Skip to main content

“Зразумець і цаніць велізарную ласку Уваскрасення Хрыстовага” заклікаў арцыбіскуп Станеўскі падчас літургіі Пасхальнай Вігіліі

30 сакавіка
  • 31 сакавіка, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Youtube-канал “Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску”

Сёлета 29 сакавіка прыпадае Вялікая Субота. Гэта дзень, у якім Касцёл знаходзіцца ў малітоўным чуванні пры магіле Пана, чакаючы Яго Уваскрасення. Менавіта чуванне (з лац. vigilia) і дало назву Пасхальнай літургіі, якая традыцыйна распачынаецца ў гэты дзень позна ўвечары, калі наступае цемра, і заканчваецца ноччу. У гэты дзень у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску цэлебрацыю Пасхальнай Вігіліі ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Разам з ім святую Імшу канцэлебравалі святары, сярод якіх былі тыя, якія прыехалі здалёк, каб разам раздзяліць радасць супольнасці з Уваскрослым Хрыстом.

Пасхальная Вігілія падзяляецца на чатыры часткі. Першая, якая называецца Літургіяй Святла, распачынаецца звонку святыні. Галоўны цэлебрант зрабіў прыгатаванне пасхала, вялікай свечкі, якая сімвалізуе Уваскрослага Хрыста, а потым запаліў яго ад вогнішча, якое загадзя распальваецца. Затым ён напоўніў кадзіла вуглямі з вогнішча і, засыпаючы кадзіла пахучым рэчывам, вырушыў разам з міністрантамі і святарамі да алтара.

Падчас працэсіі пасхал нёс кс. Андрэй Бурак, вікарый архікатэдральнай парафіі. Ён тройчы затрымліваўся і спяваў заклік: “Святло Хрыста”, на што вернікі адказвалі: “Дзякуем Богу”. Пасля пастаноўкі пасхала на месца загучаў спеў ўрачыстага Велікоднага Паслання – “Exultet”, якое выканаў кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч архікатэдральнай парафіі.

Другая частка – Літургія слова – прадугледжвала прачытанне трох чытанняў са Старога Запавету, якія распавядалі пра стварэнне свету Богам, пераход ізраэльцян праз Чырвонае мора і збаўленне Выбранага народу, якое прадказаў прарок Ісая. Пасля кожнага чытання выконваўся адпаведны псальм або біблійная песня, што завяршалася канцавой малітвай галоўнага цэлебранта. Затым пад гучанне касцёльных званоў і алтарных званкоў парафіяльны хор “Gloria” выканаў урачысты спеў гімна “Хвала на вышынях Богу”. Пасля імшальнай малітвы “Калекты” была прачытана “Epistula” – фрагмент з Паслання да Рымлянаў апостала Паўла. Пасля спеву Псальма з рэфрэнам “Аллелюя, аллелюя, аллелюя” кс. канонікам Юрыем Ясевічам, асабістым сакратаром арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, быў прачытаны фрагмент Евангелля.

Іерарх распачаў (і завяршыў) сваю гамілію патройным заклікам: “Хрыстус Уваскрос!”, на што вернікі аднагалосна адказалі: “Сапраўды Уваскрос!” У слове “сапраўды” заключана сцвярджэнне гістарычнага факту Уваскрасення Хрыста, які адначасова з’яўляецца фундаментам хрысціянскай веры. Паводле слоў, узятых з Першага Паслання да Карынцянаў апостала Паўла: “Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная” (1 Кар 15, 14).

Уваскрасенне Хрыста адкрывае перад людзьмі канчатковую мэту іх існавання,” – сказаў арцыбіскуп Станеўскі, працягваючы гамілію. Бог не чыніць нас нявольнікамі, але чакае, “каб мы былі соллю, якая надае смак, каб былі святлом, у якім людзі ўбачаць Добрую Вестку”. Наш Збаўца адкрыў перад намі цудоўную перспектыву жыцця вечнага. “Хрыстус уваскрос не для таго, каб нам даць добры прыклад, але Езус у сваім Целе прадстаўляе як бы пэўны шлях, якім Ён хоча весці ўсіх тых, хто Яму давяраецца”.

Хрыстус паказаўся вучням не ў выглядзе нейкага прывіду, але ў рэальным целе, паказваючы свае раны. Таму папа Францішак паўтарае сучаснікам: “Christus vivit!” – “Хрыстус жыве!” “Ён жыве і хоча, каб ты жыў. Менавіта гэта з’яўляецца радасцю Евангелля. Таму для нас Уваскрасенне Хрыста не з’яўляецца пераходам з зімовай спячкі да веснавога абуджэння…, але з’яўляецца прадвесцем таго, што з намі станецца ў рэальнасці”. Мы верым у тое, што калісьці будзем уваскрэшаныя. Такім чынам, Вялікдзень – гэта свята веры. Каб убачыць Уваскрослага Хрыста, неабходна пачуццё веры. “Мы павінны пакінуць камень і магілу”, гэта значыць, узняцца над тым, што паглынае нашыя сілы, засланяючы нам духоўную рэчаіснасць. Уваскрослы аб’явіцца нам тады, калі мы, як Пётр, адмовімся ад самаўпэўненасці і нашых чалавечых разлікаў і станем перад Ім у праўдзе; калі мы, як Ян, станем у малітоўнай пакоры, каб адкрыць Яго таямніцу; калі мы будзем мець такую цярплівасць, адданасць і любоў, Марыя Магдалена.

Уваскрасенне дае нам надзею. “Уваскрэснем жа і мы!” – заклікаў арцыбіскуп Юзаф, – “бо мы не з’яўляемся толькі звычайнымі біялагічнымі істотамі, існаванне якіх заканчваецца ў моманце смерці. Мы – людзі, у якіх адлюстроўваецца духоўны вобраз і прыгажосць Бога”. Уваскрасенне – гэта жыццё вечнае. Таму адзін тэолаг трапна назваў Вялікдзень “рыўком да жыцця”.

Вялікдзень – гэта таксама Свята любові. Пасля ўваскрасення вера і надзея не будуць патрэбныя, застанецца толькі любоў. Сёння сучасныя тэхналогіі, выкарыстаныя супраць чалавека, дазваляюць знішчыць усе яго дасягненні ў імгненні вока. “Які сэнс нашага жыцця?” – задаецца пытаннем іерарх. Евангелле паказвае, што ён у чалавека “боскі”. Гэта азначае, то яму патрэбна штораз лепей пазнаваць Бога адзінага ў Тройцы. Праз усё, што здараецца ў нашым жыцці, Бог кліча нас, каб мы выканалі запаведзь любові Бога і бліжняга. Святы Ян Хрызастом раіў: “Хочаш быць шчаслівым – не грашы, калі зграшыў – пакайся, не хочаш каяцца – тады будзь гатовым да цярпенняў”. Чалавек знойдзе збаўленне толькі тады, калі будзе яднацца з Хрыстом праз шчырае пакаянне і навяртанне.

Мэта нашага жыцця – гэта еднасць з Богам. Езус ужо тут на зямлі паказвае нам дарогу да гэтай мэты. Гэтая дарога – Ён сам. Апошнім часам моладзь у інтэрнэце распаўсюджвае заклік: “Не кажы Богу, што ў цябе вялікія праблемы. Скажы праблемам, што ў цябе вялікі Бог”. Трэба даверыцца Богу, а не баяцца праблем і выклікаў. Спакой, якога так не хапае свету, з’яўляецца самым каштоўным дарам Езуса Хрыста для нас. Аднак ён не станецца нашай уласнасцю без нашай супрацы з Ім.

Напрыканцы мітрапаліт заклікаў удзельнікаў цэлебрацыі словамі малітвы св. Яна Паўла ІІ, каб яны імкнуліся “зразумець і цаніць велізарную ласку Уваскрасення Хрыстовага”, бо без уваскрасення перамагае смерць, а сэнс жыцця застаецца для чалавека таямніцай.

Пасля гаміліі распачалася Літургія Хросту. Спеў Літаніі да Усіх Святых прыпомніў прысутным, што яны нябачнымі повязямі праз Божую ласку злучаныя са Святымі, якія заступаюцца за імі перад Богам. Затым словамі малітвы галоўнага цэлебранта была асвячана вада для сакрамэнту Хросту, які затым з рук арцыбіскупа Станеўскага прынялі двое дарослых кандыдатаў – катэхуменаў. Адказваючы на пытанні разам з кандыдатамі да Хросту, вернікі з запаленымі свечкамі аднаўлялі свае хросныя абяцанні, а затым былі акропленыя пасвячанай вадой.

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі склаў прысутным велікодныя пажаданні. Дзякуючы святарам і вернікам за іх прысутнасць, іерарх прасіў, каб яны перажывалі велікодны час як сведкі Уваскрасення Хрыста, апосталы Пётр і Ян, якія ўбачылі, паверылі і распавядалі пра гэта іншым, каб яны неслі Хрыста бліжнім і дзяліліся з імі радасцю Уваскрасення.