«Шлях міласэрнасці» да Марыі: упершыню пасля кавіда беларусы трапілі ў Меджугор’е праз апеку святога Францішка Асізскага
- 22 верасня, 2026
- Тэкст: Жанна Мецеж / Фота: кс. Аўгуст Калясінскі // Catholicminsk.by
Не ўсе дарогі, што вядуць да Маці, лёгкія і прамыя. Ёсць і тыя, што блытаюцца ў гарах, пераплятаюцца з лёсамі святых, зноў губляюцца і зноў аб’ядноўваюцца ў адзін вялікі шлях з малітвай на вуснах. Аднак калі цябе чакае Тая, якую завуць Каралевай Свету, то і шалёны вецер у твар, ад якога ледзь трымаешся на нагах, і пякучае сонца над галавой, ад якога здаецца, што выліў бы на сябе цэлы калодзеж вады, — усе гэтыя пакуты, якія церпіш, каб убачыць Яе, ператвараюцца ў крокі да неба. І менавіта такімі крокамі да неба стала першая за посткавідны час пілігрымка да Маці Меджугорскай, якую зладзіла супольнасць Viam Dei: адзінаццаць дзён, з 13 па 23 жніўня, восем еўрапейскіх краін, сапраўднае выпрабаванне веры і адначасова светлы падарунак Нябеснай Маці.
Сёлетні год стаў для многіх беларускіх вернікаў асаблівым часам. Па-першае, Год святога Францішка Асізскага, а па-другое — нарэшце з’явілася доўгачаканая магчымасць трапіць у Меджугор’е. Мабыць, менавіта таму, нягледзячы на жнівеньскую спёку, што панавала ў канцы лета над Еўропай, пяцьдзясят пілігрымаў з Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей адважыліся на адзінаццацідзённую вандроўку.
Арганізатарамі выступіла супольнасць Viam Dei. Марына і Юлія, парафіянкі мінскага касцёла святога Роха на Залатой Горцы, узялі на сябе адказнасць распрацаваць маршрут, які б спалучаў найважнейшыя святыні Еўропы, звязаныя з жыццём святога Францішка і культам Марыі, з доўгачаканай марай беларусаў – завітаць да Маці Божай Меджугорскай.

Як прызнаецца Юлія, ідэя нарадзілася з жадання пашырыць магчымасці пілігрымскіх шляхоў менавіта праз гэтую святыню пасля доўгай кавіднай паўзы:
І сапраўды, менавіта ў гэтым годзе, калі мы адзначаем 35-годдзе аднаўлення Касцёла ў Беларусі, шлях да Маці, які атрымаў меладычную назву «Шлях міласэрнасці», стаў асаблівым пакліканнем. А калі да гэтых урачыстасцей далучыўся яшчэ і юбілейны Год святога Францішка, то ў праграме пілігрымкі сама сабой пазначылася кропка пад назвай Меджугор’е, бо менавіта там нясуць сваё служэнне францішкане.
Аднак «Шлях міласэрнасці» не абяцаў быць лёгкім. Маршрут пралягаў праз польскую Чанстахову, Чэхію і Аўстрыю, потым пілігрымы ехалі тры дні па Італіі, далей чарговая краіна — Харватыя праз Славенію, і толькі пасля яе — доўгачаканая Боснія, а перад дарогай дадому — зноў новая краіна, Венгрыя…

