Skip to main content

«Viva in Christo»: у Нясвіжы адбылося пахаванне мамы ксяндза каноніка Юрыя Санько

30 красавіка
  • 1 мая, 2026
  • Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

30 красавіка ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы адбылася пахавальная святая Імша за святой памяці Лілію Санько, маці ксяндза каноніка Юрыя Санько, прэс-сакратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

У жалобнай урачыстасці прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў святую Імшу, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіў гамілію, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары з розных дыяцэзій Беларусі, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія сваёй прысутнасцю і малітвай былі падтрымкай для сям’і спачылай.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, вітаючы прысутных, асабліва адзначыў аднакурснікаў ксяндза Юрыя Санько па гродзенскай семінарыі і падкрэсліў, што як былы яе рэктар цешыцца з іх салідарнасці са сваім калегам. Арцыпастыр узгадаў спачылую Лілію як тую, якая прымала ўдзел у рэкалекцыях для маці семінарыстаў і аднойчы прызналася, што любіць аднолькава сваіх траіх сыноў, не выдзяляючы нікога з іх.

Цішыню старадаўняй велічнай святыні, у сутарэннях якой захоўваюць маўчанне пахаваныя там прадстаўнікі знакамітага роду Радзівілаў, «парушыў» спеў псальмаў з Ютрані за памерлых, які вёў ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі і пробашч мінскай архікатэдры.

Напачатку гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выразіў спачуванне ксяндзу Юрыю, яго братам Аляксандру і Уладзіміру, усім родным і блізкім, і заахвоціў усіх прысутных маліцца і прыняць святую Камунію за памерлую Лілію. Іерарх адзначыў, што асабліва сынам нялёгка развітвацца з мамай, якая «пераказала ім Божы дар жыцця», «вучыла першым малітвам, вяла да касцёла», якая разам з памерлым 11 гадоў таму бацькам Юзафам у часы ваяўнічага атэізму «клапацілася, каб сыны выраслі людзьмі веры, а асабліва каб з гэтай сям’і выйшаў святар».

Прамоўца нагадаў прысутным, што Бог не з’яўляецца аўтарам смерці, але да яе прывёў грэх. Тлумачачы слухачам праўду пра першародны грэх, ён успомніў пра сучасныя сродкі, дзякуючы якім чалавек становіцца папулярным. «Хто не хоча сёння быць на першых старонках у інтэрнэце, у часопісах? Хто не хоча, каб пра яго гаварылі ў тэлебачанні? — спытаў арцыбіскуп. — Усе хочуць быць на нейкім п’едэстале». Адам і Ева, паводле яго, хацелі менавіта гэтай «таннай» папулярнасці, аднак «расплата наступіла імгненна». І хоць яны, а за імі ўсе людзі, сталі смяротнымі, уваскрасенне Хрыста вызваліла іх з моцы смерці. Арцыпастыр параўнаў смерць з пыласосам ці чорнай дзіркай у космасе, якія зацягваюць усё ў сябе, але не вяртаюць назад. Тым не менш, смерць, па словах арцыбіскупа, не з’яўляецца для чалавека канцом існавання.

«Праўда пра ўваскрасенне Хрыста з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрасення»,

— падсумаваў арцыпастыр.

«Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у мяне, будзе жыць вечна», (пар. Ян 11, 25) — такія словы напісаны на грэчаскай мове на пустой магіле ў Базыліцы Гроба Пана ў Ерузалеме. «Гэтыя словы добра ведала святой памяці Лілія», — сцвердзіў прамоўца і прывёў канкрэтныя факты з яе жыцця: яна падтрымлівала сына Юрыя, калі ён быў у семінарыі, не выпускала з рук ружанец, молячыся за сябе і за сваю сям’ю. «Дзякуем табе, Лілія, за твой клопат пра святароў. Дзякуем табе таксама за выхаванне сваіх дзяцей у веры, надзеі і любові», — з хваляваннем прамовіў іерарх.

Асаблівым чынам ён падзякаваў спачылай за ксяндза Юрыя, які, паводле яго слоў, з’яўляецца адным з найбольш папулярных святароў на Беларусі — працуе ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, рэалізуе шмат спецыяльных душпастырскіх ініцыятываў (аўтапілігрымкі, курс «Альфа», курс па вывучэнні Святога Пісання, шматлікія выставы, фестывалі, конкурсы і г.д.), будучы пробашчам парафіі на Залатой Горцы ў Мінску, а таксама вядзе Youtube-канал «PAX.TV» з цікавым каталіцкім кантэнтам.

Праўду пра Хрыста, які ёсць святло і збаўленне (пар. Пс 27 (26), 1), а таксама дарога, праўда і жыцце (пар. Ян 14, 6), Лілія прысвоіла сабе гэтую праўду і ішла за ёй праз усё сваё жыццё, канстатаваў арцыпастыр. Ён завяршыў сваю гамілію воклічам, скіраваным да памерлай Ліліі, які першыя хрысціяне пісалі на магілах сваіх блізкіх:

«Viva in Christo!» — «Жыві ў Хрысце!»

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз канонік Юрый Санько ад імя сваёй сям’і і блізкіх падзякаваў іерархам, святарам і ўсім прысутным за супольную малітву. Словы асаблівай удзячнасці ён выказаў у адрас пробашча нясвіжскай парафіі ксянда каноніка Пятра Шарко, які з 2019 па 2026 гады прыязджаў да Ліліі, якая не магла хадзіць у касцёл, з сакрамэнтамі пакаяння, святой Камуніі і намашчэння хворых. Святар выказаў спадзяванне, што яго памерлая мама і надалей будзе ўзносіць да Бога малітвы за сваіх дзяцей, як рабіла гэта, жывучы на зямлі.

Затым арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пераказаў словы спачування ад Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, які па паважлівых прычынах не змог прысутнічаць на пахаванні.

Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзялілі прысутным біскупы, настаў кранальны момант «апошняга развітання», абрады якога правёў біскуп Юрый Касабуцкі. Затым у развітальнай працэсіі пад спеў жалобнага псальма цела спачылай было вынесена з касцёла, каб адправіцца на месца апошняга спачынку на могілках у вёсцы Мікулічы каля Нясвіжа.

Спеў велікодных песень спадарожнічаў малітвам і абрадам развітання спачылай Ліліі на могілках. Сонечны дзень, напоўнены шумам бяроз і сосен, быў для прысутных на пахаванні знакам Божага суцяшэння і надзеі на сустрэчу з нашымі памерлымі ў Божым Валадарстве.