Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Нарадзіўся 6 жніўня 1974 г. у г. Смаргонь. У 1991 г. паступіў у салезіянскі навіцыят ў г. Чэрвіньск над Віслай (Польшча). Вывучаў філасофію ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў г. Лодзь (Польшча) і тэалогію ў Папскім Салезіянскім Універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі. У 1998 г. склаў вечныя манаскiя абяцаннi ў Салезіянскай Кангрэгацыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 2000 г. у г. Смаргонь.
Займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Баруны, потым у в. Жодзішкі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2001 г. па 2002 г. выконваў абавязкi дырэктара салезіянскай супольнасці ў п. Акцябрскі Маскоўскай вобласці і быў адказным за салезіянскі прэнавіцыят. Пасля вяртання ў Беларусь займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Жупраны. У перыяд 2003-2005 гг. быў сакратаром Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі (Усходне-Еўрапейскай) з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2008 г. займаў пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці ў г. Мінск; з 2005 г. па 2011 г. быў адказным за салезіянскі араторый у Мінску. З 2005 г. па 2010 г. быў інспектарыяльным дарадцам Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2010 г. быў старшынёй катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля. У перыяд 2006-2010 гг. быў членам катэхетычнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У 2011 г. быў прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў г. Смаргонь; выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2011 г. з’яўляўся адказным за салезіянскі прэнавіцыят для грамадзян Беларусі. З 2013 г. займаў пасаду вікарыя і эканома Iнспектарыяльнай Дэлегатуры Варшаўскай Салезіянскай Інспекторыі св. Станіслава Косткі.
У 2014 г. прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыем мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля. З’яўляўся выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. Валодае беларускай, рускай, польскай i iтальянскай мовамі.
9 чэрвеня 2015 г. Папа Францішак прызначыў кс. Аляксандра Яшэўскага S.D.B. дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, надаючы яму тытулярную біскупскую кафедру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі. 27 чэрвеня 2015 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне.
З’яўляецца Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сімволіка герба
Дэвізам свайго служэння біскуп Аляксандр Яшэўскі S.D.B. абраў словы CUI DEUS EST OMNIA SUNT — «У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё», якія нагадваюць пра словы святога Яна Боско, дадзеныя ў якасці думкі на пачатку законнага і святарскага шляху. Праз гэты дэвіз біскуп хоча падкрэсліць, што глыбокая і інтымная сувязь з Богам павінна быць галоўнай кіруючай сілай у жыцці і дзейнасці біскупа як пастыра і вернікаў як авечак статка.
Сімвалы ў гербе
Тры элементы, якія складаюць біскупскі герб біскупа Аляксандра, прадстаўляюць разам мінулае і будучыню яго служэння. У першай частцы, зялёнага колеру, заўважны залаты якар, што азначае надзею, адну з тэалагальных цнотаў. Гэты якар дапаўняе змешчаная з левага боку зорка-камета з хвалістым хвастом і з сямю промнямі, што з’яўляецца раннехрысціянскім марыйным сімвалам. Яна мае срэбны колер — сімвал празрыстасці, чысціні Найсвяцейшай Панны Марыі, Багародзіцы, Успамогі хрысціянаў, сялібы Святога Духа і ўлоння, дзе Божае Слова сталася Целам. Гэтыя сімвалы былі ўзятыя з герба законнай сям’і, з якой біскуп Аляксандр быў пакліканы да біскупскага служэння — з супольнасці салезіянаў святога Яна Боско. Гэты вялікі выхаваўца фармаваў моладзь такім чынам, каб кожны мог стаць «добрым хрысціянінам і сумленным грамадзянінам». Таксама і біскуп Аляксандр перакананы ў тым, што адраджэнне грамадства магчымае толькі на шляху хрысціянскага жыццёвага вопыту, які накіроўвае і робіць якасным і культурныя, і грамадскія заданні. Гэтая частка герба мае зялёны колер, што асацыюецца з прозвішчам заснавальніка закону салезіянаў Яна Боско (што ў перакладзе азначае «лес, гай»), а таксама з прыгажосцю беларускай прыроды. Акрамя таго, гэты колер сімвалізуе перамогу, гонар, дабрабыт і сяброўскую прыязнасць.
Другая частка, блакітнага колеру, звязана са словамі, выбранымі ў якасці дэвізу («У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё»), а таксама з дасканаласцю, да якой павінен імкнуцца біскуп, які бачыць існаванне ўсёй створанай рэчаіснасці ў Боскай Тройцы, што прадстаўлена трыма пераплеценымі залатымі кольцамі (сімвал, які выкарыстоўваецца з ХІІІ ст.). Гэтая частка мае блакітны колер, які сімвалізуе нятленнасць неба, а такім чынам і ўсе памкненні да дасканаласці, што ўзносяцца да канчатковай паўнаты ў Богу, Адзіным у Тройцы.
Трэцяя частка, чырвонага колеру, прадстаўляе выяву шатра, што нагадвае падзею Перамянення Пана і словы святога Пятра: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі» (Мк 9, 5). Менавіта ў той дзень, калі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, біскуп Аляксандр нарадзіўся на свет, і гэтым знакам выяўляе скіраваны да яго заклік Пана перамяняцца асабіста і праз біскупскае служэнне перамяняць іншых. Гэтая частка мае чырвоны колер, які азначае боства Хрыста і Ягоную любоў, настолькі моцную, што дзеля яе Ён праліў сваю Кроў за ўсё чалавецтва.
Герб графічна рэалізаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Кватрачоккі (www.gqaraldica.it).