У пяцігоддзе свайго прызначэння Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў адпустовую ўрачыстасць ў Галынцы
- 19 верасня, 2026
- Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
14 верасня парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Урачыстасць мела юбілейны характар, бо прайшло 1700 гадоў з таго часу, як былі знойдзены рэліквіі Крыжа, на якім Езус Хрыстус здзейсніў адкупленне людзей.
Таксама ў гэты дзень у парафіі адзначалі пяцігоддзе з таго часу, як арцыбіскуп Юзаф Станеўскі быў прызначаны арцыпастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Паколькі 14 верасня быў дзень нараджэння Папы Льва XIV, падчас літургіі маліліся таксама ў інтэнцыі Пантыфіка. Акрамя таго, пробашча парафіі ў Зарачанцы ксяндза прэлата Вітальда Лазавіцкага павіншавалі з 70-годдзем, якое ён нядаўна адзначыў.

Пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Аксенцьеў, дэкан Сапоцкінскага дэканату, вітаючы прысутных, назваў візіт арцыбіскупа Юзафа Станеўскага вялікім гонарам і радасцю для парафіі. Пробашч нагадаў, што Святы Крыж, які ўшаноўвалі ў гэты дзень у парафіі, — знак збаўлення і надзеі. Ён выказаў пажаданне, каб гэтая Імша стала для ўдзельнікаў крыніцай ласкі і духоўнага ўмацавання, папрасіў ахвяраваць яе ў інтэнцыі парафіян — жывых і памерлых, сем’яў, дзяцей, моладзі, хворых і тых, хто пакутуе. Прысутным святарам ён падзякаваў за служэнне.
Пробашч парафіі ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) ксёндз Томаш Ксянжкевіч CMF у гаміліі засяродзіў увагу на сэнсе крыжа, на тым, чым ён з’яўляецца і чым павінен быць у штодзённым жыцці кожнага верніка.
У парафіі адзначаюць, што сёлетняя адпустовая ўрачыстасць стала асаблівым часам падзякі — як за дар крыжа ў жыцці вернікаў, так і за пяцігадовае служэнне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на чале Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.




