У маладзечанскай парафіі святога Казіміра адсвяткавалі завяршэнне навучальнага года
- 31 мая, 2024
- Тэкст: Ірына Фаміна, Кацярына Савянок, фота: Алена і Вадзім Каральковы // Pio.by
Ва Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 26 мая, пасля святой Імшы а 12:00 адбылося свята на завяршэнне навучальнага і катэхетычнага года, якое арганізавалі браты капуцыны і сёстры місіянеркі Святой Сям’і разам з актыўнымі парафіянамі.
“Аладкавая” брыгада валанцёраў парафіяльнага Caritas выпякала аладкі, за якімі традыцыйна цягнулася чарга. Таксама вернікі выстраіліся за салодкай ватай, прыгатаванай з любоўю, якой частавала парафіянка Вікторыя.
Салодкі стол, забаўляльную праграму для дзяцей, раздачу кваса, марозіва забяспечыла каманда аніматараў сястры Кацярыны, якая сама актыўна ўдзельнічала ў забавах. У гэты час сястра Аляксандра прыглядала за дзецьмі, якія весела праводзілі час, скачучы на батутах. Некаторыя парафіяне пераапрануліся ў касцюмы казачных герояў і адмыслова ўзнімалі настрой і дзецям, і дарослым.
Гэтым разам на свята прыбылі асаблівыя госці, якія парадавалі жывой музыкай, спевамі і танцамі, – Наталля Чырвонцава, яе каманда і дзяўчаты музычнай групы “RALLA folk“. Наталля з’яўляецца актывісткай этнаграфічнага клуба “Кола”, які мае свой сайт і акаўнт у Інстаграме. На працягу года яна праводзіла заняткі па традыцыйных танцах у межах валанцёрскага праекта парафіяльнага Caritas “Век жыві, век вучыся”. Таму на свяце гучала народная музыка, а ўсе жадаючыя маглі навучыцца танчыць беларускія народныя танцы, якія паходзяць з розных мясцовасцяў. Былі таксама аб’яўлены вынікі раней аб’яўленага конкурсу малюнкаў “Мой касцёл”, пасля чаго адкрылася выстава.
Свята атрымалася па-сапраўднаму сямейнае, цікава было ўсім. Цудоўнае надвор’е і добразычлівасць прынеслі цеплыню ў сэрцы ўсіх удзельнікаў святкавання.