Skip to main content

«Школа сямейнага жыцця» ў Мінску аб’яўляе набор слухачоў на новы навучальны год

17 кастрычніка
  • 14 жніўня, 2026
  • Выява: www.amiel.club // Catholicminsk.by

«Школа сямейнага жыцця» запрашае слухачоў на чарговы 2026-2027 навучальны год. Праект дзейнічае пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ўжо некалькі гадоў дапамагае вернікам умацоўваць сямейныя каштоўнасці і атрымліваць прафесійныя веды для дапамогі іншым.

Заняткі арганізуюцца пры сталічнай парафіі Божага Цела па адрасе: г. Мінск, вул. Герасіменкі, 6/1. Навучанне ў школе разлічана на тры з паловай гады і праходзіць у завочнай форме. Слухачы будуць сустракацца раз на месяц, з кастрычніка па чэрвень, звычайна ў трэцюю суботу і нядзелю. Сустрэчы арганізуюцца ў фармаце сесій (уік-эндаў), што дазваляе сумяшчаць заняткі з працай ці паўсядзённымі справамі.

«Школа сямейнага жыцця» асабліва чакае:

  • будучых сямейных кансультантаў: тых, хто хоча дапамагаць святарам у парафіяльным душпастырстве, праводзіць перадшлюбныя сустрэчы і кансультаваць пары ў крызісе;
  • сужонкаў і бацькоў: усіх, хто прагне паглыбіць уласныя веды, палепшыць адносіны ў шлюбе і знайсці адказы на пытанні выхавання дзяцей;
  • аніматараў і валанцёраў: кожнага, хто зацікаўлены ў развіцці сямейных рухаў і ініцыятыў.

Галоўная мэта курсаў — падрыхтоўка выкладчыкаў натуральнага планавання сям’і, якія змогуць дапамагаць на парафіях, рыхтаваць сямейныя пары да сакрамэнту сужэнства і праводзіць сямейныя кансультацыі.

У праграму курсаў уключаны наступныя дысцыпліны:

  • тэалогія і духоўнасць сужэнства;
  • псіхалогія сямейных адносін і ўзроставая псіхалогія;
  • этыка, біяэтыка і адказнае бацькоўства;
  • метады вырашэння сямейных канфліктаў і крызісаў;
  • практычныя асновы кансультавання і працы з парамі.

Выкладчыкамі з’яўляюцца кваліфікаваныя духоўныя і свецкія асобы.

Каб трапіць на навучанне, неабходна прайсці кваліфікацыйную размову, на якую можна запісацца да 17 кастрычніка па тэлефонах:

+375 (44) 759 45 25 — айцец Сяргей Трысцень OCD

+375 (29) 130 18 54 — айцец Пётр Фроштэга OCD

Для залічэння на кваліфікацыйнай размове неабходна прадставіць дакументы:

  • уласнаручна напісаная заява аб прыняцці ў «Школу сямейнага жыцця» з матывацыяй свайго рашэння;
  • уласнаручна напісаная кароткая аўтабіяграфія;
  • рэкамендацыя ад пробашча;
  • 2 фота 3х4;
  • ксеракопія пасведчання аб сярэдняй або вышэйшай адукацыі;
  • ксеракопія пашпарта (с. 31-33).

Па водгуках слухачоў курсаў, у школе можна атрымаць не толькі глыбокія веды ў галіне псіхалагічных ведаў, але і знайсці аднадумцаў, якія падтрымліваюць на шляху да ўмацавання веры і сямейных адносін.

Многія з навучэнцаў адзначаюць, што курсы сталі пунктам адліку для пераасэнсавання ўласнага жыцця і натхнілі на збліжэнне з Богам.

Пасля заканчэння курсу выпускнікі атрымліваюць адпаведныя сертыфікаты (дыпломы), якія даюць права на кансультацыйную дзейнасць пры парафіях.