Велікоднае віншаванне 2026 Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
- 4 красавіка, 2026
- Фота ілюстрацыйнае // Cathoicminsk.by
У вігілію Вялікадня свой віншавальны зварот да вернікаў кіруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!
Сягоння Езус уваскрос!
Непадуладным смерці стаў!
Шлях да нябёс нам паказаў.
(з верша Мар’яна Дуксы)
Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету! Касцёл з радасцю абвяшчае гэту надзею, якую Бог зрабіў моцнай і непераможнай.
Сёння мы вітаемся «Хрыстус уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды ўваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, людзі добрай волі. Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.
Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў i Марыі Магдалены з раніцы Уваскрасення, пойдзем з гэтай радаснай навіной насустрач нашым братам і сёстрам, каб і яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! (пар. Мц 28, 1-8).
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі