Skip to main content

550-годдзе парафіі і завяршэнне Святых місій урачыста адзначылі ў Лебедзеве

19 ліпеня
  • 23 ліпеня, 2026
  • Аўтар: Таццяна Шумель / Фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by

19 ліпеня ў аграгарадку Лебедзева Маладзечанскага раёна адбылася ўрачыстасць, якая аб’яднала дзве важныя падзеі: завяршэнне Святых місій і 550-гадовы юбілей мясцовай парафіі.

Урачыстую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Разам з іерархам малітву ўзносілі былыя пробашчы парафіі, якія пакінулі значны след у яе гісторыі: ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, айцец Пётр Байгер, ксёндз Гжэгаж Балеста, ксёндз Уладзіслаў Лазар, ксёндз Уладзімір Русак, а таксама шматлікія святары з маладзечанскага і вілейскага дэканатаў, браты капуцыны і сёстры законныя. Некалькі сотняў вернікаў запаўнілі касцёл, каб разам падзякаваць Богу за 550-гадовую гісторыю веры на гэтай зямлі.

Святая Імша стала кульмінацыяй васьмідзённых Святых місій, якія праводзіў ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла ў Жупранах. Як адзначыў пробашч парафіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap, ксёндз Артур «збег са шпіталя, каб быць з намі» — гэтая ахвярнасць стала першым і самым кранальным сведчаннем яго адданасці. На працягу васьмі дзён вернікі мелі магчымасць па-новаму пачуць Божае слова, прынесці пакаянне і аднавіць сваё духоўнае жыццё. 

На пачатку Імшы біскуп Касабуцкі абвясціў радасную навіну: парафія атрымала віншавальны дэкрэт ад Святога Айца з нагоды 550-годдзя заснавання парафіі. Гэты дакумент стаў для вернікаў жывым знакам яднання з усім Касцёлам і духоўнай падтрымкі ад Намесніка Хрыста.

Словы Пантыфіка, поўныя бацькоўскага благаслаўлення, пацвердзілі, што гісторыя лебедзеўскай парафіі — не мінуўшчына, а жывая частка сусветнага Касцёла. Вернікі ўспрынялі гэты дэкрэт як асаблівы знак увагі і пацверджанне таго, што іх маленькая супольнасць з’яўляецца часткай вялікага Каталіцкага Касцёла, які ахоплівае ўвесь свет. 

Падчас гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуўся да вернікаў са словамі падзякі і заклікам берагчы дар веры, які перадалі продкі. Ён нагадаў, што сённяшняе свята — гэта не проста ўспамін мінулага, а жывое сведчанне таго, што Бог пастаянна дзейнічае ў гісторыі гэтай зямлі.

«550 гадоў — гэта вялікі дар, які мы атрымалі ад нашых продкаў. Яны перадалі нам веру праз свае малітвы, праз сваё жыццё, праз сваю мужнасць. І сёння, гледзячы на вас, я бачу, што гэтая вера жывая. Яна б’ецца ў вашых сэрцах, свеціцца ў вашых вачах, чуецца ў вашай малітве»,

— сказаў іерарх.

Ён заклікаў не дазваляць штодзённым клопатам заглушыць тое, што вернікі перажылі падчас місій, і нагадаў, што Касцёл — гэта не будынак, а супольнасць людзей, якія разам ідуць да Бога. 

Пасля біскупа да прысутных звярнуўся ксёндз Артур Ляшнеўскі. Ён прысвяціў сваю навуку сэнсу крыжа, які стаў цэнтральным знакам завяршэння місій. Святар спытаў: «Крыж — гэта дэкарацыя? Ён упрыгожвае наша жыццё? Не, гэта не ўпрыгожванне. Гэта вельмі важны знак, памятка чагосьці вельмі важнага, ад якой залежыць наша цяперашняе жыццё і жыццё вечнае».

Ксёндз Артур растлумачыў, што крыж з’яўляецца:

  • памяткай зла — напамінам, што грахі чалавека прывялі Езуса на крыж;
  • памяткай навяртання — заклікам да змены жыцця;
  • памяткай надзеі — бо крыж не канец, а пачатак новага жыцця;
  • памяткай ахвяры — напамінам пра найвялікшую любоў;
  • памяткай перамогі — крыж з’яўляецца знакам перамогі Хрыста над смерцю.

«Нам патрэбна шмат крыжоў, — сказаў ён, — бо яны нам прыпамінаюць, што зрабіў нам Бог, каб мы не былі адкінутыя, асуджаныя».

Словы біскупа і прамоўцы працягнуў ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, першы пробашч адноўленай парафіі, чалавек, які доўгія гады вёў парафіян да Бога. Яго голас гучаў як запавет тым, хто застаецца: 

«Грошы страціць — мала страціць. Годнасць страціць – шмат страціць. А Бога страціцьусё страціць. Памятайце: Хрыстус тут, сярод нас, і Ён прамаўляе. Мінулае прайшло, будучае невядомае, а тое, што ёсць цяпер — гэты дар веры, гэтая супольнасць — цаніце, беражыце. Бо страціць Бога — страціць усё».

Гэтыя кароткія, але мудрыя словы, поўныя вопыту і веры, кранулі сэрцы прысутных, нагадаўшы, што самая вялікая страта — страта Бога, а самы вялікі скарб — Яго прысутнасць тут і цяпер. 

Брат Андрэй Жылевіч, пробашч парафіі, падсумаваў гэты ўрачысты момант:

«Плённа перажыўшы гэты час, хочацца з упэўненасцю сказаць: Бог пастаянна дзейнічае ў нашай гісторыі і робіць усё, каб памяць пра справу нашага Збаўлення трывала вечна».
 

Ён выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі свята. Асобныя словы падзякі былі сказаны ксёндзу Артуру Ляшнеўскаму за яго сведчанне веры і духоўнае аднаўленне парафіі. 

Пасля Імшы ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці — біскуп, святары, законныя сёстры і некалькі сотняў вернікаў — рушылі працэсіяй да новага місійнага крыжа. Гэты крыж быў усталяваны перад касцёлам дзякуючы намаганням пробашча брата Андрэя Жылевіча. Падчас кароткага набажэнства адбылося яго ўрачыстае асвячэнне. Крыж стаў не проста ўпрыгожваннем, а жывым напамінам пра галоўнае — пра любоў, якая перамагае смерць, пра веру, якая дае сілу, і пра надзею, якая ніколі не знікае. На памятнай табліцы, усталяванай побач, выбіты словы, якія нагадваюць кожнаму, хто ўваходзіць у касцёл: тут адбылося нешта вялікае — не проста свята, а сустрэча з жывым Богам.

Калі крыж быў асвечаны, ксёндз Артур Ляшнеўскі яшчэ раз звярнуўся да прысутных. Яго словы гучалі як духоўны запавет на ўсе наступныя дні: 

«У вашым жыцці будзе шмат шуму. Свет будзе крычаць, будзе адцягваць, будзе спрабаваць заглушыць усё, што важна. Але ў гэтым шуме не страціце голасу Пана. Ён не крычыць. Ён гаворыць ціха — у цішыні вашага сэрца, у момантах малітвы, у прастаце Эўхарыстыі. Ён заўсёды будзе з вамі. Заўсёды. Нават калі вам будзе здавацца, што ўсё страчана — Ён побач. Слухайце Яго. Ён вядзе вас дадому».
 

Гэтыя словы нагадалі кожнаму, што місіі не заканчваюцца сёння — яны працягваюцца ў штодзённым выбары чуць Бога сярод шуму свету.

Асаблівым падарункам для ўсіх сабраных стала прысутнасць Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа. Яго візіт у Лебедзева стаў знакам асаблівай блізкасці Святога Айца і пацвердзіў, што гэтая невялікая парафія з’яўляецца жывой часткай сусветнага Касцёла. Вернікі віталі пасла Ватыкана з вялікай радасцю і крананнем, бачачы ў гэтым яшчэ адно пацверджанне таго, што яны не адны ў сваёй веры, што іх чуе і бачыць увесь Касцёл — ад маленькага Лебедзева да Рыма.  

Свята працягвалася на тэрыторыі касцёла: гучала музыка, працавала палявая кухня ад братоў капуцынаў з манастырскім пловам, для дзяцей былі падрыхтаваны гульні ад валанцёраў дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».  

550 гадоў — гэты юбілей стаў сведчаннем таго, што вера, якую перадавалі пакаленні, застаецца жывой. Яна не захоўваецца ў музеях і не апісваецца толькі ў падручніках — яна жыве ў сэрцах людзей, якія штодня абіраюць Бога.
 

Як нагадаў брат Андрэй Жылевіч, парафія стаіць не дзякуючы сценам, а дзякуючы людзям — тым, хто маліўся, верыў, будаваў і прыходзіў, калі было цяжка, і калі было радасна. 

На завяршэнне біскуп Юрый Касабуцкі выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці, і благаславіў усіх прысутных: «Я дзякую Богу за тое, што мне дадзены гэты дзень быць разам з вамі. І я благаслаўляю вас ад усяго сэрца — вашы сем’і, вашых дзяцей, вашых памерлых, усю вашу парафію. Няхай Сэрца Езуса заўсёды будзе вашым домам, а Марыя — вашай лесвіцай на неба».

Гэтыя словы сталі моцным завяршэннем юбілейнага дня, які аб’яднаў мінулае, сучаснае і будучае ў адзіную гісторыю веры. А ў сэрцах вернікаў засталася ўпэўненасць: мы не адны. Езус з намі. Марыя вядзе нас. Дух Святы дае сілу. Бо самая вялікая місія — гэта наша жыццё. Кожны дзень. Кожны момант.