У Маладзечне адбылася прыміцыйная Імша ксяндза Кірыла Арлёнка
- 14 ліпеня, 2026
- Тэкст і фота: Кацярына Савянок // Catholicminsk.by
- Паводле pio.by
У нядзелю, 28 чэрвеня, за дзень да пілігрымкі ў Будслаў, у 10.00 сваю першую – прыміцыйную – Імшу ў роднай парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, якой апякуюцца браты капуцыны, цэлебраваў ксёндз Кірыл Арлёнак, які 13 чэрвеня ў Таліне (Эстонія) ў катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла прыняў сакрамэнт святарскага пасвячэння.
Ва ўступным слове пробашч парафіі брат Уладзіслаў Мінько OFMCap прывітаў ксяндза Кірыла: «У дзень Пана, дзень перамогі над страхам і смерцю, мы можам быць сведкамі, як Божая ласка нястомна праліваецца ў жыцці людзей, жыцці гарадоў. І сёння маем вялікую радасць, што сын гэтай зямлі, ксёндз Кірыл, будзе цэлебраваць разам з парафіянамі сакрамэнт Эўхарыстыі. Ксёндз Кірыл з’яўляецца місіянерам. Ён скончыў семінарыю “Рэдэмпторыс Матэр” і цяпер прызначаны да дыяцэзіі ў Таліне, Эстонія. Мы славім Бога за тое, што робіць у тваім жыцці, за дар твайго паклікання».

Падчас гаміліі ксёндз Кірыл звярнуў увагу, што ў Бібліі паўтараецца ўвесь час тая самая гісторыя: Пан Бог выбірае якога-небудзь чалавека, абяцае яму штосьці абсалютна немагчымае і кажа: «Не бойся. Я з табой».
«Усе мы баімся, нават калі хтосьці і выглядае ўпэўненым у сабе. Усе мы поўныя страху. Хвароба, старасць, беднасць, адзінота або канкрэтныя людзі — нашыя крыжы, якіх не зносім, ад якіх з-за страху ўвесь час стараемся ўцячы. Але для нас ёсць добрая вестка: Бог прыйшоў, каб вызваліць кожнага з нас з гэтага страху, у якім жывем», — падкрэсліў святар.

Згодна з кнігай Быцця, Адам і Ева ўпершыню адчулі страх тады, калі засумняваліся ў Богу. Сумненне ў Божай любові і ёсць корань страху. Услед за прабацькамі, спытаў прамоўца, ці не трапляе кожны ў пастку д’ябла, які кажа: «Ёсць толькі адно тлумачэнне тваіх няшчасцяў: Бог цябе пакінуў, Ён цябе не любіць»? «Можа я ўяўляю сабе Бога ўвесь час як суддзю, які толькі і пільнуе, ці не ўпаду, каб адразу пакараць? Можа я думаю, што павінен нешта Богу даць — скласці ахвяру? Той вобраз Бога, які маю, — ці ён праўдзівы? Ці не падказвае мне яго д’ябал?» — пастаўленнымі пытаннямі заахвоціў задумацца над вобразам Бога ён.
А Езус кажа: «Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет» (Ян 12, 47) Яго вялікім прагненнем было прыняць крыжовую смерць: «…як жа Я пакутую, пакуль гэта не споўніцца!» (Лк 12, 50). Езус ішоў на крыж абсалютна свядома і добраахвотна, бо ведаў, што Яго крыжовая смерць — адзіны шлях перамогі над грахом і збаўлення ўсяго чалавецтва, кожнага з нас.
— сцвердзіў новапрэзбітэр.
Паводле яго, нашыя ўласныя крыжы, людзі і сітуацыі, якіх не зносім, — гэта тое, што Бог дазволіў у нашым жыцці, каб мы маглі перажыць досвед самога Езуса Хрыста. На самой справе, нашая сапраўдная патрэба — не ў тым, каб усё у жыцці змяніць, каб не хварэць, каб хапала грошай, каб змяніць іншых людзей, але ў тым, каб перажыць бясплатную любоў Бога на тым месцы і ў той сітуацыі, дзе Бог нас паставіў, і быць шчаслівымі і задаволенымі.

Падцвярджаючы гэтыя словы, ксёндз Кірыл Арлёнак падзяліўся ўласным досведам крыжа ў сваім жыцці, з якога нарадзілася яго пакліканне: «Першым сапраўдным цярпеннем, якое даў мне Пан, была смерць майго бацькі. Ён памёр, калі мне было 10 гадоў. Хто мне адкажа, чаму ў іншых дзяцей ёсць таты, а ў мяне няма? Дзе справядлівасць? З такімі думкамі я жыў. Дзесьці ў 18 гадоў я нарабіў “дзялоў”. Калі я прыйшоў у касцёл (перш за ўсё праз тыя нэакатэхуменальныя супольнасці, якія тут ёсць), мне было сказана: “А ці ты не ведаеш, Кірыл, што на самой справе Бог — твой Айцец, і Ён хоча мець з табой адносіны як айцец з сынам. І Ён нават больш для цябе айцец, чым твой кроўны бацька”. Гэтыя словы былі для мяне, як меч. Але Пан Бог дазволіў у маім жыцці цярпенне, якое я цяпер магу хваліць. Бо праз яго я ўбачыў бацькоўства Бога Айца можа больш, чым іншыя. І цяпер я ксёндз не таму, што марыў аб гэтым, і не таму, што я нейкі надзвычайны чалавек. Хто мяне ведае, можа нават падумаць, што тут штосьці не так, што гэта немагчыма. Я табе абяцаю ў імя Касцёла, што Бог усё добра зрабіў у тваім жыцці. Тыя рэчы, якіх ты баішся, ненавідзіш і не можаш прабачыць — гэта самыя галоўныя рэчы ў тваім жыцці. Ты гэтага, можа, не бачыш, але калі будзеш прасіць, Дух Святы пакажа. Ведай, што цябе такога Бог любіць.
Потым прадстаўнікі нэакатэхуменальных супольнасцяў маладзечанскай парафіі ад імя ўсіх парафіянаў павіншавалі ксяндза Кірыла: «Любімы наш брат Кірыл, Бог паказаў, як немагчымае зрабіць магчымым, і ў гэтым уся поўня Яго любові да цябе. Жадаем табе добрага шляху з Духам Святым, а мы заўсёды на сувязі праз малітву».

«Вялікая пакута слухаць віншаванні, калі ты яшчэ нічога не паспеў зрабіць, — з усмешкай заўважыў новапасвечаны святар. — Як раз трапна, што на абразку-памятцы з пасвячэння зроблена выява Езуса на асле пры ўваходзе ў Ерузалем. Кажуць, што калі Езуса гучна віталі і пляскалі ў далоні, як і вы цяпер, то асёл думаў, што гэтыя апладысменты ў яго гонар. Больш менш і я сябе зараз так адчуваю, як той асёл. Але ўдзячны вам усім».
Вернікі дзякуюць Богу за такую вялікую ласку для парафіі — дар паклікання — і выказваюць жаданне, каб не толькі малітва родных і нэакатэхуменальнай супольнасці, але і ўсёй парафіі была падтрымкай для ксяндза Кірыла.



















