Skip to main content

У Магілёве духавенства і кансэкраваныя асобы разважалі над крызісам як шляхам да вернасці Богу

30 верасня
  • 1 кастрычніка, 2026
  • Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне / Фота: кс. Юзаф Сярпейка // Catholicminsk.by

30 верасня ў парафіі святога Антонія ў Магілёве адбылося пастырскае спатканне святароў і кансэкраваных асоб Магілёўскага рэгіёна пад кіраўніцтвам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Галоўнай тэмай сустрэчы стаў крызіс у жыцці святара і асобы кансэкраванага жыцця. Канферэнцыю правёў духоўны айцец Магілёўскага рэгіёна ксёндз канонік Андрэй Далянскі, які прапанаваў удзельнікам паразважаць над прычынамі крызісаў, іх праяўленнем у жыцці чалавека і шляхамі іх пераадолення.

Звяртаючыся да ўласнага жыццёвага і душпастырскага досведу прысутных, святар адзначыў, што крызіс можа закранаць як асобнага чалавека, так і сям’ю, супольнасць або цэлае грамадства. Асаблівую ўвагу ён прысвяціў духоўным крызісам, якія датычаць веры, самасвядомасці і адносін чалавека з Богам.

«Месцам кожнага крызісу з’яўляецца сам чалавек»,

— падкрэсліў духоўны айцец, нагадваючы, што ніхто не вызвалены ад жыццёвых выпрабаванняў, у тым ліку святары і асобы кансэкраванага жыцця.

Асобны блок канферэнцыі быў прысвечаны цяжкасцям, якія могуць з’яўляцца ў святарскім і манаскім асяроддзі. Ксёндз Андрэй Далянскі звярнуў увагу на небяспеку суперніцтва, зайздрасці, закрытасці на дыялог, недахопу паслухмянасці і ізаляцыі. Падчас разважання былі таксама прыведзены думкі польскага святара Войцеха Навацкага, які сярод прычын крызісаў называў аслабленне вернасці пакліканню, празмерную актыўнасць без належнага духоўнага падмурку і расчараванне адсутнасцю бачных плёнаў служэння.

Разважаючы над шляхамі пераадолення крызісных сітуацый, духоўны айцец заахвоціў прысутных да вернасці малітве, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, частага ўдзелу ў Эўхарыстыі, рэгулярнай споведзі, духоўнага кіраўніцтва і братэрскага дзялення. Ён таксама падкрэсліў важнасць клопату пра фізічнае здароўе як адной з умоў захавання ўнутранай раўнавагі.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Падчас Эўхарыстыі пастыр маліўся аб новых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, асабліва на Магілёўшчыне. Малітвай былі ахоплены семінарысты архідыяцэзіі, якія праходзяць фармацыю ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, усе святары і кансэкраваныя асобы архідыяцэзіі, а таксама тыя, хто сёння перажывае найбольшыя жыццёвыя і духоўныя выпрабаванні.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на тэме вернасці, якая стала натуральным працягам разважанняў пра крызіс. Ён адзначыў, што сапраўдная вернасць правяраецца не тады, калі ўсё складаецца добра, але перадусім у хвіліны стомленасці, выпрабаванняў і незразуменняў.

«Сапраўдная вернасць пазнаецца не тады, калі ўсё адпавядае нашым чаканням. Яна пазнаецца тады, калі нешта застаецца для нас незразумелым. Калі мы расчараваныя. Калі стаміліся. Калі бачым чалавечыя слабасці»,

— адзначыў іерарх.

Разважаючы над адказам святога Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця», пастыр падкрэсліў, што хрысціянская вернасць не грунтуецца на поўным разуменні ўсіх падзей і абставінаў жыцця, але на даверы да Бога. «Вернасць не азначае, што чалавек ніколі не падае. Вернасць азначае, што пасля падзення ён вяртаецца да Хрыста. Пасля сумнення ён працягвае шукаць. Пасля расчаравання ён не закрывае сэрца, а яшчэ мацней звяртаецца да Бога», — сказаў біскуп.

Звяртаючыся да святароў і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны, ён нагадаў пра выклікі, якія сёння перажывае мясцовы Касцёл.

«Часам глядзім на вялікія адлегласці паміж парафіямі, на старэнне супольнасцяў, на недахоп новых пакліканняў і можам задавацца пытаннем: „Пане, што будзе далей?“ Але сёння Хрыстус не пытаецца нас пра поспех. Ён пытаецца нас пра вернасць»,

— падкрэсліў пастыр.

Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на пакліканне ўмацоўваць адзін аднаго ў веры і надзеі. «Магчыма, гэта адно з найважнейшых заданняў святара і кожнай асобы кансэкраванага жыцця: умацоўваць тых, хто стаміўся, сумняваецца або перажывае выпрабаванні», — адзначыў біскуп, спасылаючыся на словы Хрыста да апостала Пятра: «А ты, калі навернешся, умацуй братоў сваіх» (Лк 22, 32)

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі бягучыя пытанні жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Магілёўскага рэгіёна. Асаблівая ўвага была звернута на пачатак новага катэхетычнага года, падрыхтоўку да ружанцовых набажэнстваў, арганізацыю Х Ружанцовага Кангрэса ў Магілёве і правядзенне Навэнны да Маці Божай Фацімскай у межах падрыхтоўкі да 110-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

Біскуп таксама запрасіў усіх на святкаванне пятай гадавіны інгрэсу Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, якое адбудзецца 24 кастрычніка ў магілёўскай конкатэдры. Падчас урачыстасці будуць абвешчаны новыя грэміяльныя і ганаровыя канонікі Магілёўскага калегіяльнага капітула.

Удзельнікі сустрэчы былі таксама праінфармаваны пра агульнабеларускую малітоўную ініцыятыву ў інтэнцыі міру, якая адбудзецца 27 кастрычніка ў еднасці са Святым Айцом Львом XIV. У гэты дзень ва ўсіх парафіях краіны будзе ўзносіцца асаблівая малітва аб міры.

Сустрэча ў Магілёве стала часам духоўнай фармацыі, супольнай малітвы і братэрскага дыялогу. Разважанні над тэмамі крызісу і вернасці дапамаглі яе ўдзельнікам па-новаму зірнуць на сваё пакліканне і яшчэ раз усвядоміць, што сапраўдная вернасць Хрысту праяўляецца найперш у выпрабаваннях і штодзённай вернасці свайму служэнню.