Skip to main content

Зварот арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа

29 снежня
  • 28 снежня, 2024
  • Тэкст: Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, фота ілюстрацыйнае // Catholicminsk.by

Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ЗВАРОТ
на свята Святой Сям’і
29 снежня 2024 года

Умілаваныя браты і сёстры!

У Свята Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа — сардэчна вітаю ўсіх вас. Складаю мае самыя шчырыя пажаданні і віншаванні асабліва ўсім нашым сем’ям: сёння вашае свята, ваш дзень удзячнасці Богу за тое, што дазваляе нам дзяліцца любоўю і ўдзельнічаць у стварэнні новай рэчаіснасці і новага жыцця, нашай будучыні. Бо і Касцёл — гэта сям’я сем’яў, і Дзяржава — сям’я сем’яў.

Мае дарагія, некалькі дзён таму мы святкавалі Божае Нараджэнне, асаблівую падзею ў жыцці хрысціянаў. І сёння нас не пакідае гэтая атмасфера радаснага захаплення любоўю Бога да чалавека. Сімвалічныя яселькі нагадваюць нам, што 2000 гадоў назад уцелаўлёны Бог, Езус Хрыстус, выбраў чалавечую сям’ю, каб прыйсці да кожнага чалавека і навучыць яго любіць.

Сёння, у нядзелю (свята) Святой Сям’і, хочацца паразважаць над гэтым вялікім дарам Пана Бога, над Яго любоўю да нас. Хрыстус не баяўся любові, а ў поўнай меры адкрыў чалавеку праўду пра Бога, які ёсць любоў. У Лісце да сем’яў святы Ян Павел ІІ пісаў: «Адзінародны Сын, адзінасутны Айцу, “Бог ад Бога і святло ад святла”, увайшоў у гісторыю людзей праз сям’ю: “Бо Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам аб’яднаўся з кожным чалавекам. Ён працаваў чалавечымі рукамі, думаў чалавечым розумам, дзейнічаў чалавечай воляй, любіў чалавечым сэрцам. Народжаны з Дзевы Марыі, Ён сапраўды стаў адным з нас, падобны да нас ва ўсім, акрамя граху”» (Gaudium et spes, 22). Як сведчыць Евангелле, Бог сапраўды жыў сярод нас, у нашых сем’ях.

Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, хрысціянская сям’я — гэта супольнасць веры, надзеі і любові (пар. ККК 2204). Сямейнае жыццё, прыклад якога мы чэрпаем з жыцця Марыі, Юзафа і Езуса, павінна быць жыццём любові — той любові, якая гатова прабачаць і заўсёды гатова ахвяравацца дзеля іншых.

Слова сям’я, у адпаведнасці з сучасным вызначэннем, азначае супольнасць, якая паклікана да развіцця індывідуальнага і грамадскага жыцця. Сям’я з’яўляецца першай і найважнейшай супольнасцю ў жыцці чалавека. Адна з вядомых цытатаў Святога Яна Паўла ІІ гучыць вельмі прароча: «Сям’я, моцная Богам, становіцца сілай чалавека і сілай ўсяго народа». Сапраўды, у гэтых словах змешчана не толькі мэта сям’і, створанай Богам, але і гарантыя шчаслівай будучыні ўсяго народа, а значыць, кожнай краіны, дзе жывуць верныя Хрысту людзі.

З Евангелля мы ведаем, што Юзаф і Марыя былі першымі, хто адкрыў Езусу праўду пра Божую любоў. Яны выканалі ўсе патрабаванні Закона, распачаўшы тым самым працэс выхавання маленькага Езуса. Дзякуючы іх намаганням і ласцы Бога Айца Езус рос, развіваўся і напаўняўся мудрасцю (Лк 2, 39-40). У Марыі і Юзафе, якія схіляюцца над маленькім Езусам, мы адкрываем таямніцу сямейнай любові — трэба знайсці час, каб затрымацца, паразмаўляць, будаваць трывалыя сувязі. Святая Сям’я, як вядома з біблейскіх апісанняў, не мела вялікай маёмасці. Аднак кожны раз, калі ўглядаемся ў яселькі, мы адкрываем радасць бацькоў, якія з захапленнем глядзяць на Божае Дзіцятка і, нягледзячы на холад, яны задаволеныя сабой, шчаслівыя любоўю і прысутнасцю Бога сярод іх. Напэўна, кожная сям’я мае ў сабе нешта ад гэтай Сям’і з Назарэта. Таму, у кожнай сям’і трэба выхоўваць гэтае захапленне любоўю. Бо там, дзе ёсць любоў, там няма адзіноты.

Браты і сёстры. Калі ў сужэнстве будзе любоў, заснаваная на Божай любові, то гэтай сям’і заўсёды будзе лягчэй пераадольваць усе нягоды і праблемы. Мы ўсе павінны ўсведамляць, што хрысціянская сям’я павінна быць прыкладам любові і еднасці, прыкладам для іншых сем’яў. Бо ў еднасці сям’і адлюстравана айцоўская любоў, якою Бог адарыў і адорвае нас, спасылаючы свайго Адзінароднага Сына, ахвяраваўшы за збаўленне грэшнага чалавецтва Яго цярпенні на Крыжы.

