У гадавіну абрання Папы Францішка ў Мінску памаліліся аб здароўі для Пантыфіка і арцыбіскупа Кандрусевіча
- 14 сакавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Крысціна Ефімовіч // Catholicminsk.by
13 сакавіка адзначаецца 12-я гадавіна абрання Папы Францішка на Пасад святога Пятра. Гэтая падзея стала нагодай для малітвы аб аздараўленні для Пантыфіка, які праходзіць лячэнне ў рымскай клініцы “Джэмэлі”, а таксама для арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які хварэе анкалагічным захворваннем і ў той момант праходзіў сеанс хіміятэрапіі.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На Эўхарыстыі былі прысутныя таксама біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, монсіньор Кшыштаф Сэрока, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі, канонікі Катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кансэкраваныя асобы, а таксама вернікі, якія адгукнуліся на малітоўны заклік і прыбылі ў святыню.






Вітаючы прысутных, арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на пастарал, з якім ён ішоў у працэсіі да алтара. Гэты знак пастырскай улады належыць яго папярэдніку на біскупскай катэдры, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Арцыпастыр заклікаў узнесці свае малітвы аб аздараўленні для дастойнага іерарха.

Гамілію прамовіў ксёндз канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах. На пачатку святар прыгадаў фрагмент з Дзеяў Апосталаў (12, 1-11), у якім увесь Касцёл рупліва маліўся за апостала Пятра, якога кінулі ў вязніцу. Тады ўначы прыйшоў анёл Пана і вызваліў Пятра. Бог пачынае асаблівым чынам дзейнічаць, калі Касцёл, згуртаваны на малітве, рупліва Яго аб нечым просіць. Таму для тых, хто да малітвы падыходзіць з верай, яна мае вялікую моц.

Ксёндз Ігар, які з’яўляецца дыяцэзіяльным мадэратарам Апостальства дапамогі душам чысцовым, узгадаў, што нярэдка вернікі просяць яго памаліцца ў інтэнцыі “аб дараванні грахоў і шчаслівую смерць”. Памерці ў стане асвячальнай ласкі, паводле слоў прапаведніка, — гэта найбольшая ласка, якую чалавек можа сабе выпрасіць у Бога, таму што гэты стан азначае збаўленне.
Наступным чынам святар звярнуўся да малітвы каралевы Эстэры з першага чытання, прызначанага на гэты дзень, якая казала: “А нас вызвалі ад рук непрыяцеляў нашых; змяні плач наш у радасць і боль наш — у здароўе” (Эст 4, 17). Яна ўпала на зямлю перад Богам, прынізіўшы сябе, і рупліва малілася “ад раніцы да вечара”.
Узгадваючы словы Хрыста з Евангелля, прапаведнік вызначыў трыяду дзеясловаў, якія акрэсліваюць нашыя дзеянні падчас малітвы: “прасіце“, “шукайце” і “стукайце” — найперш у адносінах да нашага збаўлення.

У першым тыдні Вялікага посту літургія слова вучыць нас маліцца. Для гэтага, паводле слоў прамоўцы, трэба спачатку ўстанавіць добрыя адносіны з Богам і прасіць у Яго аб тым, у чым мы маем патрэбу, настойліва, з моцай. Затым варта ў малітоўнай просьбе далучыцца да хору святых на нябёсах, якія будуць маліцца разам з намі і заступацца за нас перад Богам. І, урэшце, трэба ўзяць сабе за Настаўніцу малітвы Найсвяцейшую Панну Марыю Балесную, якая запэўнівае, што заўсёды будзе разам з намі ў розных жыццёвых сітуацыях.
Напрыканцы гаміліі ксёндз канонік Лашук звярнуў увагу на абраз Маці Божай, які быў падараваны святым Янам Паўлам ІІ мінскаму архікатэдральнаму касцёлу з нагоды 90-годдзя кардынала Казіміра Свёнтэка. Святар заахвоціў кожнага прысутнага ў святыні звярнуцца да Марыі аб заступніцтве за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, каб ён мог далей працягваць служэнне Божаму Касцёлу.


Перад благаслаўленнем на заканчэнне святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў словы адгартацыі Папы Францішка Christus vivit: “Хрыстус жыве і хоча, каб ты жыў. (…) Хрыстус з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету”. Паводле слоў арцыпастыра, Папа нагадвае сучасным людзям, каб яны усвядомілі сабе, што ўсе мы – браты і сёстры і таму павінны жыць у міры, згодзе і прабачэнні. Пантыфік таксама заклікае не баяцца быць святымі і не пераставаць імкнуцца да святасці.

Арцыпастыр пераказаў вернікам словы падзякі ад арцыбіскупа Кандрусевіча за малітву і падтрымку ў нялёгкую хвіліну яго жыцця.
Завяршальнымі словамі іерарха было пажаданне, “каб мы Крыжа Пана не баяліся і ў Крыжы знаходзілі збаўленне і сілы для пілігрымавання ў будучыню”.
