Біскуп Яшэўскі ў свята Ахвяравання Пана: “Сустрэўшыся з Богам у сакрамэнце Хросту, не разлучайцеся з Ім ва ўсе дні жыцця”
2 лютага
4 лютага, 2025
Тэкст: Дар’я Семянько, фота Юрый Стэльмах // Catholicminsk.by
У нядзелю, 2 снежня, у старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі свята Ахвяравання Пана. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
На пачатку сваёй гаміліі біскуп нагадаў прысутным вернікам, што ў гэты дзень Панна Марыя разам са святым Юзафам прыйшлі ў Ерузалемскі храм, каб па законе прынесці туды сваё Дзіця. Таксама іерарх прапанаваў успомніць, з чым быў звязаны гэты закон:
“Усім нам неабходна ўспомніць, як некалі Бог загадвае Майсею вывесці ізраэльскі народ з Егіпта. Фараон пярэчыў гэтаму наказу Бога і як не жадаў выканаць тое, пра што прасіў яго Майсей. Адзінае, што прымусіла ўсё ж фараона саступіць, – гэта страшнае пакаранне смерцю ні ў чым не павінных немаўлятаў-першынцаў егіпецкіх. Жахнуўся фараон, уздрыгнуў увесь Егіпет, бачачы ў гэтым руку Божую, якую немагчыма спыніць. Толькі тады фараон прымае рашэнне выпусціць Ізраэль з Егіпта. І калі Майсей вёў свой народ у зямлю абяцаную, Бог загадаў, каб усякае немаўля мужчынскага полу, якое нараджаецца першым, як уласнасць Божая, набытая крывёю егіпецкіх першынцаў, было прысвечана Богу”.
Панну Марыю з Дзіцяткам Хрыстом на руках і святога Юзафа ў Ерузалемскім храме сустрэлі праведны Сімяон і прарочыца Ганна. Менавіта на гісторыі жыцця Сімяона і засяродзіў увагу біскуп Яшэўскі:
“Сімяон быў адным з 70-і перакладчыкаў, якія ў III стагоддзі да нараджэння Хрыста пры каралі Пталамеі Філадэльфе ў Александрыі перакладалі Святое Пісанне з габрэйскай на грэчаскую мову для гэтага егіпецкага караля. Яму дасталася для перакладу кніга прарока Ісаі, які вельмі шмат прарочыў пра Езуса Хрыста. Перакладаючы тое месца, дзе Ісая кажа, што «вось Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл» (Іс 7,14), праведны Сімяон падумаў, што, па ўсёй бачнасці, у тэкст укралася памылка, – не можа дзева нарадзіць, і калі нараджае, то нараджае жанчына – жонка. Ён сцірае слова «дзева» і хоча ўпісаць туды слова «жонка», і ў гэты самы момант анёл Божы бярэ за руку Сімяона і загадвае яму не рабіць гэтага выпраўлення. Ісціна, пра якую казаў прарок Ісая, сапраўды споўніцца, і ён, Сімяон, стане сведкам яе выканання і не памрэ да таго часу, пакуль не спраўдзіцца напісанае”.
Сімяон быў вельмі стары, цялесныя вочы яго аслаблі, але незамутненым заставаўся яго духоўны позірк, бо ён пазнаў у маленькім Дзіцяці прадказанае збаўленне ўсіх народаў. На думку біскупа Аляксандра, гэта вельмі каштоўны для нас прыклад:
“Мы часта гаворым, што няма нічога больш каштоўнейшага, чым смерць за Хрыста. Гэта правільна, і невыпадкова Касцёл так услаўляе святых мучанікаў. А калі ўглядаешся ў выяву святога Сімяона, то бачыш тут іншую каштоўнасць, дасканаласць гэтага чалавека, а менавіта тое, што ён жыў дзеля Хрыста, ён жыў чаканнем сустрэчы з Хрыстом”.
Іерарх падкрэсліў, што веруючыя, напэўна, зайздросцяць праведнаму Сімяону, што на захадзе жыцця ён усё ж сустрэўся Езусам Хрыстом і нават трымаў Яго на сваіх руках.
“Тым не менш, мы, цяперашнія хрысціяне, паслядоўнікі нашага Збавіцеля, сыны і дачкі нашага Святога Касцёла, значна шчаслівейшыя за праведнага Сімяона і прарочыцы Ганны. Бо кожнаму з нас, веруючым людзем, дадзена магчымасць неаднойчы і не толькі ў святыні сустрэць Хрыста, але і на ўсялякім месцы нашага зямнога быцця. Нам дадзена магчымасць мець Хрыста ў сваім сэрцы, і гэта нашмат важней”, – заўважыў біскуп.
Хрыстовы Касцёл дае людзям шмат магчымасцяў сустрэць Бога праз сакрамэнты, але – як адзначыў біскуп – большасць з людзей гэтымі магчымасцямі не карыстаецца:
“Нам здаецца, што сустрэча з Богам накладзе некаторыя абмежаванні на нашу свабоду, і я не змагу здзяйсняць усяго таго, што мне хацелася б. А так мне хочацца атрымаць усе даброты тут, на зямлі, і не чакаць, калі наступіць вечнае шчасце, і не працаваць дзеля гэтага, адмаўляючы сабе ва ўсім!”
Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр Яшэўскі сцвердзіў, што свята Ахвяраванне Пана нагадвае нам пра неабходнасць задумацца над тым, што наша сустрэча з Богам адбываецца пры здзяйсненні любой добрай справы:
“І калі мы так будзем жыць, калі ў кожным чалавеку мы пастараемся ўбачыць Бога, незалежна ад таго, кім з’яўляецца гэты чалавек, тады сапраўды, мы не толькі годна выканаем свой хрысціянскі абавязак, але і адбудзецца сустрэча Бога з чалавекам і чалавека з Богам!”