Skip to main content

У Фашчаўцы на Магілёўшчыне падчас парафіяльнага адпусту біскуп Яшэўскі ўнёс у капліцу рэліквіі святога Андрэя Баболі

  • 2 чэрвеня, 2023
  • Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Алесь Грудзіна
  • Сatholic.by

У сераду 31 мая Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна, дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць.

Разам з іерархам у святкаванні ўзялі ўдзел святары, якія нясуць служэнне на Магілёўшчыне: дэкан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч з Горак, настаяцель супольнасці ксяндзоў марыянаў у Беларусі ксёндз Вадзім Мізэр МІС з Оршы, ксёндз Ежы Вежхоўскі CMF і айцец Раман Шульц ОР з Магілёва, а таксама ксёндз Павел Адамовіч з Крычава. Біскупа, святароў, парафіянаў і гасцей прывітаў пробашч парафій у Фашчаўцы і ў Шклове ксёндз Міхал Бубен.

На пачатку літургіі біскуп Яшэўскі ўрачыста ўнёс у капліцу рэліквіі святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка, падараваныя фашчаўскай парафіі.

Жыццё гэтага святога было звязана з Магілёўшчынай: ён пэўны час правёў у езуіцкай супольнасці ў Бабруйску, пры касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, таму духоўна блізкі мясцовым вернікам, якія цяпер маюць магчымасць ушаноўваць мучаніка ў сваёй парафіяльнай святыні і праз яго заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках для сябе і сваіх блізкіх.

У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу прысутных на тое, што Найсвяцейшая Панна Марыя хоча, каб людзі звярталіся да Яе па навуку хрысціянскага жыцця і ўмацаванне ў веры.

«Толькі ў святле веры мы разумеем годнасць і пакліканне чалавека, які, будучы па сваёй прыродзе стварэннем і слугой, быў узнесены ласкай на вышыні Божага жыцця, каб стаць дзіцем Божым. Такім чынам, вера — гэта не ўбоства і абмежаванасць розуму, але яго ўзбагачэнне новым пазнаннем, што з’яўляецца пачаткам вечнага шчасця»,— падкрэсліў пастыр.

На заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў прысутных вернікаў даверыць сваю веру Марыі і Яе Беззаганнаму Сэрцу, па Яе прыкладу захоўваць у сэрцах праўды веры і разважаць над імі.

Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна існуе з 1639 года. У 1967 годдзе мураваны касцёл быў знішчаны савецкімі ўладамі. Год таму Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўрачыста пасвяціў капліцу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

2023-06-02-Faszchuka20230602-001
2023-06-02-Faszchuka20230602-002
2023-06-02-Faszchuka20230602-003
2023-06-02-Faszchuka20230602-004
2023-06-02-Faszchuka20230602-005
2023-06-02-Faszchuka20230602-006
2023-06-02-Faszchuka20230602-007
2023-06-02-Faszchuka20230602-009
2023-06-02-Faszchuka20230602-010
2023-06-02-Faszchuka20230602-011
2023-06-02-Faszchuka20230602-012
2023-06-02-Faszchuka20230602-013
2023-06-02-Faszchuka20230602-014
2023-06-02-Faszchuka20230602-015
2023-06-02-Faszchuka20230602-016