Ва ўспамін Маці Божай Фацімскай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію ў Лельчыцах
- 14 мая, 2026
- Фота: Ала Шапялевіч // Catholicminsk.by
13 мая, ва ўспамін Маці Божай Фацімскай, у 45-ю гадавіну замаху на жыццё Папы Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Эўхарыстыю ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах (Мазырскі дэканат, Пінская дыяцэзія).
Напачатку дайстойнага госця прывіталі парафіяне і пробашч, ксёндз Віталій Мысонаў, дзекан Мазырскага дэканату. Святар нагадаў, што ў 1990 годзе іерарх, будучы Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду на Беларусі, асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла, прысвечанага Маці Божай Фацімскай, які неўзабаве паўстаў.
У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што падзеі гэтага свету адбываюцца не выпадкова, але згодна з Божым Провідам. Таму на феномен фацімскіх аб’яўленняў трэба паглядзець праз прызму нашай веры ў Божы Провід, каб паглыбіць іх сэнс і спытаць саміх сябе, ці яны яшчэ актуальныя ў наш час.
Арцыпастыр распавёў пра гісторыю і змест фацімскіх аб’яўленняў. Ён нагадаў, што ў сваіх аб’яўленнях Марыя праз трох фацімскіх пастушкоў звярталася да тагачаснага свету з просьбай маліцца на ружанцы аб міры ў свеце і навяртанні грэшнікаў. Свет, аднак, заставаўся глухім да гэтай просьбы Марыі, і тады яна аб’явіла тры таямніцы. У першай паказала пекла, куды трапляюць грэшнікі. У другой прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны, распачацце Другой і ганенні на веру. У ёй яна таксама заклікала да прысвячэння нашых зямель яе Беззаганнаму Сэрцу як умовы навяртання і наступлення міру на нейкі час.
— адзначыў іерарх .
Трэцяя таямніца была абнародаваная толькі ў 2000 годзе, і яна прадстаўляе візію крывавых ганенняў на веру і заклік анёла да пакаяння.

Арцыбіскуп адзначыў, што сітуацыя сучаснага свету ў пэўным сэнсе нагадвае тую, якая існавала ў часы фацімскіх аб’яўленняў, толькі са значна больш небяспечнымі выклікамі і на самой справе з’яўляецца драматычнай.
— прадставіў драматызм сучасных рэалій прамоўца.
На думку арцыпастыра, сучаснае чалавецтва заражанае вірусам дактрынальнага плюралізму (існуе шмат вучэнняў і кожнае з іх прымальнае), што праяўляецца ў абыякавасці ў маральных справах. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія праблемы: крызіс сям’і, амаральныя паводзіны, незахаванне Божага права, парнаграфія, эгаізм, геданізм, наркаманія, алкагалізм, фальшыва зразуметая свабода без адказнасці і г.д.
Акрамя гэтага, арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што вялікай пагрозай з’яўляюцца таксама розныя ўзброеныя канфлікты, якія Папа Францішак называў «Трэцяй сусветнай вайной у фрагментарнай форме». У сукупнасці ўсе гэты канфлікты могуць набыць глабальны характар.
Падсумоўваючы прарочы змест фацімскага паслання, прамоўца адзначыў, што фацімскую таямніцу можна абагульніць двума вельмі кароткімі сказамі: «Калі так, то ўсё будзе добра; а калі не, то наступяць жорсткія выпрабаванні».

Спасылаючыся на словы Папы Бэнэдыкта XVI, які падкрэсліваў, што прароцкая місія Фацімы не завяршылася, іерарх акцэнтаваў, што фацімскія аб’яўленні не страцілі сваёй актуальнасці і заклікаюць і сёння да малітвы і навяртання.
— настаўляў вернікаў арцыпастыр.
Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных зрабіць адмысловую пастанову быць паслухмянымі закліку Маці Божай крочыць дарогай малітвы, пакланення Яе Беззаганнаму Сэрцу, пакаяння, а таксама быць светачамі ў духоўнай цемры сучаснага свету на шляху ў новую шчаслівую будучыню.
Пасля пастырскага благаслаўлення вернікі падзякавалі арцыпастыру за прысутнасць і супольную малітву.
Эўхарыстычная працэсія па гарадскім парку побач з касцёлам, урачысты гімн Te Deum laudamus і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам сталі апошнімі падзеямі супольнага ўрачыстага святкавання.





























