Skip to main content

Адбылася чарговая аўтапілігрымка вернікаў з Багданава па касцёлах Беларусі

Жнівень 2026 года
  • 20 жніўня, 2026
  • Тэкст і фота: вернікі парафіі // Catholicminsk.by

У жніўні бягучага года вернікі парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі дэканат) разам з пробашчам, ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом, і сястрой Аленай Дварэцкай здзейснілі пілігрымку па касцёлах Беларусі.

Чарговая вандроўка па святых месцах нашай краіны стала працягам добрай традыцыі, якая ўсталявалася ў апошнія гады ў парафіі. Такія ініцыятывы цудоўна аб ядноваюць і моладзь, і старэйшых людзей, а таксама ствараюць адпаведную малітоўна-сяброўскую атмасферу.

Падарожжа распачалося з наведвання касцёла святога Юрыя ў Варнянах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), дзе служыць святар Віктар Захарэўскі — наш зямляк з суседняй парафіі Гальшаны (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат), якога многія багданаўскія вернікі памятаюць маленькім міністрантам. Цёпла сустрэўшы пілігрымаў, варнянскі пробашч паблагаславіў  іх на распачаты шлях і распавёў гісторыю свайго касцёла.

Шлях пілігрымаў пралягаў праз святыні Браслаўшчыны.

Чарговай святыняй у праграме пілігрымаў быў касцёл святога Андрэя ў Лынтупах (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) — бачны здалёк, бо стаіць на ўзвышшы ў самым цэнтры мясцовасці. Ён адметны сваім інтэр’ерам, незвычайнай архітэктурай і каштоўным абразом святой Ганны.

Камайскі касцёл святога Яна Хрысціцеля захапіў пілігрымаў і сваім выглядам, бо будаваўся як рэальная крэпасць, і каменным крыжам XVI стагоддзя каля святыні. Касцёл ніколі не зачыняўся з моманту пабудовы, нават у савецкі час.

Далейшы шлях пралягаў праз Паставы і праз галоўны высотны арыенцір горада — неагатычны касцёл святога Антонія Падуанскага, жывапісна размешчаны на натуральнай выспе.

Лучай уразіў вернікаў манументальным жывапісам святыні святога Тадэвуша і паркам-музеем вакол касцёла з фігурамі апосталаў і святых. Дарэчы, тут з явіўся адзін з першых у свеце помнік папу Бенэдыкту XVI.

Наступны храм, да якога завіталі пілігрымы — гэта касцел Найсвяцейшай Тройцы ў Відзах (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат), адзін з самых высокіх  і самых вялікіх ў Беларусі.

Далей на шляху пілігрымаў быў касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Опсе. Гэты помнік неагатычнага дойлідства не раз цярпеў пасля пажараў, але быў адноўлены і сёння прыцягвае ўвагу сваёй веліччу і прыгажосцю.

Канчатковай мэтай падарожжа стаў Браслаў, дзе вернікі змаглі і палюбавацца бясконцай прыгажосцю Браслаўскіх азёраў, і адчуць прахалоду пасля гарачага летняга дня, а галоўнай часткай праграмы была Імша ля падножжа абраза Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў.

Пасля доўгага шляху вернікі вярталіся дадому шчаслівыя і поўныя ўражанняў, з падзякай Богу і арганізатарам за гэтую пілігрымку.