Skip to main content

Знішчыць грэх cловам: як у мінскай парафіі святога Роха праходзяць біблійныя сустрэчы

  • 20 сакавіка, 2026
  • Тэкст і фота: Кірыл Сіняковіч – Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля // Catholicminsk.by

У мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), што на Залатой Горцы, рэгулярна адбываюцца сустрэчы людзей, якія маюць жаданне перамагчы асабісты грэх з дапамогай святых тэкстаў. Суполка пад назвай «Удзячныя» аб’ядноўвае вернікаў рознага ўзросту і стварае сапраўднае каталіцкае згуртаванне, дзе старажытныя радкі Старога Запавету становяцца інструкцыяй для сучаснага жыцця.

Такія спатканні праводзяцца пад патранажам пробашча парафіі ксяндза каноніка Юрыя Санько, пачынаючы ад самага пачатку восені і да сканчэння вясны. Месца правядзення — недалёка ад цэнтра горада. Літаральна за хвіліну хады ад касцёла знаходзіцца метро, што вельмі зручна для тых, хто пасля працоўнага дня спяшаецца на сустрэчу з Богам, каб разам паразважаць над вечным.

Спатканні пачынаюцца пасля вячэрняй святой Імшы. Перад слухачамі ўсталёўваюць вялікі экран і праектар. У касцёле пануе атмасфера поўнай пакоры перад cловам Пана, а запаленыя свечкі і падсветленыя фігуры Маці Божай і святога Роха надаюць усяму, што адбываецца вакол, дадатковы арэал таямнічасці.

Адзінства святара і свецкіх

Тут існуе жывое ўзаемадзеянне святара і свецкага верніка: практычна ўся падрыхтоўка і правядзенне чарговай сустрэчы кладуцца на плечы залатагорскага парафіяніна спадара Васіля. Усё гэта адбываецца пры глыбокім даверы і пад абавязковым кіраўніцтвам пробашча, які прысутнічае тут ад пачатку і да канца.

Спачатку кожны ахвотны моліцца ўголас, выказваючы асабістую падзяку Пану.

Затым гучыць супольная малітва і благаслаўленне на чытанне Святога Пісання, што адразу задае сустрэчы адмысловы сэнс — доўгачаканага спаткання чалавека з Богам.

Слова, што адрознівае святло ад цемры

Ксёндз Юрый жадае ўсім адкрыць сэрцы, каб праз Божае слова навучыцца адрозніваць святло ад цемры. Абраны чытальнік выразна агучвае чарговы ўрывак з Пяцікніжжа, пасля чаго пробашч дзякуе яму і пачынае разважанне.

Святар гаворыць простай і даступнай мовай: дзесьці з сур’ёзным прыдыханнем, а дзесьці з вельмі карэктным гумарам. Следам за ім над тым жа ўрыўкам разважае спадар Васіль — чалавек вельмі моцнай веры. Ён кажа інакш, чым святар, але пра тое ж самае, што надае заняткам новыя фарбы. Кожнае слова і яго значэнне прапрацоўваюцца дасканала.

Вось яна, сапраўдная касцёльная супольнасць, дзе святар і вернікі — не самі па сабе, а разам, як адна сям’я.

Спадар Васіль коратка адказаў, колькі часу ён вывучае Пісанне: «Штодзённа, больш за трыццаць гадоў». Гэта сапраўды не патрабуе дадатковых каментарыяў.

Старажытныя тэксты як люстэрка сучаснасці

Як у Пісанні Бог паступова развіваў свой народ, так і на гэтых сустрэчах слова Пана разбіраецца па кроплі, з года ў год. Гэта робіцца для таго, каб не закіснуць у руціне будняў і ўзгадаваць прагу ісці шляхам святасці.

Адказваючы на пытанне, навошта нам сёння так неабходны Стары Запавет, ксёндз Юрый тлумачыць:

«Яго нельга аддзяляць ад Новага. Тое, што сказана ў Старым Запавеце, здзяйсняецца ў Новым, і каб зразумець адно, трэба ведаць другое».

У сваіх разважаннях святар пераносіць падзеі мінулых тысячагоддзяў на сённяшні дзень. Прыводзячы прыклады з нашага жыцця, ён дапамагае ўбачыць уласныя памылкі. Высвятляецца, што нашы грахі — гэта тыя ж хібы, здзейсненыя толькі таму, што мы не паслухалі голас Бога, як дзеці часам не слухаюць свайго бацьку. Каб пазбягаць гэтага, варта штодня спазнаваць Пісанне.

Такая структура навучання дапамагае правільна будаваць еднасць Касцёла не на чутках, а на аўтарытэце Настаўніцкага інстытута Касцёла.

Духоўны бонус і крок да святасці

Калі падыходзіць час развітвацца, удзельнікаў чакае своеасаблівы духоўны бонус: пробашч загадзя зачытвае нядзельнае Евангелле, каб вернікі прыйшлі на галоўную святую Імшу ўжо добра падрыхтаванымі. Завяршаецца ўсё агульнай малітвай, падзякай Богу і неабходнымі аб’явамі. Пасля кожны можа падысці да святара і атрымаць адказы на асабістыя пытанні.

Стары Запавет адкрываецца тут як кніга жыцця для нас і пра нас, у якой мы пазнаём дабро і зло. Застаецца толькі зрабіць выбар — крок у цемру ці крок да святла, памятаючы, што зло выбраць прасцей, бо глухата да Божага слова пакідае чалавека сам-насам з хітрасцю старажытнага змея.

Матэрыял падрыхтаваў студэнт Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Кірыл Сіняковіч.