Skip to main content

Гісторыя адной пілігрымкі: З Мінска ў Будслаў вырушыла найвялікшая па колькасці ўдзельнікаў пілігрымка

30 чэрвеня
  • 1 ліпеня, 2025
  • Фота: з архіва пілігрымкі Мінск-Будслаў // Catholicminsk.by

У панядзелак 30 чэрвеня святой Імшой у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася 5-дзённая 33-я па ліку пешая пілігрымка Мінск-Будслаў, якую ўжо ў 4-ы раз вядуць айцы хрыстусоўцы.

Святую Імшу для пілігрымаў і іх душпастыраў, якіх у святыні сабралася больш за 250 чалавек, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім канцэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr і ксёндз Алег Шпець SChr з мінскай парафіі святых Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ, а таксама айцец Стэфан Пупейка OFM з парафіі святога Антонія ў Слуцку (Нясвіжскі дэканат). Літургію ўпрыгожваў спевам пілігрымковы хор пад кіраўніцтвам Алены Кот.

Падчас прамоўленай гаміліі арцыпастыр нагадаў, што пілігрымы, нягледзячы на стомленасць і боль падчас шляху, незалежна ад узросту, пакліканы адчуваць сябе заўсёды маладымі, бо «Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў; Ён з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету».

Іерарх пажадаў пілігрымам быць сведкамі Хрыста і Яго Маці падчас пілігрымкі, не праходзіць абыякава міма тых, хто патрабуе Добрай Навіны аб Уваскрослым Хрысце, і разам са сваімі інтэнцыямі занесці перад трон Багародзіцы ў сэрцы таксама іх.

Напрыканцы святой Імшы кіраўнікі пілігрымкі падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за ўрачыстае распачацце іх шляху да Маці Божай Будслаўскай. Прадстаўніца пілігрымаў завязала на шыі іерарха сімвалічную жоўтую хустачку і апранула яму фірмовы бэйджык пілігрымкі Мінск-Будслаў, уключыўшы іерарха ў лік пілігрымаў. Усім прысутным арцыпастыр удзяліў пастырскае благаслаўленне.

Развітанне з арцыбіскупам і архікатэдральным касцёлам стала для пілігрымаў пачаткам доўгага шляху да Нацыянальнага марыйнага санктуарыя Беларусі.