Арцыбіскуп Станеўскі кіруе словы віншаванняў пробашчам, духоўным асобам і семінарыстам з нагоды дня іх заступніка
- 4 жніўня, 2026
- Catholicminsk.by
4 жніўня, у дзень успаміну святога Яна Марыі Віянэя, заступніка пробашчаў і ўсіх святароў, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаецца з віншаваннямі да ўсіх пробашчаў і духоўных асоб, а таксама да будучых святароў — семінарыстаў.
Паважаныя пробашчы, дарагія святары, любыя семінарысты!
Ад усяго сэрца віншую вас з літургічным успамінам нябеснага апекуна ўсіх пробашчаў і святароў — святога Яна Марыі Віянэя.
Гэты дзень — цудоўная нагода для кожнага з нас, каб спыніцца і задумацца над веліччу і прыгажосцю нашага паклікання. Для гэтага нам трэба перанесціся думкамі ў момант нашага святарскага пасвячэння і прыгадаць сабе абяцанні, якія мы складалі пасвячаючаму нас біскупу.
Святы пробашч з Арса пакінуў нам глыбокія словы: «Святарства — гэта любоў Сэрца Езуса». Cвятар асаблівым чынам удзельнічае у місіі Хрыста, бо «Хрыстус, каб няспынна выконваць волю Айца ў свеце праз Касцёл, дзейнічае праз сваіх слуг» (PO 14). Праз нас Збаўца пашырае сваю місію любові праз усю гісторыю. У абвяшчэнні Добрай Навіны, у цэлебрацыі Эўхарыстыі, сакрамэнце паяднання, у сяброўстве і ў любові да іншага мы робімся заўважальнымі сярод даручаных нам людзей, нас распазнаюць у натоўпе.
Паважаныя пробашчы! Дзякую вам за кожны ўдзелены святы сакрамэнт, за кожнае слова суцяшэння ў канфесіянале, за руплівасць у абвяшчэнні Божага слова і за бацькоўскі клопат пра даручаныя вам парафіяльныя супольнасці. Няхай прыклад святога Яна Віянэя, яго дух малітвы, пакаяння і блізкасці да кожнага чалавека натхняюць вас у штодзённых душпастырскіх справах. Няхай стомленасць ніколі не гасіць агню вашай веры, а духоўны рост вашых вернікаў няхай падбадзёрвае вас да далейшага ахвярнага служэння.
Дарагія дыяцэзіяльныя і законныя святары! Вашае прысвечанае служэнню Богу і людзям жыццё і вернасць складзеным вамі абяцанням — гэта моцны евангельскі знак для сучаснага грамадства. Дзякую вам за вашу часта нябачную, але такую важную малітоўную і душпастырскую працу.
Праз заступніцтва святога Яна Марыі Віянэя выпрошваю для ўсіх нас шчодрыя дары Духа Святога. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці святароў, заўсёды ахінае нас сваёй мацярынскай апекай.
З благаслаўленнем і малітвай,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі