Skip to main content

Выстава іканапісу «Святло Раства Хрыстова» адкрылася ў Барысаве

14 снежня
  • 19 снежня, 2025
  • Тэкст і фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

14 снежня, у Трэцюю Нядзелю Адвэнта — «Нядзелю Радасці», выстава іканапісу беларускай мастачкі з Маладзечна Ядвігі Сенько адкрылася ў Барысаўскім касцёле Спаслання Святога Духа. 

Дата экспазіцыі прац мастачкі ў Барысаве была запланавана яшчэ ў студзені 2025 года разам з папярэднім пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Аляксеем Раманчуком. Цяпер з 36 працамі могуць пазнаёміцца і барысаўчане. 

Пасля святой Імшы, прадстаўляючы Ядвігу Сенько, цяперашні пробашч парафіі ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк звярнуў увагу на ролю Багародзіцы ў жыцці кожнага з нас. 

«Мы адчуваем прысутнасць Найсвяцейшай Панны Марыі на нашай бацькоўскай зямлі, бо маем 11 Марыйных санктуарыяў у Беларусі — гэтых велічных алтароў, узведзеных з удзячнасцю да Маці Божай за Яе абарону, за клопат пра нашых продкаў на працягу многіх стагоддзяў. Цяпер сваімі наведваннямі парафій Марыя нагадвае нам усім пра неабходнасць устаць і ісці насустрач Езусу. Марыя, як «ранішняя зорка», вядзе нас гэтым шляхам»,

— падкрэсліў ксёндз Уладзіслаў.

Ядвіга Сенько добра вядомая ў хрысціянскім асяроддзі мастачка, бо ўжо больш за 28 год піша біблійныя сюжэты, а таксама абразы для каталіцкіх і праваслаўных святыняў. Выставачнай дзейнасцю займаецца з 2003 года. Менавіта ў той год у родным горадзе Маладзечне, у Палацы мастацтваў адчыніла свае дзверы першая выстава карцін маладой мастачкі. А свой першы абраз «Сэрца Марыі» яна напісала ў 20 гадоў для касцёла Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў вёсцы Краснае (Маладзечанскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), які па сённяшні дзень знаходзіцца там. Шматлікія выявы святых, напісаныя Ядвігай, можна ўбачыць у каталіцкіх касцёлах і праваслаўных цэрквах нашай краіны. За творчую дзейнасць мастачкі было праведзена больш за 200 персанальных выстаў абразоў і карцін у розных гарадах Беларусі. Яе працы таксама знаходзяцца ў прыватных калекцыях ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Англіі, ЗША і Бельгіі.

Дзякуючы працы яе рук напісаны таксама 16 з 17 пілігрымуючых ужо пяты год цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі з Беларускіх санктуарыяў і не толькі. І цяпер абразы Багародзіцы працягваюць перэгрынацыю па парафіях Віцебскай дыяцэзіі, перад якімі няспынна моляцца вернікі, тым самым духоўна яднаючыся з Ёю.

«Звычайна мае карціны экспануюцца ў мастацкіх галерэях і музеях, таму тут, у вашым касцёле, я асабліва рада паказаць адзін з чатырох праектаў, прысвечаных хрысціянскай тэматыцы. З дзяцінства я памятаю глыбокую павагу да святога аблічча ікон, і цяпер, перш чым прыступіць да працы, прашу благаславення ў святых апекуноў»,

— cказала мастачка. 

Мэтай сваёй творчасці яна лічыць магчымасць праз мастацтва прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, таму што «дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць і вера ў Бога выратуюць свет». 

У чэрвені 2023 года Марыйныя абразы былі прадстаўлены на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе іх благаславіў спачылы Папа Францішак.

Ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў Папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Будслаўскай. Выкананы абраз ў форме кола, што сімвалізуе няспыннае пілігрымаванне чалавека ў гэтым свеце з мэтай аднаўлення сувязі з Творцам.

А 16 кастрычніка бягучага года абраз Будслаўскай Мадонны быў падараваны беларускай дэлегацыяй падчас прыватнай аўдыенцыі беларускіх біскупаў у Святога Айца Льва XIV.

Таксама створаны мастачкай 4 вобразы вядомых хрысціянскіх святых — братоў Кірыла і Мятода і святой Людмілы з унукам святым Вацлавам, якія з’яўляюцца апекунамі Еўропы і шануюцца хрысціянамі розных абрадаў.

Выявы святых былі створаны для экспазіцыі «Святая Людміла — «калыска» чэшскай святасці», якая ладзілася пасольствам Чэшскай Рэспублікі некалькі гадоў таму ў галерэі Чырвонага касцёла. 

Плануецца, што абразы святой Людмілы і святых апекуноў Еўропы Кірыла і Мятода будуць асвечаны чэшскімі іерархамі ў Празе.

Яшчэ адной адметнасцю «Нядзелі Радасці» стала першая анлайн трансляцыя набажэнства на YouTube канале «Голас Душы» з Барысаўскай святыні Спаслання Духа Святога. Плануецца, што яна будзе выходзіць у эфір на канале кожную нядзелю ў 09.00, 11.00 і 18.00 падчас святых Імшаў, а таксама ў святочныя дні. Сярод запісу адкрыцця выставы там можна знайсці духоўныя разважанні, сведчанні людзей аб жыцці з Богам, знаёмства з рознымі цудатворнымі вобразамі Маці Божай, значныя каталіцкія падзеі і шмат іншых цікавых тэм з хрысціянскага жыцця.

Выстава іканапісу «Святло Раства Хрыстова» у Барысаўскім касцёле Спаслання Святога Духа (г. Барысаў, вул. Гагарына, 115) будзе даступна да 9 студзеня, пасля чаго, 12 студзеня, экспазіцыя будзе паказана ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева, філіяле Крупскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея (г. Крупкі, вул. Савецкая, 2). У гэты дзень разам з каталіцкімі і праваслаўнымі святарамі і вернікамі плануюцца «Калядныя сустрэчы» — сумеснае святкаванне Божага Нараджэння.