. Ер 9, 23–24; пар. 1 Кар 1, 31)».

Арцыпастыр падкрэсліў, што дабро застаецца дабром нават тады, калі ніхто яго не робіць і не лічыць дабром. А зло застаецца злом нават тады, калі яго здзяйсняюць многія. Таму важна арыентавацца ў сваім жыцці не на меркаванне гэтага свету, не на ўласныя, а на Божыя, планы. Варта імкнуцца стаць на дарогу, якую Бог выбраў для чалавека.

Святы Францішак Сальскі ў сваім творы «Філатэя, або Шлях да пабожнага жыцця» пісаў, што «пры стварэнні свету Бог загадаў раслінам прыносіць плод паводле роду свайго (Быц 1, 11). Гэтаксама і хрысціянам, якія з’яўляюцца жывымі раслінамі Яго Касцёла, Ён загадаў прыносіць плады пабожнасці, кожнаму паводле свайго стану і паклікання. Пабожнасць павінна практыкавацца па-рознаму ўладаром, рамеснікам, удавой, незамужняй дзяўчынай і замужняй жанчынай». На думку святога Францішка Сальскага, трэба, каб кожны развіваў пабожнасць ў адпаведнасці са сваімі сіламі, заняткамі і абавязкамі.

«І ў гэты час, у які Бог паклікаў і выбраў нас, розныя ёсць дары, якімі Пан надзяліў людзей, —  падкрэсліў арцыбіскуп. —  Аднак без дапамогі Духа Святога ніхто з нас не можа сказаць, што Панам ёсць Езус. У кожны час Бог дае вецер. І нашым абавязкам, магчымасцю і пакліканнем ёсць тое, каб адпаведна настроіць ветразі і выкарыстаць гэты вецер — ласку Божую, дадзеную нам.

Святы Казімір чалавек, які выкарыстаў у свой час ласку ад Пана. Нягледзячы на тое, што быў нашчадкам каралеўскага трону, ён часцей бываў у касцёле, чым у палацы».

Пра пабожнасць гэтага святога Мітрапаліт Станеўскі узгадаў словамі з кнігі ксяндза А. Ліпніцкага «Жыццё, цуды і гонар святога Казіміра» 1858 года, якая напісана на падставе першага жыццяпісу, складзенага біскупам Захарыяй Ферэры ў 1520 годзе: «На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцелі, пакрыёма выходзіў з пакою, адзін, босы, прыбягаў да замкавай святыні і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніцма перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку…».

Арцыбіскуп між іншым заўважыў, што святы Казімір, па некаторых меркаваннях, быў аўтарам гімна ў гонар Багародзіцы «Omni Die» (поўная назва «Omni die dic Mariae» — «Кожны дзень слаў Марыю»), вядомы пад яго імем і ўжываны ў касцёле ад 1499 года.

У 1483 годзе хворы на сухоты Казімір прыехаў у Вільню, а на Каляды наведаў Гродна. Хвароба імкліва развівалася, таму на світанку 4 сакавіка 1484 годзе ў Ніжнім замку на 26-м годзе жыцця каралевіч памёр. Яго цела было ўрачыста пахавана ў капліцы віленскай катэдры, заснаванай каралём Казімірам, ягоным бацькам. «І гэта быў Божы план на жыццё святога Казіміра, — падкрэсліў іерарх. — Сёння тое жыццё, якое мы перажываем, —  гэта Божы план на жыццё і пакліканне кожнага з нас».

Спатрэбілася больш стагоддзя, каб 7 лістапада 1602 года з’явілася була з пацвярджэннем факта кананізацыі святога Казіміра. За тры дні да ўрачыстасці, якая павінна была адбыцца ў сувязі з гэтым, труна каралевіча была адкрыта, і выявілася, што яго цела цалкам захавалася; пры галаве ляжаў узгаданы гімн, які святы Казімір часта прамаўляў на хвалу Маці Божай.

«Кожны мае сваю дарогу ад Пана. І калі будзем трымацца Божага наказу і прыслухоўвацца да Божай парады, то, з упэўненасцю, перамога будзе за намі. Кожны святы мае сваю гісторыю жыцця, і кожны грэшнік мае сваю будучыню», падсумаваў арцыпастыр.

«Папа Бэнэдыкт XVI казаў: “Колькі людзей, столькі дарог да пазнання Пана Бога, або да святасці”.

Умілаваныя браты і сёстры, заахвочваю вас да малітоўнай засяроджанасці, да практыкі супольнай малітвы ў сем’ях, на працы і ў іншых месцах нашага прабывання.

Мы, людзі ХХІ стагоддзя, мала молімся, мала адкрываем свае сэрцы на ласку Пана, мала разважаем перад абліччам Бога над сваім пакліканнем, над мэтаю свайго жыцця. Нам трэба размаўляць і раіцца з Езусам пра шляхі вырашэння нашых праблем, пра выйсце з пэўнай складанай сітуацыі. Сёння мы больш патрабавальныя і свавольныя… Езус жа перад сваёю мукаю шчыра маліўся — «моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш» (Лк 22, 44). А вучняў, якія не вытрывалі ў малітве нават адну гадзіну, Хрыстус дакараў: «Чаму вы спіце?» (Лк 22, 46). Сапраўды, як зазначаў святы Ян Хрызастом, «заставацца ў целе — гэта барацьба».

Прамоўца заахвоціў падчас Вялікага посту, як золатам, упрыгожваць свае дамы ўмеркаванасцю і пакораю, добрымі ўчынкамі, аздабляць верай, велікадушнасцю і міласцінай, рабіць так, каб яны заззялі святлом справядлівасці і прабачэння, паяднання і згоды:

«Няхай малітва стане вянцом у будоўлі дому, які вы рыхтуеце для Пана Бога. Бо ў гэтым доме — у доме чалавечага сэрца — мы прымем і сустрэнем уваскрослага Пана».

Напрыканцы гаміліі Мітрапаліт Юзаф даверыў усіх прысутных апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра з просьбай аб дапамозе ў распазнанні паклікання і аб вытрываласці на дарозе да святасці на ўзор святога Казіміра, нашага нябеснага заступіка. 

Пасля літургіі арцыпастыр таксама павіншаваў жанчын парафіі з надыходзячым Міжнародным жаночым днём і пажадаў ім на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі з Божай дапамогай умець прымаць сваё пакліканне, бо «з Хрыстом і радасць, і клопат, і боль на гэтым шляху вядуць да шчасця».

Кульмінацыяй віншаванняў стала песня пра маму, якую прыгожа заспяваў сам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.