У тых сем’ях, дзе Бог на першым месцы, а жыццё ў сям’і заснавана на ўзаемнай любові, лягчэй перажываюцца штодзённыя клопаты. Вера дае сілы, з верай лягчэй у кожны момант жыцця. І памятайма, што сям’я — гэта першая крынічка веры, з якой дзеці будуць чэрпаць любоў і надзею праз усё сваё жыццё. У сям’і мы закладваем падмурак таксама і для асноваў будучай сям’і, якую створаць нашыя дзеці. Бо менавіта з сям’і дзеці атрымліваюць першыя базавыя вартасці. Калі дзеці бачаць, што іх бацькі разам моляцца, калі ўся сям’я разам ідзе ў касцёл, то тады яны адчуваюць сябе часткай сваёй першай супольнасці — сям’і. Дзеці, падкрэсліваў Ян Павел ІІ, — гэта самы каштоўны дар сужэнства і яго вянец (гл. FC 14), а сям’я — гэта камунія. «У сям’і, народжанай з сакрамэнту, Касцёл знаходзіць сваю калыску і месца, дзе ён уваходзіць у пакаленні, а яны складаюць Касцёл» (FC 15).

Разважаючы Евангелле, мы можам вылучыць пэўныя рысы і вартасці Святой Сям’і: чуласць, клопат, любоў, місія-пакліканне, адносіны да Бога, веданне Святога Пісання, катэхэза — Езус ведаў Святыя Кнігі вельмі добра, рэлігійныя практыкі — яны рэгулярна хадзілі ў Ерузалемскую святыню. Усе гэтыя каштоўнасці павінны быць характэрнымі для кожнай хрысціянскай сям’і і іх трэба пастаянна практыкаваць і развіваць.

Безумоўна, прыкладам для ўсіх сем’яў чалавецтва з’яўляецца Святая Сям’я. Адданая, прысвечаная Богу Сям’я, якая рэалізуе Яго планы, з’яўляецца супольнасцю, камуніяй жыцця і любові ў вернасці, школай любові і служэння бліжнім і Богу; гэта «малы Касцёл», «ячэйка грамадства», задуманая самім Богам. Сям’я — гэта першая і часта самая важная прастора, дзе фарміруецца нашае сумленне, маральнасць і рэлігійнасць. У сённяшні час сапраўднага крызісу базавых маральна-этычных каштоўнасцяў сямейны дом з’яўляецца месцам, дзе новыя пакаленні маюць магчымасць пазнаваць Бога. У адгартацыі Familiaris Consortio (пра заданні хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце) Папа Ян Павел ІІ падкрэслівае, што толькі прыняцце Евангелля Хрыста дазваляе, каб споўніліся ўсе надзеі, якія чалавек слушна ўскладвае на сужэнства і сям’ю. Сужэнства і сям’я павінны быць унутрана скіраваныя да рэалізацыі ў Хрысце, таму «ім патрэбна Яго ласка для аздараўлення ад ранаў граху і вяртанне да «пачатку», гэта значыць, да поўнага пазнання і цалкавітага выканання Божага замыслу». Таму, калі мы дзесьці страцілі сэнс сужэнства і сям’і, мы, безумоўна, страцілі і Езуса. Але Езус заўсёды дазваляе нам Яго знайсці, не дакарае, толькі проста вяртаецца з намі дадому, пад сямейны дах, бо гэта Яго сям’я, заснаваная ў Яго імя і асвечаная Яго благаслаўленнем. Святы Ян Павел ІІ, якога называюць “Папам сям’і”, падкрэсліваў: «Сям’я — гэта шлях Касцёла. Сям’я арганічна знітаваная з народам, а народ — з сям’ёй» (пар. Ліст да сем’яў, 2, 17, 1994).

Вялікі прыхільнік сем’яў Папа Бэнэдыкт XVI раіў: «Дарагія сем’і, часта прасіце аб дапамозе Панну Марыю і святога Юзафа, каб яны навучылі вас прымаць Божую любоў так, як яны яе прынялі. Безумоўна, нялёгка, асабліва сёння, жыць вашым пакліканнем, але рэальнасць любові цудоўная, гэта адзіная сіла, якая сапраўды можа перамяніць свет» (Мілан, 3 чэрвеня 2012 года).

Папа Францішак нагадвае: «Сем’і павінны ўсведамляць, што яны з’яўляюцца не проста аб’ектамі душпастырскай і грамадскай апекі, але актыўнымі “суб’ектамі, адказнымі за будаванне Касцёла і ўдзел у жыцці грамадства”. Вось чаму, па словах папы Францішка, задача сем’яў — будаваць масты паміж пакаленнямі, каб перадаваць каштоўнасці, якія будуюць чалавецтва. Патрэбна новая творчасць, каб сярод сучасных выклікаў захаваць каштоўнасці, якія робяць нас народам у грамадстве, а ў Касцёле — народам Божым.

Няхай у гэты святочны перыяд, у сённяшняе свята Святой Сям’і, не будзе недахопу радасці ад таго, што мы знайшлі Езуса ў святыні, у ясельках, знайшлі Яго ў сакрамэнтах. Няхай у нашай сям’і запануе сапраўдная радасць, шчасце і Божы спакой.

На кожны дзень надыходзячага новага Юбілейнага 2025 Года шчырым сэрцам благаслаўляю:
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі