Skip to main content

ЛІСТЫ ЧЫТАЧОЎ. Любоў — гэта дзеяслоў: тыдзень сацыяльнага служэння ў Кальяры

З 2 па 9 жніўня
  • 20 жніўня, 2026
  • Тэкст: Марыя Туровіч / Фота: з архіва Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by


З 2 па 9 жніўня ў сталіцы Сардыніі, горадзе Кальяры, адбылася 14-я Міжнародная сустрэча валанцёраў Caritas. Чатыры кантыненты, 20 краін і 150 удзельнікаў на тыдзень аб’яднала агульная мэта — служыць бліжнім. Сярод іх — дзевяць валанцёраў з Беларусі, якія вярнуліся дадому не толькі з новым вопытам, але і з глыбокім усведамленнем: любоў — гэта дзеяслоў, які жыве ў руху.

Сведка гэтага форуму Марыя Туровіч з парафіі святога Казіміра, Маладзечна, падзялілася сваімі ўражаннямі.

Мы жывём у час, калі лічбавая культура памнажае магчымасці зносін, адкрывае новыя шляхі для сустрэчы. Аднак чалавечае сэрца захоўвае неад’емнае запатрабаванне ў сапраўднай блізкасці з іншай асобай. Менавіта з гэтай прычыны з 2 па 9 жніўня ў італьянскім горадзе Кальяры, сталіцы выспы Сардынія, прайшла 14-я Міжнародная сустрэча валанцёраў Caritas, якая на тыдзень злучыла 4 кантыненты, 20 краін і 150 удзельнікаў.

Ад Беларусі на гэту сустрэчу трапіла дзевяць валанцёраў з парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — з Маладзечна, Лагойска, Нарачы, Стаўбцоў і Мінска.

Жыццё ў лагеры і сацыяльнае служэнне

Кожны дзень лагера меў падобную, але ў той жа час выключную праграму:

  • пад’ём і сняданак, малітва, сацыяльнае служэнне (практычная праца), абед;
  • тэматычная сустрэча (абмен вопытам, сведчанні аб служэнні і праектах сацыяльнай інтэграцыі) або адпачынак на моры;
  • вячэра і тэматычны вечар для моладзі.

Сацыяльнае служэнне рэалізоўвалася наступным чынам. Усе 150 чалавек былі размеркаваны па групах (прыкладна па 8 чалавек у кожнай). Кожная група мела свой накірунак:

  • праца на кухні, якая забяспечвала ежай не толькі ўдзельнікаў лагера, але і людзей без прытулку;
  • прыбіранне паркаў, пляжаў, памяшканняў;
  • служэнне ў доме састарэлых і прытулках для дзяцей;
  • наведванне цэнтраў, якія клапоцяцца пра людзей з дэменцыяй;
  • служэнне цыганскім сем’ям.

І тут няма больш ці менш каштоўнага. У кожнай працы можна заўважыць нешта асаблівае для сябе і, галоўнае, служыць бліжнім.

Сведчанні ўдзельнікаў: што значаць гэтыя дні

Ксенія

Мы імкнуліся дарыць усмешку людзям сталага ўзросту праз зносіны. Гулялі ў лато і разам з гэтым навучалі іх вымаўляць лічбы на рускай, беларускай і іспанскай мовах. Яны ж казалі, як яны гучаць на італьянскай. Разам з італьянскімі бабулямі малявалі, разучвалі алфавіт на розных мовах, тлумачылі, як вітацца і развітвацца. Мне вельмі спадабалася маё служэнне. Дзякуючы яму я зразумела, наколькі важна надаваць увагу нашым блізкім людзям.

Ангеліна

Наша місія заключалася ў падтрымцы людзей сталага ўзросту ў пансіянатах і людзей з ментальнымі асаблівасцямі. Мы наведвалі іх, размаўлялі, гулялі ў настольныя гульні і шашкі, імкнучыся палепшыць іх будні. Я несла служэнне ў камандзе, дзе не было моўнага бар’еру: некаторыя хлопцы размаўлялі па-руску і па-італьянску.

Мікіта

Маё служэнне было ў прытулку для дзяцей. Кожны дзень мы размаўлялі з імі, гулялі. Аднойчы правялі час разам на моры. Мне было няпроста пабудаваць камунікацыю з-за моўнага бар’ера, але думаю, што мы дастаткова пасябравалі і добра правялі час.

Андрэй

Гэты лагер стаў для нас вельмі цікавым і каштоўным досведам. Мы былі валанцёрамі на кухні — нас было каля шасці чалавек. Разам гатавалі ежу не толькі для ўдзельнікаў лагера, але і для бяздомных людзей. Праца была насычанай, часам няпростай, але вельмі дружнай і вясёлай. Асабліва прыемна было разумець, што яна прыносіць карысць іншым. Мы навучыліся працаваць у камандзе, дапамагаць адзін аднаму і спраўляцца з вялікай колькасцю задач.

Марыя

На працягу тыдня мая група працавала з цыганскай сям’ёй — з маці, якая адна выхоўвае чацвярых дзяцей рознага ўзросту. Дзеці патрабуюць шмат увагі і часу. Мы сустракаліся ў прыгожым парку, праводзілі час на свежым паветры, абліваліся вадой, гулялі ў хованкі і іншыя гульні, малявалі. Нягледзячы на тое, што я не ведаю італьянскай мовы, часам нам удавалася знайсці паразуменне. Вельмі дапамагала ўсмешка. Кранальна было, калі дзеці цікавіліся, як тое ці іншае слова вымаўляецца на нашай мове, і спрабавалі паўтарыць. Некаторыя валанцёры ведалі італьянскую і маглі размаўляць з маці дзяцей. Спадзяюся, што гэтыя размовы станавіліся для яе свайго роду адпачынкам.

