Skip to main content

Адкрываючы асобу «непахіснага абаронцы каталіцкай веры»: стваральніца мемарыяльнага дома ксяндза Станіслава Жука ў Касцяневічах дзеліцца адкрыццямі і планамі

  • 8 мая, 2026
  • Фота: catholic.by і з архіва Ірыны Дзенісенка // Catholicminsk.by

Спадарыня Ірына Дзенісенка сустрэлася ў Беластоку (Польшча) з суаўтарам трох кніг пра шматгадовага касцяневіцкага пробашча Станіслава Жука — ксяндзом доктарам Адамам Шотам. Фонд экспазіцыі памяці вясковага святара, які евангелізаваў у тым ліку праз карэспандэнцыю, папоўніўся, дзякуючы ксяндзу Адаму, каштоўнымі выданнямі ягоных лістоў. У хуткім часе ў музеі з’явяцца таксама стэнды, прысвечаныя святарам-паплечнікам ксяндза Станіслава.

З чаго ўсё пачыналася

8 сакавіка 2022 года з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча быў урачыста адкрыты мемарыяльны дом-выстава (музей) ксяндза Станіслава Жука ў вёсцы Касцяневічы Вілейскага раёна, да якога спадарыня Ірына мае самае непасрэднае дачыненне.

Менавіта яна з паплечніцай Раісай Зяньчук ператварыла звычайную вясковую хату ў будынак, у якім годна прадстаўленая экспазіцыя аб жыцці і служэнні выбітнага вясковага пробашча — «Яна Віянэя з Крэсаў», як называлі яго сучаснікі.

Спадарыні Ірына і Раіса праводзяць экскурсію, 2023 год. Фота: catholic.by

Ксёндз Станіслаў адбудаваў зруйнаваны касцёл у Касцяневічах, ахвярна служыў там на працягу 37 гадоў: з 1946 па 1983 год — і ўжо пры жыцці меў рэпутацыю святасці. Спадарыня Ірына, якая ведала святара з успамінаў блізкіх людзей і парафіянаў, узялася за справу захавання ягонай памяці.

А пачалося ўсё з дыпломнай працы ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля.

Спадарыня Ірына, гісторык па адукацыі, прызнаецца, што ідэя пісаць працу пра «непахіснага абаронцу каталіцкай веры» (а менавіта гэтыя словы ўжытыя ў назве дыпломнай) прыйшла не адразу. Спачатку яна думала абраць больш распрацаваную тэму, па якой можна знайсці шмат літаратуры. Але ў выніку ўзялася за тую, дзе трэба было бясконца шукаць, працаваць з архівамі і задавольвацца напачатку скупымі звесткамі. Сышло на гэта два гады.

«Я і не думала, што вынікі маёй працы перарастуць у нешта большае. Разлічвала, што напішу працу ды й забудуся»,

— кажа былая студэнтка каледжа.

Аднак Божы Провід распарадзіўся іначай, і спадарыня Ірына не спынілася на дасягнутым: наступныя два гады яна прысвяціла стварэнню музея. У дзень 120-годдзя з дня нараджэння ксяндза Станіслава Жука музей быў асвячаны і адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.

Сёння гэта прызнаны аб’ект рэлігійнага турызму, які ўключаюць у свае маршруты арганізатары пілігрымак, наведваюць студэнты тэалагічнага каледжа, святары і проста зацікаўленыя асобы.

У 2023 годзе з нагоды юбілею 225-годдзя заснавання Мінскай дыяцэзіі намаганні спадарыні Ірыны Дзенісенка былі адзначаныя ганаровай граматай за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Рыма-каталіцкага Касцёла ў Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

У 2025 годзе ў выдавецтве «Про Хрысто» выйшла таксама кніга пра ксяндза Станіслава «Трывайце моцна ў веры», складальніцай якой стала нястомная захавальніца яго памяці.

Беласток

Здавалася б, цяпер можна было б задаволіцца выключна падтрыманнем працы музея. Аднак гэта не пра няўрымслівую стваральніцу музея.

Сёлета ўвесну спадарыня Ірына накіравалася ў Беласток — першае месца служэння ксяндза Станіслава — у пошуках дадатковых  звестак пра святара.
Спадарыня Ірына Дзенісенка падчас паездкі ў Польшчу, 2026 год

Чалавек, які ёй у гэтым дапамог, — гэта ксёндз доктар Адам Шот, пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Беластоку, грэміяльны канонік Беластоцкага мітрапалітальнага капітула.

Ксёндз Адам, прафесійны гісторык, пазнаёміў спадарыню Ірыну з выданнямі польскага Інстытута нацыянальнай памяці, да якіх ён спрычыніўся: «Смерці з нас ніхто не баіцца» (2012, лісты святароў Віленскай архідыяцэзіі з СССР), «Не паміраю як герой, але жыву ў працы і змаганні» (2014, зборнік лістоў ксяндза Станіслава Жука з 1944-1983 гадоў да свецкіх асоб), «Бадзяжны лёс сям’і Саковічаў» (Успаміны Вінцэнта, Матыльды і Альгерда Саковічаў з 1898-1970 гадоў; Лісты ксяндза Станіслава Жука да Матыльды Саковіч).

