Вялікі пост і Рамадан: сведчанне імама і яго сына — каталіцкага святара
- 3 сакавіка, 2026
- Тэкст: Jean-Charles Putzolu et Janvier Yaméogo / Фота: Père Adrien //
- Vatican News FR
У гэтым годзе час Вялікага посту ў хрысціянстве супаў з Рамаданам у ісламе. Пра асаблівасці гэтых святых перыядаў распавядаюць а. Адрыен Савадога, член Таварыства місіянераў Афрыкі, і яго бацька, імам Аль-Хаджджы Іса, які пасля трыццаці гадоў здолеў прыняць выбар свайго сына на карысць хрысціянскай веры.
Даволі рэдка ў мусульманскай сям’і можна сустрэць дзіця, якое прыняло хрысціянства і стала каталіцкім святаром. Пра адзін з такіх выпадкаў гаворыцца ў артыкуле Жана-Шарля Пуцулу і Жанв’е Ямега з франкамоўнай рэдакцыі Vatican News.
Няпростая гісторыя распазнання Божай волі
У 1992 годзе Андрыен Савадога перажыў, «падобна, як апостал Павел», надзвычайную сустрэчу з Хрыстом, якая кардынальна змяніла яго жыццё: заахвоціла да навяртання ў хрысціянскую веру і выявіла пакліканне да святарства.
— распавядае а. Адрыен.
Яго бацька і мусульманская супольнасць адвярнуліся ад яго. Паміж імі ўзнікла глыбокая прорва.
«Я фактычна спарадзіў яго і даў яму імя прарока. Але, калі пасля вучобы ён абраў шлях Ісы ібн Мар’ям (Езуса), я спачатку не мог гэтага прыняць», — сведчыць бацька-імам.
Але Бог ужо дзейнічаў. Павольна, але ўпэўнена ён вёў іх да прымірэння.
«Мой старэйшы брат параіў мне даць яму свабоду, таму што, калі б я прымусіў яго вярнуцца ў іслам, ён рызыкнуў бы страціць усё, не належачы больш ні да адной з дзвюх рэлігій», — кажа бацька Аль–Хадждж Іса, які ў канчатковым выніку дазволіў сыну працягнуць вывучэнне тэалогіі; пасля сын вывучаў Каран.
— адзначае імам.
Аднак спатрэбілася трыццаць гадоў, каб прыйсці да гэтай прымірэнчай высновы. «Тата прызнаў, што хрысціянская вера — гэта сапраўдная, аўтэнтычная вера. Сёння ён кажа: “Сапраўды, вы, хрысціяне, ведаеце Бога”», — дзеліцца а. Адрыен.
«Мы часта ўступаем у бясплодныя спрэчкі, — працягвае яго бацька. — Але калі добра падумаць, то менавіта мы, людзі, памыляемся; Бог не памыляецца ніколі. Для нас прынясе больш карысці, калі мы будзем паблажлівыя адзін да аднаго і будзем супрацоўнічаць, а не ўступаць у непатрэбныя спрэчкі. Калі б Бог хацеў прывесці нас да няшчасця, ён бы зрабіў гэта з-за нашых рознагалоссяў і бясплодных спрэчак. Аднак на самой справе Бог не наказвае нам выступаць адзін супраць аднаго».
Рамадан і Вялікі Пост: час сустрэчы
Жартуючы пра тое, што ў гэтым годзе Рамадан і Вялікі пост супалі паміж сабой у часе, а. Адрыен успамінае пра надпіс на дзвярах аднаго манаха ў кляштары ў Солсберы ў Велікабрытаніі: «Некаторыя людзі называюць гэта збегам абставінаў, я ж называю гэта боскім супадзеннем».
Паводле яго слоў, гэтае часавае падабенства з’яўляецца для дзвюх рэлігійных традыцый запрашэннем жыць «містыкай сустрэчы», бо гэта спрыяльны час, каб прыслухацца да іншага, каб разам шукаць шлях і спосаб жыць разам у адрозненнях.
Калі слуханне Божага слова з’яўляецца цэнтральным элементам Вялікага посту, то слуханне Карана з’яўляецца цэнтральным элементам посту падчас Рамадана.
«У Заходняй Афрыцы, у Буркіна-Фасо, як і ў Малі, гэты час прысвечаны чытанню Карана. Бо гэта Божае Аб’яўленне. Менавіта таму кульмінацыя Рамадана традыцыйна прыпадае на ноч лёсу, лэйла аль-кадр, якая з’яўляецца памяццю аб спасланні Карана. Гэта інтэнсіўны момант цішыні, малітвы, слухання, пакаяння і праяўлення Божай Міласэрнасці», — тлумачыць а. Адрыен.
Паводле яго слоў, як для мусульман Рамадан з’яўляецца часам для сустрэчы з Богам, так і для хрысціян Вялікі пост з’яўляецца спрыяльным часам, каб сустрэцца з Богам і спазнаць Яго таямніцу. «Такім чынам, гэтае падабенства — гэта заклік да разважлівасці і змены нашых паводзін, каб кожны імкнуўся да дасканаласці ў сваёй рэлігіі, а не пагарджаў рэлігіяй іншых», — дадае бацька а. Адрыена.