Skip to main content

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі абвясціў дэкрэты на ўстанаўленне канонікаў Магілёўскага калегіяльнага капітула

24 кастрычніка
  • 26 кастрычніка, 2026
  • Тэкст і фота: Ганна Якімовіч // Catholicminsk.by

24 кастрычніка 2026 года стане памятнай датай для ўсіх прысутных на ўрачыстай святой Імшы святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў архідыяцэзіі, якая адбылася ў магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з нагоды пятай гадавіны служэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага: яны сталі сведкамі прызначэння новых канонікаў Магілёўскага калегіяльнага капітула Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага. 

Гэтая падзея стала важнай не толькі для святароў, прызначаных канонікамі, але і для ўсёй супольнасці архідыяцэзіі. Прыняўшы новае служэнне, яны ўзялі на сябе адказнасць перад Касцёлам і вернікамі.

Нагадаем, што 6 верасня ў Бялынічах адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, прысвечаная 265‑годдзю каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай, падчас якой Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў важную падзею ў жыцці архідыяцэзіі: заснаванне Магілёўскага калегіяльнага капітула пры конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Апекунамі новаўтворанага капітула з’яўляюцца: Найсвяцейшая Панна Марыя Бялыніцкая, Каралева Беларусі, якая з XVI стагоддзя апякуецца жыхарамі Магілёўшчыны; і святы Антоній Падуанскі, які з XVI стагоддзя з’яўляецца апекуном горада Магілёва. Гэтыя два вялікія апекуны з’яўляюцца духоўнымі слупамі капітула, яго абаронай і натхненнем у служэнні Богу і людзям.

Арцыбіскуп Станеўскі абвясціў тады, што біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прызначаецца грэміяльным канонікам Магілёўскага калегіяльнага капітула і ўступае ў служэнне дэкана капітула.
 

Сярод асноўных заданняў капітула — удзел ва ўрачыстых літургічных цэлебрацыях у калегіяльным касцёле ў Магілёве, у святынях Магілёўскай вобласці і ўсёй архідыяцэзіі; падтрымка арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага парадай у пэўных сітуацыях; паглыбленне культу Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія.

Для першых канонікаў новастворанага Магілёўскага калегіяльнага капітула гэта вялікі гонар і пачэсная місія, якая ўскладае на іх асаблівую адказнасць. Сваім служэннем, удзелам у літургіі і асабістым прыкладам яны пакліканыя спрыяць умацаванню веры і надзеі, будаваць еднасць і сведчыць пра хрысціянскую любоў.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі увёў у склад Магілёўскага калегіяльнага капітула Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага наступных святароў:

Грэміяльныя канонікі:

  • Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB — дэкан.
  • Ксёндз канонік Юзаф Сярпейка — кусташ.
  • Ксёндз канонік Павел Сідарэнка — пенітэнцыярый.
  • Ксёндз канонік Уладзімір Русак — цырымоніймайстар.
  • Ксёндз канонік Дзмітрый Чупрын — сакратар.
  • Ксёндз канонік Генрых Кучынскі.
  • Ксёндз канонік Віталій Стрыга.
  • Ксёндз канонік Павел Шылак.

Ганаровыя канонікі:

  • Ксёндз канонік Павел Эйсмант.
  • Ксёндз канонік Казімір Шыдэлка SDB.

«Магілёўская архідыяцэзія мела свой Капітул, і сёння распачынаецца новы этап яго гісторыі. Гэта гісторыя ў новых абставінах і з новымі канонікамі, але з нязменнай мэтай: Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць. Няхай іх служэнне стане сведчаннем вернасці Богу, Касцёлу і народу, а таксама дапаможа ўмацоўваць веру, будаваць еднасць і паглыбляць пашану да Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія — апекуноў Магілёўскага краю»

— пажадаў Мітрапаліт новым канонікам.