Skip to main content

Велікапосны дзень засяроджання законных сясцёр з удзелам біскупа Касабуцкага прайшоў у Мінску

5 сакавіка
  • 7 сакавіка, 2026
  • Тэкст: с. Анастасія Маргун CSSH / Фота: с. Марыя Мінютка USJK // Catholicminsk.by

5 сакавіка ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра пры Місіі Добрага Самараніна ў Мінску адбыўся чарговы дзень засяроджання для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які адзначыўся прысутнасцю Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

Духоўнае мерапрыемства распачалося набажэнствам Крыжовага шляху з разважаннямі стацый, падрыхтаванымі сёстрамі розных кагрэгацый. Напрыканцы набажэнства сёстры ўшанавалі крыж.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту распачалася святая Імша, якую ўзначаліў  біскуп Юрый Касабуцкі, а канцэлебравалі айцец Павел Раманчук OFMConv і ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC.

У гаміліі падчас Імшы іерарх засяродзіўся на тэме перажывання Вялікага посту: што азначае сапраўдны пост? Іерарх адзначыў, што, на жаль, людзі часцей за ўсё асацыіруюць пост з забаронаю ці абмежаваннем якіх-небудзь страваў. «Такі падыход вельмі далёкі ад той сутнасці посту, які мы перажываем», — адзначыў біскуп.

Робячы экскурс у гісторыю, пастыр адзначыў, што ў Старым Запавеце ў габрэйскага народа таксама былі практыкі пакаяння, якія выражаліся ў пасыпанні галавы попелам, апрананні ў мешкавіну і г. д., але гэта былі хутчэй перыядычныя практыкі, звязаныя с заклікамі прарокаў. Усё павінна было спрыяць навяртанню.

«Сёння словы “навяртанне”  і “пост” часцей за ўсё ідуць паасобку, кожнае сваім ходам»,

— падкрэсліў прамоўца.

У апошнія часы Каталіцкі Касцёл крыху з іншага боку падыходзіць да посту, заклікаючы ўслед за Святым Пісаннем больш да міласэрнасці, чым да ахвяры. Сутнасць посту адкрываюць біблійныя тэксты. Важнейшай, па словах іерарха, з’яўляецца не знешняя, а ўнутраная яго праява: «Сёння мы кажам пра ўнутраную праяву жыцця.

Пост — гэта перш за ўсё тое, што ёсць у сэрцы чалавека, у глыбіні душы, тое, што адбываецца там».

Падчас Вялікага посту мы асабліва звяртаем позірк на Церпячага Езуса Хрыста і на Маці Божую Балесную, на іх ахвяру. «Сучасны чалавек таксама павінен разумець, што ахвяра патрэбная», канстатаваў галоўны цэлебрант.

У якасці прыкладу біскуп Юрый распавёў гісторыю аднаго маладога чалавека, жыццё і адносіны з роднай сястрой якога змянілі два словы: «перапрашаю» і «прабач», якія каштавалі яму вялікага высілку.

Адказваючы на пытанне, што з’яўляецца прыярытэтам падчас посту, біскуп Касабуцкі, спасылаючыся на прамову Папы Льва XIV на пачатак Вялікага посту, нагадаў, што важна зрабіць нейкае дабро, напрыклад не крыўдзіць словамі, не ігнараваць іншага чалавека, асабліва таго, хто побач з намі. Гэты добры ўчынак для бліжняга, аб’ектыўна нават і невялікі, але які шмат каштуе веруючага чалавека, дапаможа яму зрабіць у духоўным жыцці чарговы крок наперад. Нават калі спачатку не будзе атрымлівацца так, як ён хоча, важны сам высілак без чакання на ўзнагароду. У Валадарстве Божым самым каштоўным і вартым лічыцца тое, што нам даецца праз высілак.

«Бог глядзіць у сэрца чалавека, пранікае яго, і важна, каб гэтае сэрца не было закрыта»,

— дадаў прамоўца.

Напрыканцы гаміліі іерарх засяродзіўся на тэме ролі законных сясцёр у сёняшнім свеце. Паводле яго меркавання, яна вялікая, таму што сёстры нясуць людзям Хрыста. Калі яны жывуць Божым жыццём, тады могуць ім дзяліцца з іншымі, і праз іх прамаўляе Бог.

Разам з тым, пастыр заўважыў, што «разнастайнасць супольнасцей — гэта радасць і багацце Касцёла сёння», і папярэдзіў, што «ад нас залежыць, якім будзе Касцёл заўтра».

«Вельмі важна, каб людзі бачылі, што  чалавек можа быць шчаслівым і радасным ад таго, што жыве з Хрыстом . Гэта і ёсць сведчанне, якое вы даеце.   Ваша задача – стварыць супольнасць такой, каб усе разумелі – мы шчаслівыя, мы браты і сёстры, мы ў адным Касцёле»,

— такі наказ даў біскуп, завяршаючы гамілію.

Пасля Імшы біскуп Юрый павіншаваў сясцёр з надыходзячым святам 8 сакавіка і ад імя арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і свайго падарыў кожнай сястры па прыгожай ружы.

Апошнім пунктам дня засяроджання была арганізацыйная сустрэча, падчас якой айцец Павел абмеркаваў з сабранымі законнымі сёстрамі сучасныя выклікі душпастырскай працы і далейшыя планы.

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай прысутных.