«Няхай кожнае імя стане сёння малітвай». У мінскай архікатэдры памаліліся за спачылае духавенства
- 5 лістапада, 2026
- Тэкст: кс. Віктар Гайдукевіч SDB / Фота: з архіва Мінскага катэдральнага капітула // Catholicminsk.by
4 лістапада ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася малітва за памерлых святароў і біскупаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з удзелам Мінскага катэдральнага капітула.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі таксама прыняў удзел Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Гамілію, прысвечаную малітоўнай памяці пра памерлых душпастыраў і хрысціянскай надзеі на вечнае жыццё, прамовіў ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк.
На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся да прысутных словамі псальма: «Каштоўная ў вачах Пана смерць Яго святых» (Пс 116, 15). Іерарх нагадаў, што малітва за спачылых, пачынаючы ад першых стагоддзяў хрысціянства, з’яўляецца святым абавязкам Касцёла.
У катэдральнай святыні, якую Мітрапаліт назваў Маці ўсіх касцёлаў архідыяцэзіі, супольнасць сабралася як адна сям’я, каб даручыць Божай міласэрнасці спачылых арцыбіскупаў, біскупаў, пралатаў, канонікаў, прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў і дыяканаў — тых, хто стаяў пры алтары Пана, удзяляў сакрамэнты, наведваў хворых і малітвай развітваўся з памерлымі.
Арцыпастыр падкрэсліў, што малітоўная памяць пра спачылых займае асаблівае месца ў жыцці Мінскага катэдральнага капітула:

Сваё прывітанне іерарх пабудаваў вакол трох тэмаў: удзячнасці, надзеі і адказнасці.
Узгадваючы словы святога апостала Паўла «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4, 7), Мітрапаліт заклікаў дзякаваць Богу за пакліканне і вернасць пастыраў, якія служылі як у часы свабоды, так і ва ўмовах пераследу.
Крыніцай надзеі ў малітве за памерлых, як нагадаў арцыпастыр, з’яўляецца Уваскрасенне Хрыста. У святле гэтай праўды хрысціянская памяць пра спачылых становіцца вызнаннем веры ў жыццё вечнае: «Ці жывём, ці паміраем, — мы належым Пану» (Рым 14, 8). Святары, пакліканыя наследаваць Хрыста — Добрага Пастыра, пасля смерці самі патрабуюць малітвы і Божай міласэрнасці.
Разважаючы пра адказнасць жывых, арцыбіскуп падкрэсліў, што памяць пра папярэднікаў павінна весці да большай вернасці ўласнаму пакліканню: «Яны перадалі нам эстафету веры. Цяпер мы нясем яе далей. Іх прыклад вучыць: святаром нельга быць напалову. Святарства — гэта ахвяра з сябе да канца».
Мітрапаліт пажадаў духавенству вярнуцца ў парафіі з новым запалам: больш горача маліцца, больш рупліва спавядаць, больш адважна абвяшчаць Евангелле і больш шчыра любіць людзей.
— адзначыў арцыпастыр.
Вернікаў ён папрасіў падтрымліваць святароў верай і любоўю, маліцца за жывых і памерлых душпастыраў і няспынна прасіць аб новых пакліканнях.
Тэму ўдзячнай памяці і адказнасці за перададзеную спадчыну веры працягнуў у гаміліі ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк.
«Сёння ўсе мы схіляем галовы перад нашымі дарагімі памерлымі», — адзначыў прапаведнік, асаблівым чынам узгадваючы духавенства, дзякуючы служэнню якога людзі атрымлівалі духоўнае жыццё і адкрывалі для сябе надзею на вечнасць.

