Ва ўрачыстасць святога Юзафа ў Мінску адбылася святая Імша з нагоды імянін арцыбіскупа Станеўскага
- 20 сакавіка, 2026
- Catholicminsk.by
19 сакавіка, калі Паўсюдны Касцёл успамінае святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у мінскім архікатэдральным касцёле маліліся ў інтэнцыі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, у дзень яго імянін. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў сам дастойны імяніннік.
У цэлебрацыі прынялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі Сяргей Гаек, дзясяткі святароў, а таксама шматлікія вернікі.
На пачатку святой Імшы, якая распачалася спевам у гонар святога Юзафа, галоўны цэлебрант прывітаў усіх прысутных, у тым ліку прадстаўнікоў Віцебскай дыяцэзіі. Апекуну дня арцыпастыр даверыў Касцёл у Беларусі і ўсіх тых, хто яшчэ не наблізіўся да Бога.

Гамілію да прысутных прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. У ёй іерарх засяродзіўся на асобе святога Юзафа, адзначыўшы, што Евангеллі даюць вельмі скупыя звесткі пра Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.
Паводле біскупа Юрыя, беднасць звестак з Евангелля пра святога Юзафа часта выклікала зварот да апакрыфічных крыніц, якія знайшлі адлюстраванне таксама ў сакральным мастацтве і архітэктуры. Іерарх распавёў пра цікавы прыклад мазаікі ў невялікім касцёле ў Стамбуле, даўнейшым Канстанцінопалі, дзе адлюстраваны посах Юзафа, які расцвіў, калі бацькі Марыі выбіралі ёй нарачонага сярод многіх кандыдатаў. Гэта было знакам ад Бога, што Юзафу прызначана асаблівая місія — стаць апекуном Святой Сям’і.

«Юзаф быў справядлівым веруючым, але звычайным чалавекам, якому складана было ўспрымаць Божыя знакі. Аднак ён даверыў гэтую справу Пану Богу, — адзначыў біскуп Юрый. — Моцная вера, справядлівасць, самаахвярнасць — галоўныя цноты святога Юзафа».
— рэзюмаваў іерарх.
Прамоўца таксама адзначыў, што святы Юзаф з’яўляецца не толькі апекуном Каталіцкага Касцёла, але і асаблівым апекуном арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Прамоўца правёў паралелі паміж перыпетыямі лёсу святога і біяграфіяй арцыпастыра: гэтак жа, як святы Юзаф, арцыбіскуп пяць гадоў таму прыняў волю Святога Айца Францішка ўзяць апеку над сям’ёй вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Таксама яму, як святому Юзафу, даводзіцца прымаць адказныя і няпростыя рашэнні для дабра гэтай сям’і.
— адзначыў біскуп Касабуцкі і выказаў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму найлепшыя пажаданні з нагоды імянін.

Напрыканцы святой Імшы словы падзякі і віншаванняў прамовілі таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч — ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек — ад імя грэка-каталіцкай супольнасці, і кусташ Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі брат Алег Шэнда OFMCap — ад імя кансэкраваных асобаў Беларусі.






