Тэматычныя сустрэчы, абмен вопытам і інтэграцыя без слоў

На спецыяльных сустрэчах валанцёры Caritas Кальяры дзяліліся з намі сваім вопытам дапамогі розным катэгорыям людзей. Асобна заўважу, што ў Кальяры службы Caritas рэалізуюць партнёрства з дзяржаўнымі і іншымі арганізацыямі. Дзяржава ў сваю чаргу аказвае падтрымку рэсурсамі, але галоўнае — тут людзі атрымліваюць рэальную дапамогу.

Кожны вечар быў накіраваны на знаёмства і інтэграцыю. Гэта адбывалася праз спевы, танец, спартыўную актыўнасць, знаёмства з культурнымі асаблівасцямі людзей іншай краіны, дэгустацыю страў традыцыйнай кухні і проста размову з іншай асобай.

Будучы ў чужой краіне, з мінімальным веданнем мовы або зусім без яго, можна ў вялікай групе людзей адчуваць ноту адзіноты. Часам у моманце гэта не так балюча, але пазней прыходзіць усведамленне: калі заставацца ў гэтай пустэчы, яна выкрадае столькі магчымасцей і радасцей.

Таму вельмі важна адкрыць адну з галоўных рэчаў — ёсць мова, універсальная для ўсіх і кожнага: мова любові, якая складаецца з маленькіх дзеянняў.

Менавіта яна здольная будаваць масты паміж людзьмі. І тады ўжо не так шмат патрэбна, каб адчуць смак шчасця.

Разважанні: чым навучыла Сардынія

Вельмі памятным стаў выезд у адзін з мясцовых сацыяльных цэнтраў — прытулак для людзей, якія знаходзяцца на шляху вызвалення ад залежнасцей і духоўна-сацыяльнага аднаўлення. На маю думку, у сённяшнім свеце кожны чалавек знаходзіцца ў свайго роду залежнасці — ад тэлефона, узроўню жыцця, матэрыяльнага забеспячэння, адносінаў. Тое, што робяць і ўжо зрабілі тыя людзі, — гэта вялікая справа. У такія моманты я прыходжу да разумення, што хутчэй не столькі я тут для гэтых людзей, колькі яны для мяне.

Любоў — гэта дзеяслоў, бо яна нараджаецца з выбару, рашэння і пэўных крокаў. Любоў павінна быць у руху, як рака: калі яе спыніць, яна памірае; калі перадасі — памнажаецца.

Жывучы тыдзень у Кальяры сярод італьянцаў, міжволі пачынаеш заўважаць розніцу і аналізаваць сваё жыццё. Што я зразумела? Я не ўмею проста жыць і дацаніць тое, што маю. Штодзённая мітусня стала звычкай быцця. Паспешлівасць — прычына няўмення быць якаснай у справах і адносінах. Італьянцы ж з усёй іх павольнасцю ўмеюць дацаніць час, у якім асабістая, жывая прысутнасць з’яўляецца незаменнай. І не важна, ці то сумесная праца, трапеза, ці простая сустрэча, размова.

Для мяне асабіста час у Кальяры стаў неверагодным досведам у тым, каб вучыцца будаваць дыялог пры адсутнасці ведання нацыянальнай мовы другога чалавека.

Вельмі кранальна было заўважаць, як чалавек, уступаючы ў размову, саступае ў звычцы хутка прамаўляць, суцішвае голас, выкарыстоўвае міміку і рухі, каб толькі змагчы знайсці ў вачах суразмоўца разуменне. А колькі радасці можа прынесці штодзённае шматразовае «Ciao»! У гэтыя моманты я пацвярджала для сябе, што культура любові нараджаецца не з аднаго вялікага ўчынка, а з мноства дробных, але пастаянных крокаў.

Словы ўдзячнасці

Валанцёры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказваюць вялікую ўдзячнасць:

  • арганізатарам летніка, якія стварылі неверагодныя ўмовы для прабывання ў ім, склалі і рэалізавалі ўсю праграму, дзяліліся сваім вопытам;
  • усім, хто служыў нам у гэты час — на кухні, з транспартам, у час малітвы, словам, хто клапаціўся пра чысціню ў араторыі, пакуль мы адсутнічалі;
  • асобная ўдзячнасць дырэктару дыяцэзіяльнага аддзялення арганізацыі Caritas у Кальяры (Італія), айцу Марка Лаі, які запрасіў моладзь з Беларусі і дапамагаў з даездам, а таксама на працягу ўсяго летніка раздзяляў з намі час;
  • удзячнасць інструктару сацыяльнай службы па хатнім доглядзе «Табіта»;
  • Людміле Платавай, якая хадайнічала перад Caritas Італіі, была з намі — няхай не фізічна, але ў кожным адказе на нашыя пытанні.

Запрашэнне да ўдзелу

Таму ад свайго імя і ад імя дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашаю ўсіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, цікавіцца валанцёрскім жыццём у сваіх парафіях і станавіцца ўдзельнікамі гэтага руху.

Для пачатку неабходна запоўніць анкету па спасылцы ТУТ>>>