Ён падзяліўся ўспамінам пра часы, калі малады святар быў рэдкасцю, а ў нешматлікіх дзейных святынях служылі пажылыя душпастыры, якія прайшлі праз зняволенне і лагеры. Нягледзячы на перажытае, яны да апошніх гадоў жыцця аддавалі свае сілы Богу і людзям.
Асаблівую ўдзячнасць прапаведнік выказаў вернікам, якія вытрывалі ў малітве і з Ружанцам у руках захавалі веру ў гады пераследу. Менавіта гэтая вернасць духавенства і свецкіх стала падмуркам адраджэння касцёльнага жыцця.
Прысутнасць біскупаў і канонікаў у архікатэдры ксёндз прэлат назваў бачным сведчаннем гэтага адраджэння. Ён узгадаў ролю святога Яна Паўла ІІ, служэнне кардынала Казіміра Свёнтка, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Мітрапаліта Юзафа Станеўскага. Святар таксама выказаў удзячнасць арцыбіскупу Кандрусевічу за ўстанаўленне Мінскага катэдральнага капітула.
Разважаючы пра пакліканне канонікаў, святар правёў паралель паміж апосталамі, якіх Езус паклікаў быць побач з Ім, і супольнасцю святароў, якія асаблівым чынам падтрымліваюць біскупа ў яго служэнні.
— падкрэсліў ксёндз прэлат.
Памяць пра духавенства, якое выхоўвала ў веры цэлыя пакаленні, ён прадставіў як заданне для сучаснай супольнасці. Прапаведнік заклікаў прымаць гэтую спадчыну сэрцам, адкрываць радасць малітвы ў Божым доме і дзяліцца ёю з іншымі. Да апостальскага сведчання, як нагадаў святар, пакліканыя таксама свецкія вернікі, якія разам з духавенствам удзельнічаюць у місіі Касцёла.
Сваё разважанне ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк завяршыў просьбай аб заступніцтве Маці Божай Фацімскай, каб служэнне Касцёла нашаму народу больш ніколі не перарывалася, каб над нашай зямлёй панаваў мір, а Божая ласка спадарожнічала наступным пакаленням.
— заклікаў святар.
Малітва ў архікатэдры ахапіла пакаленні душпастыраў, з чыім служэннем звязана гісторыя Мінскай дыяцэзіі, Магілёўскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзій, а таксама спачылых канонікаў і пробашчаў архікатэдральнай парафіі.

Сярод узгаданых пастыраў — кардынал Казімір Свёнтэк, шматгадовы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Казімір Велікаселец, які выконваў служэнне Апостальскага адміністратара архідыяцэзіі, слугі Божыя біскупы Зыгмунт Лазінскі і Баляслаў Слосканс. Узгадалі таксама сведчанне веры благаслаўлёных Юрыя Матулевіча (Матуляйціса) і Тэафілюса Матулёніса.
У спісе памяці былі імёны пастыраў Мінскай дыяцэзіі: Якуба Ігнацыя Дадэркі, Стэфана Пазняка, Юзафа Камінскага, Матэвуша Ліпскага, Паўла Равы, Адама Вайткевіча, Караля Недзялкоўскага, Жана Батыста Луі Масле і Адрыяна Галаўні.
Узгадалі іерархаў і адміністратараў Магілёўскай архідыяцэзіі: Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, Валерыя Генрыха Камёнку, Каспара Цецішоўскага, Яна Шчыта, Ігнація Паўлоўскага, Казіміра Дмахоўскага, Ігнацыя Галавінскага, Вацлава Жылінскага, Антонія Фіялкоўскага, Аляксандра Казіміра Гінтаўта-Дзевалтоўскага, Шымана Марціна Казлоўскага, Баляслава Гераніма Клапатоўскага, Стэфана Дзенісевіча, Ежы Юзафа Шэмбака, Апалінарыя Унукоўскага, Вінцэнта Ключынскага, Эдварда Ропа і Яна Цепляка.
Малітоўнай памяццю прысутныя ахапілі таксама дапаможных біскупаў Магілёўскай архідыяцэзіі Цыпрыяна Адынца, Мацея Паўла Мажджанеўскага, Іаахіма Юзафа Грабоўскага, Юзафа Максіміліяна Станеўскага, Юрыя Івашкевіча, Францішка Шымона і Антонія Малецкага. Узгадалі таксама ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу і былога пробашча мінскай архікатэдральнай парафіі ксяндза Яна Шуткевіча.
Сэнс гэтай супольнай малітвы выказалі словы, з якімі Мітрапаліт Юзаф Станеўскі звярнуўся да прысутных на пачатку цэлебрацыі:












