Арцыбіскуп Кандрусевіч да пілігрымаў з Мінска: «Не бойцеся жыццёвых праблем, бо Езус з намі!»
- 2 ліпеня, 2025
- Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

1 ліпеня, у аўторак, пілігрымы, якія напярэдадні вырушылі з Мінска ў Будслаў, на адрэзку шляху з вёскі Вішнёўка да вёскі Калачы, дзе ў іх быў запланаваны начлег, затрымаліся ў садовым таварыстве «Чараўніца» Лагойскага раёна, каб там, на невялічкай палянцы сярод лесу і дачных хат, прыняць удзел у Эўхарыстыі.
Галоўным цэлебрантам святой Імшы, якая праводзілася ў палявых умовах, быў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які наведаў пілігрымаў па запрашэнні кіраўнікоў пілігрымкі, ксяндзоў хрыстусоўцаў з Мінска.

У гаміліі арцыпастыр найперш засяродзіўся на евангелізацыйным значэнні слова «пілігрымка». Ён адзначыў, што так як Марыя пад сваім сэрцам несла Езуса ў дом святой Альжбеты, пілігрымы нясуць Яго сучаснаму секулярнаму свету.
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што сёлетняя пілігрымка адбываецца ў юбілейны год надзеі, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Таксама дэвіз пілігрымкі сугучны з дэвізам 2025 года: «Збаўленыя праз надзею».
— запэўніў прысутных арцыбіскуп.

Зыходячы з Евангелля аб суцішэнні буры на моры, арцыпастыр засяродзіўся на праблеме прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Хоць Езус спаў падчас буры, не пераставаў, аднак, быць з апосталамі. Таму Ён спытаўся ў апосталаў, якія Яго разбудзілі: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» (Мц 8, 26).
Гэты евангельскі ўрывак, паводле іерарха, заклікае нас да аналізу таго, наколькі моцная наша вера. «Ці мы верым у тое, што Езус заўсёды з намі? Ці верым, што Ён кантралюе кожную крызісную сітуацыю ў нашым жыцці? Колькі разоў мы клічам Бога на дапамогу ў цяжкія часы, і калі адчуваем, што Ён не рэагуе адразу, кажам: «Езу, дзе Ты быў, калі Ты мне быў найбольш патрэбны?» — спытаў слухачоў прамоўца.
— з упэўненасцю прамовіў іерарх.

У нашы, паводле слоў арцыпастыра, цяжкія часы Езус таксама задае адно і тое ж пытанне: «Чаму вы баіцеся? Ці ў вас няма веры?» «Ці кожны з нас распазнае прысутнасць Бога з намі, асабліва калі мы сустракаемся з бурамі нягод, смутку ці спакусаў? — пацікавіўся арцыбіскуп. — Кожны раз, калі мы сутыкаемся з праблемамі, Бог знаходзіцца побач з намі, кажучы: “Гэта Я, не бойцеся”».
«Вера — гэта не толькі перакананне ў існаванні Бога, але таксама давер да Яго і гатоўнасць выканаць Яго волю, — растлумачыў іерарх. — Яна павінна праяўляцца ў практыцы штодзённага жыцця хрысціяніна. Але ці так ёсць на самой справе?»
Далей арцыбіскуп Кандрусевіч расказаў прысутным, што ў апошнія гады на Захадзе з’явіўся трэнд, які на англійскай мове называецца quiet quitting, што можна перакласці як «ціхае звальненне». Сутнасць яго ў тым, што чалавек выконвае сваю працу згодна з кантрактам — і ні больш, і не менш. Ён працуе без энтузіязму, ад гадзіны да гадзіны, а потым яго нічога з таго, што ён зрабіў, больш у гэты дзень не цікавіць.
«Ці падобнае не назіраецца ў веры сучаснага чалавека? Раз у тыдзень схадзіў да касцёла, раз у год да споведзі, і на гэтым усё… Напэўна, гэтая заўвага не адносіцца да пілігрымаў, але яна мае права быць. Пілігрымы паказываюць свету, што не адмяжоўваюцца мінімумам у практыцы веры, але імкнуцца яе вызнаваць з энтузіязмам, бязмерным даверам Богу і гатоўнасцю выканаць Яго волю, як гэта зрабіла Марыя», — сказаў арцыпастыр.
Вера, якой Бог хоча ад нас, паводле меркавання іерарха, павінна быць падобнай да гісторыі пра маленькую дзяўчынку, якая адна ехала ў аўтобусе. Адзін з пасажыраў спытаў яе: «Ты не баішся падарожнічаць адна?» На што дзяўчынка адказала: «Не, я не баюся, бо кіроўца гэтага аўтобуса – гэта мой тата».
— падсумаваў сказанае арцыпастыр.

Арцыбіскуп Кандрусевіч напрыканцы гаміліі заклікаў пілігрымаў не баяцця жыццёвых праблем, бо Езус з намі заўсёды — у спрыяльныя і неспрыяльныя часы. А найкарацейшым шляхам да Яго ёсць Марыя.
Падзякаваўшы дастойнаму госцю за прысутнасць на шляху пілігрымкі Мінск-Будслаў, ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, паводле ўсталяванай традыцыі, завязаў яму і яго сакратару, ксяндзу Паўлу Эйсманту, хустачкі жоўтага колеру, апрануўшы на шыю пілігрымкавы бэйджык, што сведчыла аб залічэнні абодвух да пілігрымаў. У пілігрымку быў таксама прыняты ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA, пробашч парафіі Гатава (дэканат Мінск-Усход), які, нягледзячы на парафіяльныя абавязкі, прысвяціў гэты дзень служэнню пілігрымам з Мінска.


Пасля духоўнай, эўхарыстычнай ежы прыйшоў час абеду для цела. Падмацаваўшыся «хлебам штодзённым», госці і пілігрымы адправіліся ў далейшы шлях — кожны ў свой бок, дзеля служэння Богу і людзям.




















