Падчас святкавання Урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы ў парафіі св. Казіміра ў Маладзечне адкрылася выстава-конкурс “Мой касцёл”
- 31 мая, 2024
- Тэкст: Кацярына Савянок, фота: Алена і Вадзім Каральковы // Pio.by
Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў касцёле св. Піо парафіі св. Казіміра ў Маладзечне адкрылася выстава творчых работ пад назвай «Мой касцёл». Сваёй творчасцю адважыліся падзяліцца з дарослымі і аднагодкамі дзеці і падлеткі. Парафіянін Рыгор Мяжуеў аказаўся адзіным сярод дарослых, хто падтрымаў выставу сваёй творчасцю.
У рамках выставы быў праведзены конкурс сярод дзяцей, на які было пададзена 12 работ ад 11 удзельнікаў. 8 работ прадставілі дзеці малодшай узроставай групы (ад 8 да 13 гадоў) і 4 работы – старэйшай (ад 14 да 17 гадоў).
У асноўным былі прадстаўлены жывапісныя работы, але былі таксама графічныя работы, работа ў тэхніцы выцінанкі і работа-барэльеф, выкананы пластылінам. “Цудоўна, што ўсе мы розныя і бачым нашу святыню па-свойму, у розных колерах і ракурсах. Усім нам падабаецца рознае. Але відавочна, што ёсць тое агульнае, што нас усіх яднае, і дзяцей, і дарослых, – а менавіта наша вера і наша любоў да гэтага месца, да касцёла”, – дзеляцца сваімі ўражаннямі дарослыя.
У склад журы, якое ацэньвала работы канкурсантаў, ўваходзілі:
Лізавета Чырвонцава – мастак, удзельніца шматлікіх выставаў, у тым ліку персанальных, выкладчык аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, народны майстар Рэспублікі Беларусь. Асноўны напрамак творчасці – выцінанка. Пацікавіцца работамі і дзейнасцю сп. Лізаветы можна на яе старонцы ў Інстаграм.
Рыгор Мяжуеў – сябар Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх выставаў, у тым ліку персанальных, выкладчык малюнка і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна.
Марыя Туровіч – малады педагог мастацкай студыі “АртКлас” Мінска. Яе работы можна пабачыць у мясцовым кляштары братоў капуцынаў.
Алена Вайда – педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Алена таксама праводзіць заняткі ў рамках валанцёрскага праекту “Век жыві, век вучыся” парафіяльнага Caritas.
Кампетэнтнае журы выдзеліла як пераможцаў наступных удзельнікаў.
Малодшая група:
Дыплом 1 ступені – Бажэна Карпіновіч, 13 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 2 ступені – Павел Руткоўскі, 13 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 3 ступені – Ксенія Раманоўская, 11 гадоў, работа ў стылі выцінанкі.
Старэйшая група:
Дыплом 1 ступені – Стэфанія Падкарытава, 17 гадоў, 2 работы ў розных стылях.
Дыплом 2 ступені – Віялета Тулько, 14 гадоў, жывапісная работа.
Дыплом 3 ступені – Антон Квяцінскі, 14 гадоў, графічная работа.
Вынікі конкурсу і ўручэнне падарункаў і дыпломаў адбылося падчас святкавання завяршэння навучальнага года. Першыя, другія і трэція месцы атрымалі ў якасці прыза падарункавыя сертыфікаты у арт-магазін “Багет”, а кожны ўдзельнік конкурсу – салодкі прыз і адмысловы кубак.
Кубкі з выявамі работ удзельнікаў, а таксама самі работы могуць набыць усе жадаючыя.