Віншаванне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, са Святам Нараджэння Пана і Новым 2025 годам
- 24 снежня, 2024
- Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, ілюстрацыйнае фота: ave-maria.by
![](/wp-content/themes/yootheme/cache/71/nb-71b6c051.jpeg)
Тэкст Віншавання для друку ТУТ>>>
Не бойцеся! Я абвяшчаю вам вялікую радасць, <…> сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан (пар. Лк 2, 10–11).
Умілаваныя браты і сёстры!
У бліжэйшыя дні Божага Нараджэння мы адправімся ў духоўную пілігрымку ў Бэтлеемскую пячору, каб знайсці Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях (пар. Лк 2, 12), каб пабыць там з Найсвяцейшай Паннай Марыяй, святым Юзафам і пастухамі ў адарацыі Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14).
Божае Нараджэнне — гэта непаўторнае свята жыцця і надзеі. Таямніца, якую мы перажываем, дапамагае нам адчуць блізкасць Бога і адкрыцца на іншых людзей. Усіх нас любіць Бог, які з любові да кожнага з нас пажадаў жыць на зямлі: «З намі Бог» (пар. Лк 1, 22).
Бог прыходзіць, — як у той час, так і цяпер, — каб прынесці супакой людзям добрай волі. Ён пажадаў асвятліць складаныя чалавечыя шляхі, вырашыў падараваць радасць тым, каго ахапіў смутак. Хоць не ўсе пазналі Бога, які ляжаў на сене ў яслях, сваёю любоўю Ён вырашыў пераламіць ход гісторыі, клапоцячыся пра кожнага са сваіх дзяцей, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага» (пар. Ян 3, 16).
Дарагія браты і сёстры, жадаю вам перш за ўсё здароўя, пастаяннага ўзрастання ў веры, вялікай радасці ад Нованароджанага, незнішчальнага багацця, духоўнага святла і спакою ў сэрцы.
Свае пажаданні суправаджаю пастырскім благаслаўленнем на Калядныя святы і на кожны дзень Новага, 2025 Юбілейнага года хрысціянства.
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі