Валанцёры маладзечанскага парафіяльнага Caritas зладзілі мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня інвалідаў (ВІДЭА)
- 10 снежня, 2024
- Тэкст: Ігар Лапата, фота: Таццяна Сакалоўская, Ірына Фаміна // Catholicminsk.by
З нагоды Сусветнага дня інвалідаў, які адзначаецца 3 снежня, валанцёры Caritas парафіі святога Казіміра ў Маладзечне правялі некалькі мерапрыемстваў.
4 снежня яны завіталі ў госці да наведвальнікаў дзённага аддзялення Раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.
Паводле традыцыі, якая склалася, валанцёры падрыхтавалі смачныя пачастункі для кожнага наведвальніка, а таксама правялі для пастаяльцаў установы шмат цікавых конкурсаў і танцаў. Удзельнікі танцавалі і актыўна прымалі ўдзел у забаўляльнай праграме.
8 снежня валанцёры разам з братам Сяргеем Гусарам OFMCap адведалі пацыентаў Аддзялення сястрынскага дагляду ў аграгарадку Беразінскае (Маладзечанскі раён).
Акрамя добрага настрою і смачнага печыва, кожны атрымаў свой індывідуальны падарунак, які да дня ўспаміну святога Мікалая збіралі валанцёры ўласнымі сіламі.
Ніхто не застаўся без увагі: кожны чалавек мог паразмаўляць і падзяліцца жыццёвымі турботамі з братам і валанцёрамі.
Самае каштоўнае, што можа атрымаць валанцёр у адказ на сваю працу – гэта пазітыўныя эмоцыі, усмешкі і слёзы радасці, якіх было вельмі шмат на тварах прысутных.