Увогуле, вернікі правялі ў чаканні на межах каля дваццаці шасці гадзін. Але, як смяяліся самі ўдзельнікі гэтай неверагоднай пілігрымкі, калі б паміж еўрапейскімі краінамі яшчэ і былі межы з пунктамі кантролю, яны б з аўтобуса наогул не выходзілі. «Мы разумелі, што гэта будзе цяжкі шлях, таму максімальна паклапаціліся і распланавалі так, каб гэта было больш камфортна для пілігрымаў: без начных пераездаў, з адпачынкам у добрых гатэлях і з цікавай праграмай», — тлумачыць Юлія.
Потым Юлія заўважыла: калі мы давяраем Божаму Провіду і не звяртаем увагу на складанасці, тады і добрыя ідэі прыходзяць, і пытанні вырашаюцца самі сабой. «Пануе добры камандны дух і еднасць, атмасфера дабразычлівасці і вытрымкі — і гэта для мяне заўсёды галоўная праява нашай веры, нашай хрысціянскасці, экзамен на сталасць», — дадала Юлія.
Да першага прыпынку — у Чанстахову — дабраліся са спазненнем на шэсць гадзін. Планавалі трапіць на Імшу, а замест гэтага завіталі акурат на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Як успамінае Марына, нягледзячы на тое, што часу было мала, ім удалося пабачыць, як уся Польшча ўшаноўвае Маці Божую Чанстахоўскую.

«Людзі на пазітыве, на пад’ёме, гучаць такія песні, такая атмасфера! У самым санктуарыі немагчыма было затрымацца доўга, бо было вельмі шмат пілігрымаў. Але што нас усіх уразіла ў Чанстахове, дык гэта тое, як ваенныя дружным строем ідуць на пакланенне да Маці Божай Чанстахоўскай».
Гэтае жывое сведчанне народнай веры стала найпрыгажэйшым уступам да далейшай дарогі. Пілігрымам нават здавалася, што сама Маці паклапацілася, каб было менавіта так.
Здзіўленне ва Удзінэ, шлях у Асізі і Святы Дамок Звеставання
Італьянскі горад Удзінэ — першы або, наадварот, самы апошні пункт беларускіх пілігрымскіх маршрутаў, што пралягаюць па Італіі. З-за таго, што гарадок знаходзіцца блізка ад мяжы з Аўстрыяй, часцей за ўсё яго праязджаюць транзітам, і тут пілігрымы спыняюцца толькі на начлег. Больш за тое, не заўсёды ёсць час разглядзець пейзажы гарадка нават з акна аўтобуса, бо пілігрымы наведваюцца ва Удзінэ звычайна ўжо ў цёмны час сутак.

Але ў гэты раз усё склалася інакш. Беларусы пагулялі па ўтульных вулачках горада, прайшліся па цэнтральнай плошчы, наведалі катэдральны касцёл і нават далучыліся да Імшы. Удзінэ стаў сапраўднай знаходкай для пілігрымаў — з вельмі прыгожай архітэктурай і ўтульнай атмасферай. «Нас там вельмі добра сустракалі. І таксама ва ўсіх саборах, у якіх мы далучаліся да мясцовай Імшы, да нас адносіліся вельмі добразычліва, прыгожа нас прадстаўлялі, мы ўсе разам маліліся, і гэта было вельмі-вельмі прыемна», — дзеліцца Марына.
Людміла, якая менавіта ў гэтым годзе ўступіла ў Ордэн свецкіх францішкан, прызнаецца: «Для мяне гэта было неверагоднае ўражанне. Я вельмі цешуся, што Пан Бог зладзіў усё так, што я пабачыла мясціны, дзе калісьці жыў святы Францішак».

Не менш моцнае ўражанне ў пілігрымаў пакінула і магіла святога Карло Акуціса. Гэта першы святы з пакалення міленіялаў, які быў кананізаваны 7 верасня 2025 года Папам Львом XIV. Яшчэ ў падлеткавым узросце Карло стварыў сайт, дзе расказваў пра эўхарыстычныя цуды з усяго свету, за што яго цяпер называюць «Божым інфлюэнсерам». У 2006 годзе хлопец памёр ад лейкеміі ва ўзросце 15 гадоў, але нават сваю хуткую смерць лічыў дарам ад Бога і ахвяраваў свае пакуты за Папу і Касцёл.
Яшчэ адным важным пунктам стала Ларэта — месца, дзе знаходзіцца Святы Дамок з Назарэту, у якім адбылося Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі. Для беларускіх вернікаў гэта была магчымасць вярнуцца ў момант, калі Марыя сказала «так» Божаму Провіду. Марына адзначыла, што Ларэта стала для многіх адкрыццём, бо гэта вельмі прыгожы і мілы гарадок.

Сама ж базыліка, у якой знаходзіцца Дамок, уразіла кантрастам: тут неверагодная раскоша аздаблення святыні спалучаецца з простымі мурамі Дамка, але гэта прастата ўспрымаецца мацней за любое багацце.
— прызналася Марына.
Меджугор’е: дзе Марыя чакае сваіх дзяцей

Пасля Італіі пілігрымаў чакала Меджугор’е. Але чарговы іспыт — пяцігадзінная чарга на мяжы паміж Харватыяй і Босніяй. Зноў — невядомасць, трывога, усё тая ж невыносная спякота і змены планаў… Здавалася, можа хопіць выпрабаванняў?
Аднак беларусы былі не адны на той мяжы — вакол сабралося шмат аўтобусаў з такімі ж вернікамі, якія імкнуліся да Маці Божай. Вернікі выходзілі з аўтобусаў, віталі адзін аднаго з усмешкамі, абдымаліся, нават разам, хоць і на розных мовах, спявалі песні Найсвяцейшай Панне Марыі і праслаўлялі Пана Бога.
«Гэта вельмі з’яднала ўсіх у чаканні сустрэчы з Марыяй»,— распавядуць потым Юлія і Марына. Дзякуючы нефармальным зносінам паміж пілігрымамі з розных краін, гэты час праляцеў нечакана хутка. Магчыма, гэта было падмацаванне самой Панны Марыі.
У Меджугор’і нашы пілігрымы прыбылі ўначы. Іх сустрэлі мясцовыя валанцёры руху «Святло Марыі».

«Яна распавядала такія рэчы, якія я прыняла да сябе», — успамінае Марына. Менавіта словы Тэрэзы аб тым, што Маці Божая заўсёды клапоціцца пра сваіх дзяцей, знайшлі адлюстраванне ва ўсім падарожжы. Бо, як заўважыла Юлія, «калі мы звязаліся з меджугорскай супольнасцю, яны былі ўзрушаныя, што нарэшце беларусы трапяць да іх у такой колькасці пасля доўгага перапынку».
Атмасфера Меджугор’я — гэта зноў тая ж самая евангельская прастата: няма ні пазалоты, ні складаных фрэсак. Вельмі сціплы касцёл, просты алтар.

Як прызнаецца Марына: «Гэтае месца асаблівае, яно вельмі кранае і прымушае пераасэнсаваць той досвед, які ты ўжо маеш. Ты нібы чуеш пытанні і шукаеш у сабе на іх адказ: ці сапраўды я малюся сэрцам, ці заахвочваю я на малітву маіх родных і іншых людзей, наколькі якасны мой пост, ці сапраўды я ўсім прабачаю, і гэтак далей. І вядома, у такім месцы ты адчуваеш вялікае натхненне змяніць сябе. Тут трапляеш пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі».

А Юлія, каляжанка Марыны, была ўражана колькасцю людзей з розных краін пры Найсвяцейшым Сакрамэнце на адарацыі і на святых Імшах, а таксама колькасцю святароў-спаведнікаў на розных мовах.
— удакладняе Юлія.
Голас Каралевы Міру
На наступны дзень пасля прыбыцця беларусы падняліся на гару Крыжэвац. Звычайна такія пад’ёмы адбываюцца раніцай, калі яшчэ не так спякотна. Але нашых пілігрымаў напаткалі чарговыя змены ў планах — паколькі група прыехала ў Меджугор’е са спазненнем, то спачатку адбылася святая Імша. Потым пілігрымы, ужо падмацаваныя пасля цяжкай ночы Божым словам і Целам, разам з духоўным кіраўніком ксяндзом Аўгустам Калясінскім адважыліся ісці на Крыжэвац, дзе захоўваецца часціца Жыватворнага Крыжа. Час для гэтага выпаў самы спякотны — каля палудня. Валанцёры са «Святла Марыі» нават спрабавалі адгаварыць пілігрымаў ад гэтай ідэі, але тыя настаялі на сваім.

Сказаць, што гэта быў няпросты шлях, — амаль нічога не сказаць. Вышыня гары — больш за 500 метраў. Вернікі ішлі па камяністай дарозе, і без зручнага абутку было не абыйсціся. Але пілігрымам сталага ўзросту нават і прыдатныя боты не дапамагалі. Малодшыя імкнуліся падтрымаць старэйшых. Сонца ўжо паднялося высока, і яго гарачыня, асабліва на ўзгорку, адчувалася невыноснай. Некаторыя прадбачліва ўзялі з сабой парасоны, і гэта было выратаваннем нават для побач крочыўшага суседа. Аднак часам здавалася — далей ісці немагчыма, стомленасць і спякота бралі сваё, і тады пілігрымы сядалі на камяні, каб трохі адпачыць.

На некаторых фотаздымках, што засталіся на памяць, бачна, як пілігрымы ледзь дыхаюць. Але потым яны скажуць: у тыя хвіліны, калі здавалася, што ногі не ідуць, няма паветра, вопратка невыносна прыліпла да цела, і ў галаве з’яўлялася думка «больш не магу», раптам налетаў лёгкі вецярок і ахутваў усіх прахалодай, нібы «гэта на цябе ласкава дыхае Маці».
Беларусы шлі на Крыжэвац — Крыжовую дарогу — з малітвай і разважаннямі, якія чытаў ксёндз Аўгуст.
— прызналася Юлія.

Другі дзень у Меджугор’і распачаўся а 6-й гадзіне — беларусы зноў збіраліся падняцца на гару. На гэты раз гэта была гара Подбордо, месца першага з’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі. І тут пілігрымы атрымалі сюрпрыз. «Нечакана нам прыйшла навіна-запрашэнне, што з намі будзе падымацца візіянер Іван Драгічэвіч», — растлумачыла Юлія. У гэты ранішні час ён падымаўся разам з усімі пілігрымамі, якія накіроўваліся на Подбордо, адначасова молячыся на ружанцы. Як успамінае Марына: «Мы не ведалі, што гэта будзе, таму што цяпер візіянеры вельмі рэдка збіраюць пілігрымаў. Нам сапраўды пашчасціла».

Іван Драгічэвіч — адзін з шасцёра дзяцей, якім з 1981 года штодня з’яўляецца Багародзіца — звярнуўся да шматлікіх вернікаў са словамі, поўнымі глыбіні. Ён нагадаў, што калі 35 гадоў таму Марыя выбрала яго, ён быў проста дзіцем: «Для мяне, для маёй сям’і гэта адна вялікая міласць, але і вялікая адказнасць. Я не хацеў бы, каб вы глядзелі на мяне як на святога — я не такі. Я стараюся быць лепшым, каб стаць свяцейшым. І нават калі я бачу Панну Марыю, я ведаю, што навяртанне — гэта працэс на ўсё жыццё».
Але самыя кранальныя словы Іван прысвяціў прысутнасці Панны Марыі ў гэтым месцы. Ён распавёў пра тое, як цяжка апісаць уражанні ад таго, што побач Яна і Яе любоў:
Асабліва ўразіла пілігрымаў тое, што Маці Божая дзякуе людзям, нягледзячы ні на што. Вось як цытуе Іван Яе пасланне: «Дзякуй, што вы адклікнуліся на мой заклік. Дзякуй за малітву, за пост, за іншыя рэчы, якія мы павінны рабіць!» Марына прызналася: «Гэта кранула мяне да глыбіні душы. Мы не заўсёды кажам «дзякуй» нават свайму дзіцяці за тое, што яно, напрыклад, добра вучыцца ці выконвае нейкія іншыя абавязкі. А Маці Божая нам дзякуе. Пасля наведвання Меджугор’я ў мяне іншае стаўленне да малітвы і посту».
Пасланні Марыі: словы на ўсе часы

Візіянер Іван нагадаў галоўнае пасланне, з якім Марыя прыйшла на гэтую зямлю: «Я — Каралева Міру. Мір, мір і толькі мір. Ён павінен запанаваць у сэрцы чалавека, бо кожная вайна пачынаецца з сэрца. Гэты свет знаходзіцца ў вялікай небяспецы і яму пагражае знішчэнне». І далей:
Візіянер падкрэсліў: «Сям’я сучаснага свету напоўнена ранамі, яна крываточыць. Сям’я мае патрэбу ў духоўным аздараўленні. Толькі калі будзе духоўнае аздараўленне, можа аздаравіцца і сучаснае грамадства. Сучасны свет духоўна хворы, а найвялікшая хвароба — крызіс веры, бо людзі аддаліліся ад Бога». Ён дадаў пра сучасныя выклікі:
Але, кажучы пра крызісы, Іван нагадваў і пра лекі: «Маці прыносіць духоўныя лекі, якія мы павінны прыняць. Яна хоча перавязаць нашы раны з пяшчотай, любоўю і мацярынскім цяплом».
Вяртанне абноўленымі
У канцы свайго шляху беларускія вернікі падсумавалі: гэтая пілігрымка была нялёгкай. Акрамя доўгіх стаянак на межах, былі і раннія пад’ёмы, і спёка, і стомленасць у дарозе. Але, як прызнаецца Марына, у такія пілігрымкі людзі выпраўляюцца не спантанна: яны добра разумеюць, што іх чакаюць цяжкасці, і прымаюць іх як частку духоўнага досведу.

«Людзі ў дарозе сталі як адна сям’я, сапраўдная супольнасць вернікаў. Падтрымлівалі адзін аднаго добрым словам ці жартам, на гары трымалі за рукі і дапамагалі ісці старэйшым, у аўтобусе былі ўважлівыя да свайго суседа. Калі камусьці рабілася дрэнна, адразу з усіх бакоў цягнуліся «аптэчкі».
Людміла, якая спачатку баялася такой далёкай вандроўкі, прызнаецца, што ледзь сеўшы ў аўтобус, яна ўжо адчула, што «усе яе страхі засталіся ў Мінску»: «Уся пілігрымка прайшла як адзін подых. Я і па сёняшні дзень знаходжуся ў Меджугор’і. У сваіх снах я размаўляю з Марыяй, і Яна дае мне парады на наступны дзень. Мой пробашч, калі ўбачыў мяне пасля пілігрымкі, сказаў, што ў мяне зараз такі стан, што я надта палячу».

Юлія ж бачыць галоўны цуд пілігрымкі ў тым, што «Маці Божая суправаджае нас на кожным кроку — ад ідэі да завяршэння, і што Яна клапоціцца пра сваіх дзяцей». І дадае: «Асабіста для мяне гэта пілігрымка зноў вярнула мне думкі пра тое, каб мы будавалі не межы, а масты — увогуле ва ўсіх адносінах — адзін з адным, у сям’і, на працы, у грамадстве, паміж дзяржавамі — бо так цяжка іх пераадольваць і губляць такі каштоўны час… Размова, дыялог, малітва, адкрытае шчырае сэрца разбураюць усе муры…»
Беларускія вернікі прызналіся — яны прыехалі дадому зусім іншымі.
«Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, але ўвераваў», — нагадаў Іван Драгічэвіч словы Евангелля. І гэтая вера, пранесеная праз межы і выпрабаванні, стала галоўным скарбам, які застанецца з беларускімі пілігрымамі назаўсёды.












































