Саковічы — сям’я з Будслава, з якой ксёндз Станіслаў Жук пасябраваў, калі быў там пробашчам, і доўгія гады падтрымліваў з ёй сувязь, нават калі сям’ю вывезлі ў Сібір. Ксёндз Адам распавёў, што ў выніку Матыльда Саковіч, у замустве Ліброўская, дачка загадчыка будслаўскай пошты Вінцэнта Саковіча, апынулася ў Англіі. Праз Інтэрнэт ўдалося знайсці сына пані Матыльды, Станіслава Ліброўскага, які падзяліўся каштоўнымі матэрыяламі са спадчыны маці, у тым ліку цікавай перапіскай з ксяндзом Станіславам Жуком, якая працягвалася да самай смерці святара.

Усе гэтыя выданні — каштоўны матэрыял, які пралівае святло на асобу ксяндза Станіслава.

Зборнік лістоў ксяндза Станіслава Жука да свецкіх асоб «Не паміраю як герой, але жыву ў працы і змаганні», 2014 год
«Чытаючы гэтыя лісты, мы прыйшлі да высновы, што гэта варты выдання пласт святарскай духоўнасці, духоўнасці чалавека, які пражывае сваё святарства ў самоце, турбуючыся пра стан Касцёла. На шчасце, ксёндз Станіслаў дажыў да часу, калі стала відавочна, што прыйдуць новыя пакаленні святароў, з Рыгі і Коўна, і ўмацуюць шэрагі, асабліва на мяжы 70-80 гадоў»,

— адзначае ксёндз Адам.

Таксама ў рукі спадарыні Ірыны трапіла  «Мартыралогія духавенства Віленскай архідыяцэзіі 1939-1945» аўтарства ксяндза Тадэвуша Крахэля, дзе ёсць біяграфічны артыкул пра ксяндза Станіслава.

Стваральніца музея не хавае свайго захаплення ад гэтай сустрэчы:

Акрамя гэтага, ксёндз прадэманстраваў падарунак, зроблены рукамі ксяндза Станіслава Жука, які ён атрымаў падчас свайго наведвання Касцяневіч ад ксяндза Пятра Пятрагі, былога пробашча касцяневіцкай парафіі.

Зробленае кс. Станіславам Жуком укрыжаванне з дэкаратыўнымі элементамі, якое захоўвае ксёндз Адам Шот

Святар пазнаёміў таксама сваю суразмоўцу з экспазіцыямі ў Архідыяцэзіяльным архіве і музеі ў Беластоку.

Ксёндз доктар Адам Шот падчас экскурсіі па Архідыяцэзіяльным музеі ў Беластоку

У адной з выставачных залаў, прысвечанай Віленскай архідыяцэзіі, захоўваюцца важныя і для Беларусі экспанаты: фота, рэчы, дакументы, якія належалі благаслаўлёнаму ксяндзу Міхалу Сапоцьку, спаведніку святой Фаўстыны Кавальскай, ураджэнцу Валожыншчыны; стэнд, прысвечаны арцыбіскупу Рамуальду Ялбжыкоўскаму, Мітрапаліту Віленскаму з 1926 года, які ўдзяліў ксяндзу Станіславу Жуку прэзбітэрскае пасвячэнне; стэнд, прысвечаны Эдварду Кісялю, Мітрапаліту Беластоцкаму, які благаславіў ксяндза Станіслава з нагоды 50-годдзя святарства.

Планы

Кнігі, прывезеныя з Беластока ў Беларусь, ужо занялі пачэснае месца ў музеі ксяндза Станіслава Жука, адправіліся ў Гродзенскую семінарыю, у Апостальскую нунцыятуру, у Нацыянальны санктуарый у Будславе — спадарыня Ірына жадае, каб як мага больш людзей даведаліся пра чалавека, які аддаў у служэнні Богу і людзям ўсяго сябе, і натхніліся яго прыкладам.

У музеі зараз пустуе адзін пакой. Але хутка і ён, па словах спадарыні Ірыны, запоўніцца стэндамі:

Такія маштабныя планы не з’яўляюцца, аднак, канчатковай мэтай. Вялікая мара спадарыні Ірыны — кананізацыя ксяндза Станіслава, да якой, як вядома, вядзе шмат ступеняў і на якую трэба воля Божая.

Але суразмоўца цвёрда ўпэўненая: ксёндз Станіслаў годны ўшанавання як святы. Ксёндз доктар Адам Шот, які дасканала вывучыў эпісталярную спадчыну вясковага пробашча і наведваў Касцяневічы, такое меркаванне сваёй калегі з Беларусі цалкам падзяляе.