14 снежня каля 7 гадзін раніцы здарыўся пажар у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне каля Гродна.
Для мясцовых вернікаў гэта вялікая трагедыя, прычым здарылася яна ў час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.
Сапоцкінскі касцёл належыць да найстарэйшых каталіцкіх святыняў Беларусі. Яго гісторыя ўзыходзіць да XVIII стагоддзя. Спачатку на яго месцы быў драўляны касцёл, які пазней быў перабудаваны ў мураваны. У розныя гістарычныя перыяды святыня перажывала войны, змену ўладаў, рэлігійныя ганенні, у XIX стагоддзі рэстаўравалася, а ў савецкія часы была зачынена і выкарыстоўвалася не па прызначэнні.
Варта адзначыць, што 15 снежня 1989 годзе ў касцёле таксама здарыўся пажар, падчас якога згарэў галоўны алтар.

За апошнія гады дзякуючы мясцовым вернікам касцёл быў адноўлены пад кіраўніцтвам пробашча кс. Антонія Абухоўскага. Быў заменены дах, прайшоў унутраны рамонт, а сёлета пачаўся знешні. Усё гэта было знішчана пажарам: пашкоджаны дах, кроквавая сістэма па ўсёй плошчы будынка, закураны сцены, столь, унутранае ўбранства, цалкам згарэла сакрыстыя і ўсё, што ў ёй было, у тым ліку літургічнае начынне і ўбранне, касцёльныя кнігі.
Адразу ж пасля пажару парафіяне і іншыя неабыякавыя прыступілі да прывядзення святыні ў парадак уласнымі сіламі. Прыбралі спаленыя часткі даху, пачалі мыць сцены.
Працягваецца высвятленне прычын пажару, над чым працуюць спецыялісты і адпаведныя органы.
Усе, хто хацеў бы дапамагчы аднаўленню касцёла, могуць пералічыць сродкі на рахунак парафіі. Пробашч і парафіяне загадзя дзякуюць за кожнае ахвяраванне, а таксама выказваюць падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у гашэнні агню і падтрымаў парафію малітвай.
Банкаўскія рэквізіты парафіі:
РО «Религиозная община приход костела Вознесения на небеса Пресвятой Девы Марии и святого Иосафата в г. п. Сопоцкин Гродненского района Гродненской епархии Римско-католической Церкви в Республике Беларусь»
УНП 500030886
р/с BY56 AKBB3015 0000 4672 4400 0000
БИК AKBBBY2X
добровольные пожертвования на восстановление костела










