Адказаць на голас паклікання: размова з новым навучэнцам духоўнай семінарыі
- 5 жніўня, 2026
- Тэкст: вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) ў Мінску / Фота: з архіва парафіі // Catholicminsk.by
З 3 па 4 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў ўступны экзамен. На падрыхтоўчы курс залічана 6 юнакоў, адным з якіх стаў Ян Літвіновіч з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Пасля заканчэння ўсіх іспытаў мы паразмаўлялі з новым студэнтам семінарыі.
— З 3 па 4 жніўня у семінарыі прайшоў экзамен. Ян, падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі аб гэтай падзеі.
— Экзамен прайшоў вельмі хутка, хоць нам на напісанне было дадзена ажно дзве гадзіны. Мне было цікава выконваць розныя заданні на тэму катэхізіса і ведаў з жыцця Касцёла, але таксама прыемна было ўсведамляць, што я добра да іх падрыхтаваўся. І хоць падчас экзамену невялічкае хваляванне ўсё ж такі прысутнічала, я лічу, што з усім справіўся добра. Хачу ўдакладніць: 3 жніўня ў семінарыі была падача дакументаў, а 4 жніўня — уступны экзамен.
— Калі Вы адчулі пакліканне да святарства?
— Пакліканне да святарства я адчуў год таму падчас асабістай малітвы. Цяпер я працягваю маліцца, асабліва просячы ў Бога неабходных дароў, каб пакліканне ўзмацнялася. Дзякую таксама нашай парафіі, у якой праводзіцца шмат малітваў аб новых пакліканнях. Я ўпэўнены: тое, што я паступіў у семінарыю, — гэта вынік таксама малітвы парафіян.
— Як Вы рыхтаваліся да паступлення ў семінарыю і ўзрастання ў пакліканні?
— Я штодзённа наведваў святую Імшу як міністрант на працягу навучальнага года, удзельнічаў у жыцці парафіі, хадзіў на катэхэзу і на сустрэчы моладзі ў мінскай архікатэдры.

— Ці Вы былі першы раз у семінарыі ці Вам даводзілася быць там раней?
— У семінарыі перад уступным экзаменам я быў тры разы: восенню, вясной і летам — на рэкалекцыях на тэму распазнання паклікання.
— Ці страшна Вам было адказаць на голас Пана?
— Не сказаў бы, што страшна, але больш хвалююча ў самым пачатку, калі ты яшчэ шмат чаго не ведаеш… Але, нягледзячы на хваляванні, не трэба баяцца адкрываць сваё пакліканне ў супрацоўніцтве з Божым намерам.
Дзякуй за размову. Няхай добры і ласкавы Бог благаслаўляе.
А кожнаму з вас, дарагая моладзь, кажам: Не бойся адказаць на голас паклікання! Дазволь Богу весці цябе праз жыццё!



