Жанчыны з раніцы Змёртвыхпаўстання Пана з парафіі ў Дзераўной у Мітрапаліта
- 10 красавіка, 2026
- Тэкст: Прэс-служба Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага / Фота: кс. кан. Юрый Ясевіч // Catholicminsk.by
Хрыстус Уваскрос!!!
З гэтым радасным і знаёмым прывітаннем звярнуліся да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага верніцы з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў аграгарадку Дзераўная Стаўбцоўскага дэканату. Гэты зварот да кіруючага іерарха не быў аформлены на паперы, як, паводле звычаю, пішуцца лісты, а наадварот, ён быў вербальным — з адчуваннем велікоднага настрою і той самай радасці, што праз вякі, пачынаючы ад Марыі Магдалены, перадаецца братам згодна з наказам Уваскрослага Пана.

Мы ведаем з аповедаў нашых бацькоў, што «велікодны час» ці «Велікодны перыяд» — гэта момант, калі мы маем узнёслы настрой, «узняты дух», бо Хрыстус сапраўды ўваскрос. Таму нашыя продкі хадзілі з хаты ў хату, ездзілі да родных і знаёмых, каб, так бы мовіць, «абудзіць душу чалавека — прынесці промень надзеі» пасля зімовага перыяду.
Слова «галоканне, валоканне» знаёма Мітрапаліту Юзафу — менавіта аб традыцыі, што існуе з незапамятных часоў у парафіі ў Дзераўной, распавялі «валачобніцы». Яны вярталіся да тых сваіх гадоў з дзяцінства, успамінаючы, як тады было добра. І казалі: дзякаваць Богу, што сёння «дух Вялікадня ў нашай парафіі і мясцовасці» застаўся.

Парафія ў Дзераўной мае вельмі багатую гісторыю. Людзі памятаюць святароў, якія служылі вернікам ў далёкія часы. Аднак, у іх памяці застаецца праца таксама і тых, хто яшчэ нядаўна крочыў у пілігрымцы да святасці разам з імі. Поўныя ўдзячнасці, яны моляцца за святара Сяргея Лянгу, які пасля больш за 20-і гадоў служэння ў Дзераўной атрымаў новы душпастырскі абавязак. Людзі памятаюць і адведваюць яго на новым месцы служэння. Аднак, вернікі таксама добра разумеюць, што парафіяльная супольнасць — гэта сям’я сем’яў, што яна жыве цяпер і тут, збіраючыся на малітву ў сваёй святыні.
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Не абышлося і без спеваў: «Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх. Песні радасна спявайце…»

Арцыбіскуп у якасці падзякі за «галоканне» расказаў верніцам з Дзераўной верш аб Уваскрасенні Пана, які яго навучыў тата больш за 40 гадоў таму.
Пасля супольнай малітвы жанчыны-«галакальніцы» з благаслаўленнем Мітрапаліта для іх і для ўсёй парафіі вярнуліся на сваю малую радзіму.
Ксёндз канонік Юрый Ясевіч
Прэс-служба Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага