Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў аб стане свайго здароўя і падзякаваў усім, хто за яго маліўся

17 сакавіка
  • 17 сакавіка, 2025
  • Catholicminsk.by

17 сакавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч запісаў адмысловы відэазварот да вернікаў праз Youtube-канал партала Catholic.by.

Іерарх паведаміў, што 2 гады таму ў яго выкрылі рак скуры (меланому). Па выніках даследавання яму была зроблена аперацыя па выдаленні пухліны. Затым ён рэгулярна праходзіў абследаванне ў анкацэнтры.

“Два тыдні таму падчас кантрольнай праверкі выявілася, што ў мяне ёсць метастазы, якія пайшлі на лёгкія”, – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш.

Пасля гэтага яму прызначылі курс хіміятэрапіі, які ён неадкладна пачаў праходзіць.

Арцыпастыр падзякаваў католікам і ўсім людзям добрай волі за малітву ў яго інтэнцыі. Узгадваючы перыяд Вялікага посту, які перажывае Касцёл, ён падкрэсліў, што вернікі павінны “суперажываць Езусу, які цярпеў за нас і нашыя грахі, і нашыя цярпенні ахвяраваць таксама за нашае навяртанне, за поспех людзей у іх духоўным адраджэнні і таксама за нашу краіну”.

Напрыканцы звароту заслужаны іерарх пажадаў ўсім Божага благаслаўлення на добрае перажыванне Вялікага посту і здароўя душы і цела.

Нагадаем, што 13 сакавіка ў мінскім катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, канонікі Катэдральнага капітула, святары, манаскія асобы і вернікі маліліся аб выздараўленні для Папы Францішка і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.