Skip to main content

Дзеля душаў чысцовых: духоўная сустрэча Апостальства дапамогі душам чысцовым адбылася ў Мінску

12 красавіка

12 красавіка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся дзень засяроджання для ўдзельнікаў малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чысцовым.

Сустрэча распачалася ўрачыстым уваходам у юбілейную святыню. На пачатку працэсіі ксёндз канонік Ігар Лашук, адказны душпастыр апостальства ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прачытаў юбілейную малітву, завяршыўшы яе просьбаю да Нябеснага Айца і праслаўленнем: «Няхай ласка Юбілею ажывіць у нас, пілігрымах надзеі, прагненне нябесных дабротаў і пралье на ўвесь свет радасць і спакой нашага Збаўцы. Табе, благаслаўлёны вечны Божа, хвала і пашана навекі!»

Пробашч архікатэдры ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, вітаючы пілігрымаў, якія належаць да малітоўнага руху, сказаў: «Сёлетні юбілейны год мы адзначаем як Год надзеі… Нам, хрысціянам, асабліва тым, хто пастаянна моліцца ў інтэнцыі душаў чысцовых, добра вядома, наколькі важная сапраўдная хрысціянская надзея.

Мы верым і спадзяёмся, што нашая малітва дапаможа тым, хто пераступіў парог вечнасці, хутчэй стаць перад Богам у Яго Валадарстве».

«Вашая сустрэча ў гэтай юбілейнай святыні адбываецца напярэдадні найважнейшага хрысціянскага свята — Пасхі. Праз некалькі дзён мы зноў будзем перажываць таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Таму няхай сённяшні дзень засяроджання дадасць вам неабходных сілаў і прынясе яшчэ большае разуменне вялікай пасхальнай таямніцы», — завяршыў сваю прамову святар.

Вернікі з асаблівай цікавасцю слухалі змястоўны даклад ксяндза каноніка Ігара Лашука, прысвечаны вучэнню Каталіцкага Касцёла пра чысцец і важнасці дару адпустаў. Святар нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, які адзначаў, што «чысцец — гэта працэс перамены, непазбежны па прычыне ўнутранай неабходнасці, працэс, у якім чалавек набывае здольнасць яднацца з Хрыстом, з Богам, а праз гэта — з усёй супольнасцю святых».

«Чалавек не можа пазбегнуць кары за свае грахі, але не варта чакаць смерці і стану чыстца, каб адпакутаваць за іх. Мы можам прайсці праз ачышчэнне падчас зямнога жыцця, а не толькі пасля смерці.

Зямное жыццё дадзена нам менавіта для таго, каб мы падчас яго апрануліся ў новага чалавека — навучыліся любіць Бога і бліжняга, а пасля смерці сталі жыць у доме Айца разам з анёламі і святымі»,

— сцвердзіў дакладчык.

Падкрэсліваючы значэнне ў жыцці верніка адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, ксёндз Ігар распавёў слухачам пра асаблівую малітоўную практыку ў стаўбцоўскай парафіі святога Казіміра, пробашчам якой ён з’яўляецца: «У нашай парафіі мы пачалі праводзіць Святую гадзіну, якая адбываецца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у першы чацвер месяца. На яе прыходзіць шмат людзей. У Вялікім посце мы стараемся праводзіць яе кожны чацвер. Напрыклад, пазаўчора на адарацыю прыйшло каля 60-і чалавек, нягледзячы на тое, што гэтае набажэнства адбываецца позна вечарам, з 23-й да 24-й гадзіны».

«Перад намі Вялікі чацвер, калі адбылося якраз тое, што тычыцца гэтай гадзіны адарацыі і прабывання перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Карыстаймася вялікаю Божаю ласкаю, якая сплывае на нас праз адарацыю!» — заклікаў прысутных святар.

Святую Імшу ў дзень засяроджанасці ўдзельнікаў руху Апостальства дапамогі душам чысцовым узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У ёй прынялі ўдзел таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, ксёндз канонік Ігар Лашук і ксёндз Андрэй Сіповіч, пробашч мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, бікуп Касабуцкі прамовіў: «Мы перажываем гэты год як пілігрымы надзеі. <…>

Кожны дзень нашага жыцця — гэта пілігрымаванне, якое вядзе нас да брамы вечнасці. Той, хто на зямлі не змог прайсці гэтую пілігрымку так, каб адразу ўвайсці ў неба, пройдзе пэўны перыяд ачышчэння. І Апостальства дапамогі душам чыстцовым — адна з такіх яскравых формаў практычнай, рэальнай і дзейснай дапамогі тым людзям, якія праходзяць такое ачышчэнне.

Каля 8000 чалавек толькі ў нашай краіне далучылася да гэтага руху. І кожная ваша малітва плённая. <…> Нібы маленькія ручайкі, такія малітвы сцякаюцца ў адну вялікую раку, што дае прахалоду душам у чыстцы. Карыстаючыся нагодаю, хачу падзякаваць вам за гэта».

Радасна тое, што на сустрэчу прыехалі не толькі ўдзельнікі Апостальства з мінскіх парафій, але і з больш аддаленых Фаніпаля, Стоўбцаў, Смалявічаў, Бараўлянаў і нават Барысава. Сустрэча завяршылася падзякаю Пану Богу і ўсім прысутным за ўдзел у дні засяроджання.