Skip to main content

У Мар’інай Горцы адбылося інтэрактыўнае мерапрыемства ў гонар святога Юзафа

22 сакавіка
  • 23 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Сняжана Буцук / Фота: з архіва ўдзельнікаў // Catholicminsk.by

22 сакавіка з нагоды нядаўнай урачыстасці святога Юзафа жанчыны парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы зладзілі для мужчын адмысловае мерапрыемства. Пасля святой Імшы для іх адбыўся невялікі інтэрактыў пад назвай «Святы Юзаф: мужнасць у цішыні».

Падчас акцыі ўдзельнікі вялі гаворку і адказвалі на пытанні віктарыны пра працавітага, шчырага і маўклівага Юзафа.

За кожны правільны адказ каманда забівала ў дошку цвічок, такім чынам фіксуючы свае дасягненні ў спаборніцтве.

Кожны паспрабаваў пабыць у «Юзафавай цішыні» і прыслухацца да сябе, каб задаць хвалюючае пытанне майстру з Назарэта.

Сустрэча адбывалася амаль у сапраўднай майстэрні. Пах дрэва, цяслярскія інструменты, гук малатка па цвіках дадавалі атмасфернасці.

Прадстаўнікі мужчынскай часткі парафіі разважалі, як цішыня дапамагае нам сёння пачуць волю Бога, а фізічная праца фарміруе асобу і характар.

Напрыканцы імпрэзы прысутныя памаліліся праз заступніцтва святога Юзафа і атрымалі невялічкія падарункі звязаныя з фізічнай працай: малаток, рукавіцы, мыла. Завяршылася сустрэча цёплай размовай за гарбатай з пачастункамі.

Інструментальны фон дня складалі гукі лютні і аргана.