ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ: Дзеці з Мар’інай Горкі зладзілі каляднае выступленне для пастаяльцаў мясцовага дома-інтэрната
- 30 снежня, 2024
- Тэкст: Сняжана Буцук, фота з архіва парафіі св. Антонія ў Мар’інай Горцы // Catholicminsk.by
Больш за 2000 год таму ў далекім горадзе Бэтлееме, ў халоднай пячоры нарадзілася Дзіцятка – Збаўца Свету, Цар Усіх Цароў. І далі імя Яму – Езус.
Не ў залатую калыску паклала яго Маці, а ў простыя яслі. Сваім Уцелаўленнем Збавіцель выказаў нам непамерную любоў Бога да ўсіх людзей. І кожны год, адзначаючы Свята Нараджэння Езуса Хрыста, мы самі прыкладаем намаганні, каб падзяліцца з нашым асяроддзем пяшчотай, дабрыней, верай і любоўю, асабліва з людзьмі хворымі, адзінокімі і церпячымі.
Так і зрабілі дзеткі з касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы. У нядзелю 29 снежня разам з настаяцелем кс. Генрыхам Кучынскім яны здзейснілі вандроўку з каляднай пастаноўкай у дом-інтэрнат “Семейный очаг”, што знаходзіцца ў вёсцы Новы Уборак Пухавіцкага раёна.
Стала ўжо добрай традыцыяй, што адзінаццаты год запар каталіцкі дзіцячы гурт “Пухавіцкія Пярлінкі” прыязджае сюды са сваімі каляднымі спектаклямі і спевамі, дорачы пастаяльцам радасць і дабрыню, цеплыню і ўсмешкі. А гледачы заўседы з хваляваннем чакаюць малых артыстаў, потым з задавальненнем удзельнічаюць у імпрэзе і доўга пляскаюць у далоні.
І ў гэтым годзе гадзіннае прадстаўленне са спеваў, гульняў і танцаў праляцела вельмі хутка. Найбольшую цікавасць у гледачоў выклікала гульня ў папяровыя снежкі, якую зладзілі маладыя артысты. Гледачы ж не толькі даведаліся з калядак пра гісторыю Нараджэння, але і спявалі, і танчылі разам з малымі артыстамі, а напрыканцы атрымалі салодкія пачастункі.
У зале панавала вельмі цеплая, радасная, лагодная атмасфера. Дзеці падзяліліся любоўю сваіх сэрцаў і яшчэ раз расказалі аб тым, што Бог – ёсць Любоў; што Бог любіць кожнага чалавека незалежна ад стану яго здароўя, знешняга выгляду, нацыянальнасці, альбо мовы. Бог любіць бязмежна і ніколі не пакіне і не падмане. Выступленне скончылася гучнымі апладысментамі і запрашэннем прыехаць у наступным годзе.