Skip to main content

Малітва за біскупа і Папу: У галоўным касцёле Мінска ўшанавалі святога Юрыя

23 красавіка
  • 24 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Таццяна Каралевіч // Catholicminsk.by

23 красавіка ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Юрыя Велікамучаніка. Гэты святы з’яўляецца нябесным заступнікам біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

З гэтай нагоды ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў дастойны імяніннік. Разам з ім раздзялілі свята арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз канонік Юрый Ясевіч, асабісты сакратар Мітрапаліта, які таксама ў гэты дзень святкаваў свае імяніны, святары і вернікі, сярод якіх былі прадстаўнікі Шэнштацкага руху і апостальскага руху «Маргарытка».

Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку ён сцісла ўзгадаў біяграфію святога заступніка дня.

Юрый паходзіў з Лідды — горада, які ўзгадваецца ў Дзеях Апосталаў. Ён нарадзіўся, калі яго бацькі былі ў старэйшым узросце. У маладосці паступіў у рымскі легіён, дзе служыў паспяхова і неўзабаве стаў афіцэрам.

Падчас пераследу хрысціян у часы імператара Дыяклетыяна (пачатак IV стагоддзя) Юрый адмовіўся скласці ахвяру паганскім багам. За гэта ён выцерпеў жорсткія катаванні і памёр у Нікамедыі (або, паводле іншых крыніц — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гадамі.

Ганаровы іерарх, складаючы віншаванне прысутным у архікатэдры імяніннікам, таксама прыпомніў, што ў гэты дзень адзначаў бы свае імяніны Папа Францішак, які адышоў да Пана 21 красавіка. Падчас святога хросту спачылы Пантыфік атрымаў імя Хорхе, што з’яўляецца іспанамоўным адпаведнікам імя Юрый.

Звяртаючыся да паходжання імя Юрый, арцыпастыр адзначыў, што грэчаскае слова Georgos, у сваю чаргу паходзіць ад ge — зямля і ergon — праца, таму этымалагічна Юрый — гэта «земляроб». Арцыбіскуп Кандрусевіч назваў Папу Францішка «Божым земляробам», які апрацоўваў раллю ўсяго свету. Іерарх звярнуў увагу на тое, што Папа быў мужным абаронцам веры, як святы Юрый, але адначасова ўмеў быць побач з людзьмі, схіліцца над іх патрэбамі. Разам з тым, хоць ён і не памёр мучаніцкай смерцю, канец яго жыцця быў адзначаны цярпеннем хваробы, якое Папа ахвяраваў у інтэнцыі міру і братэрства паміж народамі.

Напрыканцы гаміліі арцыпастыр прамовіў словы малітвы да святога Юрыя: «Усемагутны вечны Божа, праз заступніцтва святога Юрыя, дай нам сілы ў барацьбе з нашай слабасцю і дазволь нам цалкам ачысціцца ад плямы нашых грахоў і заззяць бляскам новага жыцця». І дадаў: «Праз заступніцтва святога Велікамучаніка Юрыя дазволь твайму слузе, Папу Францішку, сузіраць цябе ў вечнасці».

Пасля благаслаўлення біскупы, святары і міністранты затрымаліся перад алтаром, каб у перыяд Вялікадня чарговы раз памаліцца за спачылага Папу словамі старадаўняй лацінскай малітвы Regina cooling, laetareУладарка неба, усцешся»).