Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ва ўрачыстасць Усіх Святых: «Шлях да святасці пачынаецца з малых штодзённых крокаў»
- 2 лістапада, 2026
- Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне / Фота: Сяргей Гаравы // Catholicminsk.by
1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, у магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу, падчас якой заахвоціў вернікаў не толькі ўшаноўваць святых, але і самім імкнуцца да святасці ў штодзённым жыцці.
Разам з біскупам маліўся пробашч магілёўскай катэдры, новапрызначаны ксёндз канонік Уладзімір Русак.
Падчас гаміліі біскуп звярнуў увагу на біблійнае бачанне вялікага натоўпу з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, які стаіць перад тронам Бога і Ягнём (пар. Ап 7, 9). Паводле іерарха, гэтае бачанне нагадвае, што святасць не з’яўляецца прывілеем толькі нешматлікіх выбраных людзей, але пакліканнем кожнага ахрышчанага.
— падкрэсліў біскуп.
Разважаючы над першым чытаннем, іерарх адзначыў, што святыя — гэта не людзі, якія ніколі не памыляліся, не перажывалі слабасці ці выпрабаванняў. Гэта тыя, хто, прайшоўшы праз жыццёвыя цяжкасці, не страціў сувязі з Богам і дазволіў Хрысту ачысціць іх сваёй ласкай.

Звяртаючыся да другога чытання, біскуп нагадаў словы апостала Яна: «Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы маглі называцца дзецьмі Божымі. І мы імі з’яўляемся» (1 Ян 3, 1).
Асаблівую ўвагу ў гаміліі біскуп прысвяціў васьмі благаслаўленням, якія Езус абвясціў сваім вучням на гары (пар. Мц 5, 3–10). Іерарх назваў іх не проста прыгожымі словамі, але сапраўднай праграмай хрысціянскага жыцця і партрэтам чалавека, які імкнецца наследаваць Хрыста.
Разважаючы пра міласэрнасць, чыстасць сэрца і міратворчасць, біскуп звярнуў увагу на актуальнасць гэтых евангельскіх заклікаў у сучасным свеце. «Свет сёння мае патрэбу не толькі ў людзях, якія гавораць пра мір, але і ў тых, хто сапраўды будуе мір», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што мір пачынаецца ў чалавечым сэрцы, сям’і, паміж суседзямі і ў парафіяльнай супольнасці.

Біскуп таксама заахвоціў вернікаў задаць сабе асабістае пытанне: ці сапраўды яны хочуць быць святымі? Паводле яго, шлях да святасці пачынаецца не абавязкова з вялікіх учынкаў або выключных подзвігаў, але з малых штодзённых крокаў: малітвы, удзелу ў Эўхарыстыі, прабачэння, дапамогі бліжнім, сумленнага выканання сваіх абавязкаў і вернасці ўласнаму пакліканню.
— падкрэсліў біскуп Аляксандр.
Напрыканцы гаміліі іерарх нагадаў, што ўрачыстасць Усіх Святых адкрывае перад вернікамі перспектыву нябеснай хвалы і нагадвае пра сапраўдную мэту хрысціянскага жыцця — вечную еднасць з Богам. «Не боймася імкнуцца да святасці! Бо Бог чакае нас не толькі ў канцы нашага зямнога жыцця. Ён хоча ўжо сёння жыць у нашых сэрцах і праз нас асвячаць свет», — заклікаў біскуп.


















